Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд не падтрымаў шматдзетную маці


Тацяна Гацура-Яворская

Тацяна Гацура-Яворская

Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне суду Цэнтральнага раёну, які 9 сьнежня мінулага году пакараў шматдзетную маці Тацьцяну Гацуру-Яворскую штрафам 700 тысяч рублёў за пратэст супраць сьмяротнага пакараньня, вынесенага зьвінавачаным за выбух у мэтро Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву.

Тацьцяну Гацуру-Яворскую зьвінавацілі паводле артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу («Парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Яна несла пісьмовы зварот да прэзыдэнта з двума непаўналетнімі сынамі Кастусём і Альгердам і самаробным плякатам. Двое пераапранутых міліцыянтаў падпільнавалі Тацьцяну каля дома, затрымалі і даставілі ў суд, дзе яе і асудзілі праз два дні пасьля спробы пісьмова зьвярнуцца да кіраўніка краіны.

Тацьцяна Гацура-Яворская: «Маё абскарджаньне рашэньня суду Цэнтральнага раёну Менску пакараць мяне штрафам у памеры 700 тысяч рублёў завяршылася безвынікова: гарадзкі суд пакінуў гэтую пастанову бязь зьменаў. Канечне ж, я буду зьвяртацца да старшыні Менскага гарадзкога суду, а калі і ён не задаволіць маю скаргу, то ў Вярхоўны суд.

Мой зварот у суд быў ня толькі ў справе адмены пастановы суду Цэнтральнага раёну ад 9 сьнежня 2011 году. Я таксама зьвярталася з тым, каб судзьдзя гарадзкога суду зьвярнуўся да судзьдзі Вярхоўнага суду з просьбай адаслаць „Закон аб масавых мерапрыемствах“ у Канстытуцыйны суд з мэтай ягонай ацэнкі на адпаведнасьць Канстытуцыі краіны і міжнародным нормам. Гэткім чынам я намерваюся адстойваць сваё права на мірныя сходы, якое гарантавана мне Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і міжнароднымі дамовамі, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.

Акрамя таго, паўстае пытаньне з маім зваротам у Адміністрацыю прэзыдэнта, бо там адмовіліся ўзяць мой ліст, спасылаючыся на тое, што на той момант у мяне не было пашпарту. Я адправіла яго поштаю і маю паведамленьне, што ў Адміністрацыі атрымалі мой ліст. Аднак дагэтуль я ня маю ніякага адказу з адміністрацыі на свой зварот, хоць усе магчымыя тэрміны для гэтага выйшлі. Гэта таксама сьведчыць пра неабходнасьць маіх дзеяньняў, якія я сьвядома рабіла, парушаючы беларускі закон аб масавых мерапрыемствах. Бо маё меркаваньне, мой зварот — засталіся без адказу. Таму я таксама зьбіраюся даведвацца ў Адміністрацыі прэзыдэнта, чаму парушаецца Закон аб зваротах грамадзян, а таксама буду дамагацца адказу і рэакцыі на маё меркаваньне».
XS
SM
MD
LG