Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўзяліся за польскіх ксяндзоў


 Леанід Гуляка
Леанід Гуляка

Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка заявіў, што беларускія ўлады прызнаюць толькі адзін саюз палякаў, і прыгразіў выслаць з краіны чатырох польскіх ксяндзоў.

На прэс-канфэрэнцыі ў Менску ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка заявіў, што ніякіх двух саюзаў палякаў у Беларусі не існуе. Ёсьць толькі афіцыйна зарэгістраваны саюз палякаў пад кіраўніцтвам Мечыслава Лысага. Маўляў, «у неіснуючы саюз палякаў на чале з Анжалікай Арэхвай уваходзіць максымум 150 чалавек». Таксама Гуляка заявіў, што чатыром польскім ксяндзам могуць не працягнуць візы, і яны будуць вымушаныя пакінуць Беларусь. Бо падчас імшы яны, маўляў, ні слова не сказалі ні па-расейску, ні па-беларуску.

«На трохмесячнай візе на сёньня 18 чалавек, зь якіх мы маем намер працягнуць візу на 2012 год 14 ксяндзам на паўгода, а не на тры месяцы. Бо яны прымаюць меры па выкараненьні сытуацыі, дзе ім зробленая заўвага. А чатыры чалавекі пад пытаньнем. Ня выключана, што мы ім працягнем зноў на тры месяцы, а ня выключана, што прымем рашэньне наагул не працягваць. Я гэтага не выключаю. Пра гэта я скажу праз тыдзень, бо 27–28-га я правяду сустрэчы зь біскупамі і прыму канчатковае рашэньне».

Прэсавая канфэрэнцыя Леаніда Гулякі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00


Гэтыя заявы прагучалі пасьля таго, як беларускія ўлады забаранілі ўезд на тэрыторыю Беларусі дэлегацыі з шасьці дэпутатаў польскага Сэйму — сяброў парлямэнцкай камісіі ў справах сувязяў з палякамі за мяжой. Дэпутаты хацелі сустрэцца на Гарадзеншчыне з палякамі, якія належаць да не прызнанага беларускімі ўладамі саюзу. У выніку гэтая сустрэча адбылася на польскай тэрыторыі, у горадзе Сакулцы. У ёй брала ўдзел Анжаліка Арэхва:
Людзям, якія маюць „карту паляка“, пагражаюць звальненьнем з працы

«Не пусьцілі іх таму, што ўлады ня хочуць, каб польскія дэпутаты і польскі народ ведалі пра тое, як насамрэч выглядаюць справы, напрыклад, з польскай асьветай у Беларусі. Не хацелі, каб яны сустракаліся са звыклымі дзеячамі Саюзу палякаў і маглі ад іх пачуць, што цяпер адбываецца ў Беларусі, калі нагонка на Польшчу ў беларускіх мэдыях нарастае. Размова таксама тычылася „карты паляка“, што насіліліся рэпрэсіі супраць людзей, якія маюць „карту паляка“. Ім пагражаюць звальненьнем з працы. На сустрэчы ў Сакулцы для нас было істотна насьвятліць тыя праблемы, якія мы бачым у Беларусі і якія тычацца палякаў. І будзем чакаць пэўнай рэакцыі з боку Сэйму і польскіх уладаў».

Анжаліка Арэхва кажа, што беларускія ўлады дагэтуль ня хочуць прызнаваць незалежнага саюзу палякаў, а адмовы ў рэгістрацыі былі беспадстаўныя:

«Калі мы зьбіралі подпісы да Лукашэнкі, каб легалізаваць нашу арганізацыю, мы сабралі 5 тысяч подпісаў. Гэта сярод людзей, якія былі гатовыя напісаць свае дадзеныя, не баючыся рэпрэсіяў з боку ўладаў. Таму ў нашай арганізацыі значна больш людзей, чым падае Гуляка».

Кіраўнік афіцыйнага саюзу палякаў Мечыслаў Лысы ня стаў камэнтаваць сытуацыю ні з польскімі ксяндзамі, ні з дэпутатамі:
У нашага саюзу няма сьціслых кантактаў з уладамі Польшчы. І гэта паслабляе польскі рух на Беларусі.

«Што па нашай ліні, то я не адчуў абвастрэньня ніякай сытуацыі. У нашага саюзу няма сьціслых кантактаў з уладамі Польшчы. І гэта не на карысьць польскаму руху на Беларусі. Гэта паслабляе ў некаторым сэнсе польскі рух на Беларусі. Бо наша галоўная мэта — гэта мова, культура, падтрыманьне і аднаўленьне польскіх традыцый. А калі няма разуменьня і падтрымкі, то гэта не на карысьць польскаму руху на Беларусі».

Паводле сябра незарэгістраванага саюзу Андрэя Пачобута, вяртаньне афіцыйнага Менску да польскай тэмы зьвязанае з тым, што стасункі з Захадам і з Польшчай дрэнныя:

«І трэба пэрыядычна палохаць грамадзтва. Дзеля гэтага былі створаныя вядомыя фільмы, напрыклад, „Талаш“, дзе палякі паказаныя як зьдзеклівыя акупанты. Дзеля гэтага быў фільм „Урок польскае“. І вось цяпер вяртаецца тэма польскай нацыянальнай меншасьці, варожых дзеяньняў Польшчы. Таксама абвешчана пра магчымасьць выдаленьня чатырох ксяндзоў. Мы маем рост напружаньня ў стасунках паміж Беларусьсю і Польшчай і адпаведна рост напружаньня ў стаўленьні ўлады да польскай нацыянальнай меншасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG