Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня можа далучыцца да Балёнскага працэсу, бо няма акадэмічных свабодаў


Беларусь не гатовая далучыцца да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Да такой высновы прыйшла працоўная група на сваім пасяджаньні ў Капэнгагене.

У заключэньні рабочай групы Балёнскага працэсу напісана: Беларусь не трымаецца прынцыпаў і каштоўнасьцяў арганізацыі.

У Беларусі няма патрэбнай ступені акадэмічных свабодаў, інстытуцыянальнай аўтаноміі і самакіраваньня ў сыстэме вышэйшай адукацыі, гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства навукі, інавацыяў і вышэйшай адукацыі Даніі.

На думку міністра навукі Даніі Мортэна Астэргаарда, які ўзначальвае працоўную групу, Беларусі неабходна правесьці рэформы. «Мы спадзяемся, што Эўрапейская прастора вышэйшай адукацыі ў адзін выдатны дзень зможа вітаць Беларусь у якасьці сябра, калі будуць праведзеныя неабходныя рэформы, каб выконваць крытэры далучэньня да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і забесьпячэньня правоў студэнтаў», — заявіў Астэргаард.

Сябра грамадзкага Балёнскага камітэту прафэсар Уладзімер Дунаеў заявіў, што рашэньне Балёнскай групы не канчатковае і носіць рэкамэндацыйны характар. На яго думку, канчатковае рашэньне будзе прынята эўрапейскімі міністрамі адукацыі 26–27 красавіка ў Бухарэсьце.

Грамадзкі Балёнскі камітэт распрацаваў «дарожную мапу», каб Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу, паведаміў Дунаеў.

Асноўныя пункты:

1. Спыніць адлічэньні з ВНУ і ўжываньне іншых пакараньняў у дачыненьні да студэнтаў, выкладчыкаў і іншых супрацоўнікаў ВНУ за ўдзел у палітычных акцыях ці грамадзкіх арганізацыях. Выбарнасьць рэктараў і іх падсправаздачнасьць акадэмічнай супольнасьці — таксама важны складнік руху да Балёнскага працэсу. Студэнцкае самакіраваньне павінна быць пазбаўленае палітычнага кантролю створанага ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі «Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі» (БРСМ) і «ідэалягічнай вэртыкалі» ўлады.

2. Пераход сыстэмы адукацыі на эўрапейскую мадэль вышэйшай адукацыі і замацаваньне аўтаноміі ВНУ, гарантыяў акадэмічных свабодаў для пэрсаналу і студэнтаў.

3. Рэфармаваньне сыстэмы акадэмічных ступеняў і кваліфікацый, а таксама сыстэмы кантролю якасьці адукацыі, перадае агенцтва REGNUM.
XS
SM
MD
LG