Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдаўцы: «Паглядзім на ўжываньне закону»


У Беларусі рыхтуецца закон аб выдавецкай справе. Ці абгрунтаваныя апасеньні пра тое, што на падставе гэтага закону прыватных выдаўцоў чакае зачыстка, як у свой час палітычныя партыі ці праваабарончыя арганізацыі?

Пра магчымыя новаўвядзеньні 2 лютага апавяла «Звяздзе» дэпутат пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Алена Новік:

«Дзяржаўнае рэгуляваньне цяпер будзе ахопліваць увесь цыкль стварэньня, вырабу і распаўсюджваньня выдавецкай прадукцыі. Замест дзейнага мэханізму ліцэнзаваньня зьявіцца дзяржаўная рэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў, распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі з увядзеньнем адзінага рэестру».

Выдавец будзе абавязаны мець у штаце выдавецкага спэцыяліста, які здаў кваліфікацыйны экзамэн, а калі выдавец — індывідуальны прадпрымальнік, ён будзе абавязаны мець вышэйшую адукацыю. А міністэрства інфармацыі атрымае права адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі або ануляваць рэгістрацыю, калі гэтыя патрабаваньні ня выкананыя, ці за «грубыя парушэньні». Сярод іх парушэньне заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах, выпуск прадукцыі, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны, прапагандуе вайну, міжнацыянальную варожасьць.

Зьміцер Колас
Зьміцер Колас
Зьміцер Колас займаецца выдавецкай дзейнасьцю ў Беларусі больш за 20 гадоў, паводле статусу ён індывідуальны прадпрымальнік. З большага Зьміцер Колас нэўтральна ўспрыняў прапанаваны законапраект, але адзначыў і станоўчыя моманты:

«Адзінае станоўчае, што ўсё хочуць сабраць у адно, гэта сапраўды патрэбна. А астатняе… Ня будзе ліцэнзій, але рэгістрацыя прадугледжвае тыя самыя працэдуры, як і пры ліцэнзаваньні. То бок застаецца іспыт, застаюцца віды літаратуры. І ў прынцыпе, іспыт патрэбны, каб не займаўся выдавецкай справай абы хто».

Зьміцер Колас тлумачыць, што сёньня тым, хто хоча займацца выдавецкай дзейнасьцю ці распаўсюдам выдавецкай прадукцыі, вельмі складана пачынаць справу, паколькі нарматыўная база распыленая па розных актах. На яго думку, аб’яднаньне патрабаваньняў у адным законе пойдзе на карысьць. Вітае ён і павышэньне вымогаў да ўзроўню адукацыі тых, хто будзе займацца выдавецкай справай. Пры гэтым спадар Колас мяркуе, што Міністэрства інфармацыі ня мусіць браць на сябе функцыю вызначаць, якая друкаваная прадукцыя больш якасная. Гэта мусіць вызначаць рынак, кажа выдавец:

«У гэтым артыкуле я прачытаў нейкую дзіўную фразу, што няякасная выдавецкая прадукцыя пагражае інфармацыйнай бяспецы дзяржавы. Гэта якім чынам? Што ацэньваецца? Зьмест ці паліграфічнае выкананьне? І хто будзе ацэньваць, прыкладам, зьмест літаратурнага твору? На маю думку, няякасная літаратура можа пагражаць дабрабыту толькі таго, хто яе вырабляе».
Калі будзе перарэгістрацыя і зноў іспыт, то могуць пачысьціць.

Дырэктар прыватнага выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі мяркуе, што закон аб выдавецкай справе ў прапанаваным выглядзе ня стане інструмэнтам чысткі выдаўцоў паводле палітычных ці іншых прыкметаў, але ўсё залежыць і ад ужываньня будучага закону:

«Толькі з адной умовай я падзяляю гэтыя прапановы: ня дай бог гэта будзе зноў перарэгістрацыя для тых, хто ўжо мае ліцэнзію. Калі будзе перарэгістрацыя і зноў іспыт, то могуць пачысьціць. А калі гэта аўтаматам, а іспыты толькі для новых, то нічога дрэннага».

Галасаваньне па праекце закону пройдзе, як чакаецца, на вясновай сэсіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG