Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: «Ідзе неабгрунтаванае павышэньне заработнай платы»


Нацыянальны статыстычны камітэт абнародаваў памеры сярэдніх заробкаў беларусаў у сьнежні – 2 мільёны 877 тысяч рублёў (345 даляраў). У параўнаньні зь лістападам заробкі павялічыліся амаль на 20%. А ў жыхароў сталіцы наагул сярэдні заробак амаль на мільён вышэйшы, чым у сярэднім па краіне, і на паўтара мільёны большы, чым у жыхароў Берасьцейскай вобласьці.

У лютым пэнсіянэрам паабяцалі павысіць пэнсіі на 24%. Да чаго прывядуць такія павышэньні?

Эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што пры такой фінансавай палітыцы дзяржавы паўторыцца сытуацыя 2011 году:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
«Нас папярэджвалі і з Усходу, і з Захаду, што нельга зараз павялічваць заробкі, бо няма з чаго. Трэба было ўстрымацца, але ж мы атрымалі пры канцы году даволі неблагія грошы – каля 4 мільярдаў даляраў, у асноўным ад Расеі. Пакуль гэтыя грошы ёсьць, на 2, 3, 4 месяцы хопіць і заробкі падвысіць, і пэнсіі. А потым паступленьняў такіх не чакаецца. І зноў пачнуцца праблемы, як гэта было летам 2011 году».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка што да падвышэньня заробкаў кажа:

«У нас ідзе неабгрунтаванае павышэньне заработнай платы, асабліва ў даляравым эквіваленце. І гэтае жаданьне неяк сытуацыю палепшыць за кошт расейскага газу, больш таннага, і за кошт допуску да нафты (зараз у Нямеччыну мы прадалі нафты на 1 мільярд даляраў прыкладна) – гэта ўсё дрэнна».

Спадар Заіка ўзгадаў, як увосень Аляксандар Лукашэнка ўчыніў ураду разнос і загадаў прэм'ер-міністру Міхаілу Мясьніковічу і віцэ-прэм'еру Сяргею Румасу да траўня палепшыць сытуацыю. Леанід Заіка заўважыў, што тыя цяпер і выступаць па тэлебачаньні перасталі, і публічна выказвацца:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Да траўня Мясьніковіч, так бы мовіць, ня будзе зьвяртаць увагі – няхай плацяць колькі хочуць заробкаў, выдумляюць любыя лічбы. Гэта, дарэчы, падштурхоўвае інфляцыю – так званая інфляцыя выдаткаў. Да траўня ўрадоўцы дадуць справаздачу пра высокі ўзровень жыцьця насельніцтва. Ну, а што потым? Да сьнежня Мясьніковіч даседзіць, а потым пэнсія. Гэта нават не палітыка – гэта жаданьне захаваць свае крэслы ў чыноўнікаў».

На форумах пасьля паведамленьня Белстату пра сярэдні памер заробкаў за сьнежань людзі пісалі, колькі яны зарабляюць. У праграмістаў і супрацоўнікаў Парку высокіх тэхналёгій выходзіць больш за 10 мільёнаў, але такіх няшмат. А вось у пераважнай большасьці сумы ўдвая меншыя за сярэднюю лічбу па краіне. Да прыкладу, мэдсёстры і выхавацелі зарабляюць зараз 1 мільён 200 тысяч, малады спэцыяліст, лекар-стаматоляг – 1 мільён 250 тысяч, юрысконсульт у райцэнтры – 1 мільён 100 тысяч, малодшы навуковы супрацоўнік – 1 мільён 900 тысяч, настаўнік – 2 мільёны. Але бываюць і яшчэ больш мізэрныя лічбы. Паляводы СПК «Абухава» Аршанскага раёну распавялі пра свае зімовыя заробкі:

«450–500 тысяч».

«200 тысяч заробак. Так, у нас, у паляводаў, такія зарплаты. Ну як можна жыць на такія грошы?»

Выхавацелька дзіцячага садка з Барысава кажа:

«Я па дзьве зьмены працую, і таму ў мяне выходзіць мільён. Але голая стаўка не дацягвае да мільёна. У нянечак яшчэ меней, да мільёна не даходзіць: тысяч 800–900 у месяц».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG