Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы адных з найстарэйшых могілак у Менску — Пярэсьпінскіх — працягваюцца будаўнічыя працы.

Сёньня там зноў адкапалі чалавечыя косткі. Будаўнікі цьвердзяць, што чалавечыя парэшткі зьбіраюць, каб перадаць царкве.

У Менску на праспэкце Машэрава працягваецца рэканструкцыя Маладзёжнага тэатру. Пракладаючы траншэю для тэлефоннага кабэлю, будаўнікі зноў адкапалі чалавечыя парэшткі. Разламаны чэрап і сківіцу рыдлёўкамі сабралі ў плястыкавы мех. Будаўнікі кажуць, што косткі аднясуць у царкву Марыі Магдалены, якая знаходзіцца побач. Што зрабілі з косткамі, выкапанымі раней? Начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі паабяцаў карэспандэнту «Свабоды» разабрацца.

Земляныя працы на Пярэсьпінскіх могілках.

Земляныя працы на Пярэсьпінскіх могілках.



Прараб «Будтрэста № 1» Вадзім Бондар патлумачыў праз тэлефон, што чалавечыя косткі не вывозілі з тэрыторыі могілак:

«Зямлю вывозілі, але тое, што з косткамі, па-любому не вывозілі. Калі што і было, то даставалі і ў царкву здавалі. Тут жа ёсьць царква Марыі Магдалены. То бок ад пачатку, як заяжджалі на аб’ект, была дамоўленасьць, што калі нешта знаходзім, то мы зьбіраем і здаем. Там людзі праінфармаваныя, што зьбіраюць. А здавалі, не здавалі — ня ведаю, бо гэта субпадрадчыкі працуюць. Можа, яны дагэтуль зьбіраюць, бо калі адну костку знайшлі, то не панясуць жа яе так здаваць».

Служыцелі храма Марыі Магдалены паказалі месца на царкоўнай тэрыторыі, куды раней былі перапахаваныя чалавечыя косткі, адкапаныя падчас будаўніцтва яшчэ аднаго аб’екта на могілках — адміністрацыйнага корпусу «Беларускай калійнай кампаніі». Сьвятары лічаць, што пахаванае павінна ляжаць на сваім месцы. Адпаведныя просьбы былі адрасаваныя гарадзкім уладам.

«Ня дай Бог, каб гэта нікуды ня вывезьлі і ня выкінулі. Няхай вырашае кіраўніцтва і за гэтым прыглядае, як там усё робіцца. Ня дай Бог, каб не грузілі на самазвалы і не вывозілі гэтую зямлю некуды з парэшткамі ў поле. Гэтага нельга. На маю думку, гэтую зямлю трэба рассыпаць проста тут, пасадзіць зеляніну, і каб яна засталася на месцы. Калі ўжо будуць далей весьці такія раскопы».

Месца на царкоўнай тэрыторыі, дзе перапахаваныя раней адкапаныя парэшткі.

Месца на царкоўнай тэрыторыі, дзе перапахаваныя раней адкапаныя парэшткі.



Калі прынясуць чалавечыя косткі, то ў царкве абяцаюць іх прыняць.

Заўгас царквы Марыі Магдалены Георгій Мацюк: «Я іх папярэдзіў, калі будуць весьці земляныя працы і будуць знаходзіць парэшткі, каб складалі, і потым мы забяром і будзем перазахоўваць. Так што не хвалюйцеся. Яны іх не выкідаюць, не вывозяць, а ўсё зьбіраюць,складаюць. Мы ўжо не адзін раз падзахоўвалі. Калі гаварыць глябальна, то ў нас увесь горад пабудаваны на могілках. Па першпачатковым праекце тут плянавалі вельмі вялікае будаўніцтва. І пасьля пратэстаў прыхаджан гэтую будоўлю абрэзалі, таму дабудоўваецца маленькі кавалачак. Крыху перакладаюцца інжынэрныя сеткі. А павінны былі забудаваць палову гэтага сквэра. Пайшлі насустрач патрабаваньням і просьбам. І год не будавалі, пакуль рабілі новы праект».

Рабочыя зьбіраюць косткі ў мех

Рабочыя зьбіраюць косткі ў мех



Замоўца працаў — «Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца», і Міністэрства культуры. Будынак, дзе раней месьціўся кінатэатар «Спартак», а потым Маладзёжны тэатар, быў пастаўлены на могілках, зачыненых у 1937-м годзе. Яшчэ ў вайну там хавалі людзей. Але потым усё было зруйнавана. Мінак Аляксандар Філіпавіч, які назіраў за тым, як даставалі косткі з зямлі, апавёў:

«Гэта было яшчэ ў 1948 годзе, на возера хадзілі, дык тут яшчэ камяні ляжалі наверсе, надпісы былі ці то на габрэйскай, ці то на польскай мове. Зь цяперашнім стаўленьнем гэта наогул, ніхто на гэта не глядзіць. Пасьля нас хоць патоп, як гаворыцца. Па ідэі, тут павінны былі быць нашы археолягі, напэўна».

Аляксандар Філіпавіч

Аляксандар Філіпавіч



Пярэсьпінскія ці Старажоўскія могілкі былі закладзеныя пасьля далучэньня Менску да Расейскай імпэрыі ў 1795 годзе. У 1847 годзе тут збудавалі царкву Марыі Магдалены. У 2008 годзе праз вайсковыя могілкі на былым Старажоўскім рынку пачалі пракладаць каналізацыйны калектар. Тады таксама адкапалі чалавечыя парэшткі. Пасьля ўмяшаньня расейскай амбасады там працы спынілі. Хто заступіцца за могілкі цяпер?

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG