Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы міністар працы ведае, як давесьці заробак да 500 даляраў


Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

Беларускія чыноўнікі абяцаюць вярнуць заробкі на ўзровень 2010 году. Іншымі словамі, гаворка пра 500 даляраў, да ўзроўню якіх улады пачалі даводзіць прыбыткі беларусаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Друкаваньне незаробленых грошай прывяло да абвалу эканомікі, выклікаўшы дзьве дэвальвацыі і высокую інфляцыю. Ці не рызыкуе ўрад зноў наступіць на тыя ж самыя грабілі?

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка выказаў меркаваньне, што цяперашні дыспарытэт паміж высокімі коштамі і нізкімі заробкамі трэба вырашаць не шляхам адміністратыўнага адкручваньня цэнаў, а праз падвышэньне прыбыткаў людзей. Ён запэўніў, што цягам гэтага году заробкі, пэнсіі, кампэнсацыйныя выплаты будуць павялічвацца неаднаразова.

Па словах чыноўніка, стратэгічная задача на бліжэйшую пэрспэктыву — аднавіць даходы насельніцтва да ўзроўню 2010 году. Тады напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў дзяржаўная статыстыка афіцыйна адрапартавала: сярэдні заробак па краіне перавысіў 500 даляраў. Праўда, роўна праз год гэты паказьнік ледзьве перакрочыў 300 даляраў. Такім чынам, пры цяперашнім курсе больш чым у 8 тысяч рублёў за даляр беларусы, каб выйсьці на акрэсьлены паўтысячны арыенцір, мусяць атрымліваць 5 мільёнаў рублёў. Гэты пры ўліку, што рубель ня будзе абясцэньвацца і краіну не накрые чарговая інфляцыйна-дэвальвацыйная хваля.

Былы міністар працы Беларусі, эканаміст Аляксандар Сасноў кажа, што тэхнічна «намаляваць» заробак у 500 ці нават больш даляраў ня так і складана. Аднак багацьця людзям гэтыя маляванкі наўрад ці прынясуць:

«Якія прыбыткі яны абяцаюць вярнуць, зноў пад 500 даляраў? Ну, ведаеце, задачы можна любыя ставіць, вось толькі ці яны выканальныя? Бо як яны іх зьбіраюцца выконваць — гэта таксама цікава. Я, напрыклад, таксама мог бы зрабіць гэта, і вельмі хутка — 500 даляраў на месяц, а можа і болей. Найперш, ліквідаваўшы цяперашняе перакрыжаванае фінансаваньне камунальнай гаспадаркі. Выйсьці па аплаце „камуналкі“ на поўны кошт і праз адмову ад збору падаткаў з прадпрыемстваў аддаць тыя грошы, што зараз зьбіраюцца ў бюджэт, на падвышэньне даходаў бюджэтнікаў. І ўсё, пытаньне нібыта вырашанае. Іншая справа, што багацейшымі людзі ад гэтага не стануць».
Задачу ня выканаць, друкуючы заробкі.

Карэспандэнт: «Паводле статыстыкі, рублёвая маса увечь час павялічваецца. Ці можна вырашыць задачу, кінуўшы ў эканоміку яшчэ больш грошай?».

Сасноў: «Калі ўлады возьмуцца за звыклы спосаб, уключыўшы друкавальны станок, то цэны гэтыя паперкі ўсё роўна зьядуць, таму гэта таксама ня выйсьце, таксама ніхто лепш жыць ня стане. Адзінае, што дзесьці ў справаздачах будзе напісана 500 даляраў — дакладней, лічыцца, што гэта 500. А я так думаю, што і ня будзе ніяк паўтысячы, калі друкаваць, таму што даляр пойдзе ўверх у адносінах да беларускіх грошай. Таму задачу ня выканаць, друкуючы заробкі. Гэта толькі часовая мера».

Незалежныя экспэрты лічаць, што аб’ектыўных падставаў да істотнага росту прыбыткаў насельніцтва няма хоць бы з той прычыны, што адсутнічае стабільны прыток сродкаў у дзяржаўны бюджэт. Сальда замежнага гандлю Беларусі застаецца адмоўным — краіна па-ранейшаму больш імпартуе, чым здольная паставіць тавараў на экспарт. І гэта пры тым, што кіраўнік ніжняй палаты парлямэнту Ўладзімер Андрэйчанка адным са складнікаў меркаванага падвышэньня заробкаў называў менавіта эфэктыўную вытворчасьць. З-за статусу эканомікі падвышанай рызыкі Беларусь мінаюць патэнцыйныя інвэстары, прыватызацыя стратэгічнай маёмасьці практычна не праводзіцца.

У такой сытуацыі, як лічыць эканаміст Васіль Шлындзікаў размовы пра падвышэньне заробкаў трэба ўспрымаць як спробу прытупіць пільнасьць грамадзтва:
Каб не спарадзіць сацыяльны выбух, чыноўнікі вымушаныя абяцаць бясконцыя кампэнсацыі.

«Як звычайна, гэта традыцыйная папулісцкая дэмагогія, больш нічога. Каб не спарадзіць сацыяльны выбух, чыноўнікі вымушаныя абяцаць бясконцыя кампэнсацыі, рост пэнсій, заробкаў, паралельна расказваючы байкі, як мы мэтанакіравана пераадольваем крызіс, навязаны нам нібыта звонку і, насуперак нядобразычліўцам мы яго ўжо нават пераадолелі. І як здорава нам дапамогуць партнэры па Эўразійскім саюзе, па Мытным саюзе і г.д. Я толькі мала ўяўляю, як нам паспрыяюць у пераадоленьні нашых цяжкасьцяў тыя ж кіргізы ці іншыя. Канечне ж, улады цяпер будуць гаварыць усё, што ім выгодна, бо што яшчэ застаецца? Не гаварыць жа праўду, што ў выніку такой палітыкі эмісійнае кола замкнецца на чарговую інфляцыйную і дэвальвацыйную сьпіраль».

На думку аналітыкаў, пагроза дэвальвацыі рубля будзе тым больш верагоднай, чым з большым імпэтам улады будуць намагацца кампэнсаваць свае мінулагоднія пралікі ў фінансавай палітыцы. Спроба адміністрацыйнымі мерамі ледзьве не ўдвая падвысіць заробкі — першы крок да паўтарэньня ўжо пройдзенага.
XS
SM
MD
LG