Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская сыстэма адукацыі выхоўвае пакорлівых, апатычных жыхароў краіны»


Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

Беларусь не гатовая далучыцца да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, гэтак званага Балёнскага працэсу. Да такой высновы прыйшла працоўная група на сваім паседжаньні ў Капэнгагене. У Беларусі няма патрэбнай ступені акадэмічных свабодаў, інстытуцыянальнай аўтаноміі і самакіраваньня ў сыстэме вышэйшай адукацыі, гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства навукі, інавацыяў і вышэйшай адукацыі Даніі. У чым беларуская сыстэма адукацыі не адпавядае эўрапейскім стандартам? Каго выхоўваюць сёньняшнія беларускія ўнівэрсытэты? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас.

Цыганкоў: «Што канкрэтна гэтае рашэньне нясе беларускай сыстэме адукацыі? Якія перашкоды гэта стварае, напрыклад, у справе міжнароднага абмену?»

Колас: «Беларуская сыстэма адукацыі цалкам несумяшчальная, ня мае нічога агульнага з прынцыпамі Балёнскага працэсу. Гэта акадэмічная самастойнасьць, гэта выбарнасьць кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў, свабоды студэнтаў і іхні ўдзел у самакіраваньні. Нічога гэтага няма ў беларускай сыстэме адукацыі.

І найперш гэта пазбаўляе новае пакаленьне беларусаў магчымасьці інтэгравацца ва ўсясьветную цывілізаваную супольнасьць. Такое права адымаюць у нашых дзяцей, і гэта самае жахлівае».

Цыганкоў: «Ці магчыма гэта зьмяніць нейкімі касмэтычнымі крокамі, або тут патрэбныя кардынальныя перамены, фактычна — палітычныя рэформы?»

Колас: «Натуральна. Калі прызначэньне рэктара ўнівэрсытэту ажыцьцяўляецца кіраўніцтвам краіны, калі рэктар прыходзіць у студэнцкія інтэрнаты і выганяе студэнтаў на датэрміновае галасаваньне — гэта ні ў якія вароты ня лезе. Гэта несумяшчальна ня толькі з Балёнскім працэсам, але і проста з цывілізаванымі нормамі існаваньня».

Цыганкоў: «У Беларусі ўвесь час павялічваецца колькасьць студэнтаў, і гэта прадмет гонару для афіцыйнай прапаганды. Але ці ёсьць тут толькі станоўчы бок? Як мне здаецца, якасьць і прэстыж вышэйшай адукацыі істотна зьменшыліся».

Колас: «Вядома, павялічэньне колькасьці не азначае росту якасьці. Тут шмат праблемаў — і аплата выкладчыцкай працы, і ўмовы працы, што вымушае іх шукаць нармальныя ўмовы за межамі краіны альбо ў іншых сфэрах дзейнасьці, у тым ліку на Ждановіцкім рынку.

Але перадусім тут палітычная праблема. Праблема — гэта тая замова, якую атрымлівае сыстэма адукацыі ад уладаў. Гэта — выхаваньне не клясных спэцыялістаў, а пакорлівых, апатычных жыхароў краіны. Не грамадзян, а менавіта жыхароў».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG