Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўпэўнены, што парлямэнт будзе выключна ад народа. Туды балбатуны ня трапяць, а прыйдуць людзі, якія гатовыя вырашаць нейкія пытаньні», — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка. Ці можна сказаць, што кіраўнік дзяржавы тым самым дае ўстаноўку на вынік будучых парлямэнцкіх выбарах? Ці засталася нейкая інтрыга ў гэтай выбарчай кампаніі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.

Цыганкоў: Кіраўнік выканаўчай улады сустракаецца з кіраўніком заканадаўчай і па сутнасьці дае яму заданьні, якімі павінны быць выбары. Гаворыць, напрыклад, пра тое, колькі ў новым парлямэнце павінна быць дэпутатаў старога — каля чвэрці. Ці выглядае гэта законным і дэмакратычным?

Кароль: Не, зразумела. У дэмакратычнай практыцы такога няма. Але дэмакратычныя правілы ў Беларусі — толькі вонкавая імітацыя, таму ўсё заканамерна.

А вось сама формула, агучаная Лукашэнкам, дае магчымасць для высновы, што ўсё застанецца, як было. Тыя ж функцыі і паўнамоцтвы ў Палаты прадстаўнікоў, якую вельмі ўмоўна можна назваць «парлямэнтам». Будзе тры чвэрці новых людзей, але абсалютна аднолькавых. Бо «балбатуноў» там сапраўды няма. Бо гэтая палатка ціхая, і ніколі нідзе не падвышае свой голас, проста ціха галасуе «за». Так павінна і захавацца — гэта ўстаноўка кіраўніка дзяржавы.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што ўжо цяпер, за паўгода да правядзеньня выбараў, ужо няма ніякай інтрыгі. Напрыклад, на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах была інтрыга ў тым, ці прапусьціць улада кагосьці з апазыцыянэраў. Ці ня сьведчаць словы Лукашэнкі, што цяпер такой інтрыгі можна не чакаць?

Кароль: Я гэта і меў на ўвазе. «Балбатуны» — гэта азначэньне апазыцыянэраў, якім ужо адмоўлена быць у Палаце нават у выніку нейкіх дамоваў.

Але інтрыга ёсьць, і яна можа быць створана апазыцыяй. Я маю на ўвазе — байкот ці не, адкліканьне сваіх кандыдатаў напярэдадні галасаваньня. Але гэтая інтрыга пакуль што праглядаецца даволі слабавата, бо няма адзінства сярод апазыцыйных структураў.

Цыганкоў: А на вашую думку, які варыянт найбольш прымальны для дэмакратычнай апазыцыі?

Кароль: Варыянт байкоту, безумоўна, выглядае найбольш прымальным і адэкватным сытуацыі. Безумоўна, моцным крокам было б адначасовае зьняцьцё кандыдатаў напярэдадні датэрміновага галасаваньня. Гэта было б заўважна, моцна, і дапамагло б прыцягнуць увагу той часткі электарату, якая не ўспрымае ўжо гэты рэжым.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG