Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжарная Тацяна Гацура зьвярнулася да Лукашэнкі. Яе затрымалі і аштрафавалі на 700 тысячаў рублёў


Тацяна Гацура

Тацяна Гацура

9 сьнежня ў Менску людзі ў цывільным затрымалі шматдзетную маці Тацяну Гацуру. Яна пасьпела паведаміць праваабаронцам, што яе вязуць у Цэнтральны РУУС.

13.27 «Каля дзевяці раніцы разам з мужам мы пад’ехалі да пад’езда, выйшлі з машыны. За намі прыпаркаваўся аўтамабіль. Зь яго выйшлі двое ў цывільным, якія здалёк паказалі, што яны з Цэнтральнага РУУС, і пацягнулі ў сваю машыну. Яны наогул не павінны былі мяне забіраць. Мы заехалі па дарозе ў аптэку. Сёньня пасьля абеду я павінна пайсьці ў лякарню, каб даведацца, хто ў мяне народзіцца: хлопчык ці дзяўчынка», — заявіла Гацура «Свабодзе».


13.00 Гацуру аштрафавалі на 700 тысячаў рублёў.

12.50 У судзе перапынак. Тацяна разам з адвакатам пайшлі ў асобны пакой для вывучэньня матэрыялаў справы. Тацяна пасьпела сказаць, што яна прызнае сваю віну ў парушэньні закона аб масавых мерапрыемствах, што яна прайшла з плякатам па вуліцах. Але яна мае прэтэнзіі да затрыманьня. Яе затрымалі на той падставе, што нельга было скласьці пратакол на момант учыненьня гэтага правапарушэньня. Таму яе затрымалі сёньня, каб скласьці пратакол. Ёй забаранялі карыстацца тэлефонам. У яе забралі тэлефон і зь яго некаму паслалі СМС-паведамленьне. Яна ня ведае, каму і якое. Сёньня раніцай паведамленьне з тэлефона Тацяны атрымала праваабаронца Алена Танкачова і паведаміла пра гэта ў фэйсбуку. Аднак у паведамленьні гаварылася, што Тацяну вязуць у суд на вуліцы Сямашкі. Таму праваабаронцы былі дэзінфармаваныя.

12.47 Судзьдзя Андрэй Хадановіч пачаў судзіць Тацяну. Адвакат Аліна Шостак. Працэс адкрыты, але двое ў цывільным не пусьцілі журналістаў і праваабаронцаў у залю суду. Яны пагражаюць, што будуць выводзіць з будынку суду, калі журналісты будуць дамагацца патрапіць на працэс. У чым вінавацяць Тацяну,
судзьдзя прысутным не паведаміў.

12.13 Старшыня БХК Алег Гулак камэнтуе затрыманьне цяжарнай людзьмі ў цывільным: "Паводле беларускіх законаў, цяжарнасьць не зьяўляецца падставай для таго, каб міліцыя не працавала з жанчынай па пэўных правапарушэньнях. Але ж у межах таго, каб гэта не адбівалася на здароўі. Цяпер пакуль складана сказаць, як там гэта ўсё адбывалася".

12.12 Тацяну Гацуру прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску.

Тацяну затрымалі каля яе дома. Цяпер яе тэлефон не адказвае.

6 сьнежня Тацяна Гацура спрабавала перадць у Адміністрацыю прэзыдэнта зварот да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем замяніць сьмяротнае пакараньне Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладу Кавалёву на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Разам зь дзесяцігадовым і дзевяцігадовым сынамі яна выйшла на вуліцу з плякатам «Спадар прэзыдэнт, у мяне чацьвёра дзяцей, хто гарантуе ім права на жыцьцё?»

На падыходзе да будынку адміністрацыі яна была вымушаная схаваць плякат.

«За намі ўжо ішлі два чалавекі ў цывільным. І я баялася, бо сама цяжарная, і была зь дзецьмі», — распавяла Тацяна Гацура «Свабодзе».

У грамадзкай прыёмнай зварот да Лукашэнкі ў яе не прынялі, але яна даслала яго поштай.

30 лістапада першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў прыгаварыў Зьмітра Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва да сьмяротнага пакараньня. Праваабаронцы і грамадзкія дзеячы, міжнародная супольнасьць ўжо асудзілі такі жорсткі вырак.

3 ліпеня падчас разгону акцыі «маўклівай рэвалюцыі» на Прывакзальнай плошчы Менска затрымалі цяжарную жанчыну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG