Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьпірант перамог у судзе інстытут фізіялёгіі Акадэміі навук


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў незаконным адлічэньне з асьпірантуры інстытута фізіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук сябра незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці з Магілёва Аляксея Паўлоўскага.

Асьпіранта Паўлоўскага адлічылі з навучальнай установы за нібыта «паводзіны, якія не стасуюцца з маральным абліччам навукоўца». На судзе прадстаўнік адміністрацыі даводзіў, што Паўлоўскі абразьліва выказваўся на адрас удзельнікаў навуковага працэсу і спазьняўся на заняткі. Адказчык адмовіўся заключаць міравое пагадненьне з пазоўнікам. Аргумэнтаваў пазыцыю тым, што супраць выступае кіраўніцтва.

«У судзе высьветлілася, што яны спачатку мяне адлічылі, а потым пачалі шукаць падставы для гэтага. У панядзелак з рашэньнем суда пайду на заняткі. Я спадзяюся, што мяне дапусьцяць да іх. Калі не, то давядзецца гэтага зноў дамагацца. Калі ж дапусьцяць, то будуць шукаць падставы, каб зноў адлічыць. Застаецца актуальным і прадстаўленьне мне ў інтэрнаце койка-месца», кажа Аляксей Паўлоўскі.

Судзьдзя Ала Яшчэнка вынесла прыватную вымову кіраўніцтву інстытута праз парушэньне ім закону «Аб зваротах грамадзян», бо на скаргі Паўлоўскі не даваліся адказы.

Аляксей Паўлоўскі лічыць, што адлічылі яго з навучальнай установы за актыўнасьць у адстойваньні сваіх правоў і правоў іншагародніх студэнтаў. Паўлоўскі заяўляе, што дамагаўся, каб студэнтам выдзелілі пакоі ў інтэрнаце. Пагражаў адміністрацыі правядзеньнем акцыі-мітынгу «За квітнеючую Беларусь з койка-месцамі для ўсіх».

Аляксей Паўлоўскі скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, потым два гады адпрацаваў у сельскай школе. Скончыў магістратуру ў тым жа ўнівэрсытэце зь сярэднім балам 9.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG