Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1991-шы вачыма ўдзельніка

У першыя тыдні пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў друку прайшлі дыскусіі, якія даволі выразна адлюстравалі пазыцыі як прыхільнікаў стварэньня самастойнай дзяржавы, так і апанэнтаў гэтай ідэі. У іх – ня толькі палітычныя пазыцыі і меркаваньні аўтараў, але і атмасфэра той восені 91-га.

Эпоха, нагадаю, была “даінтэрнэтная”, газэт тых у сеціве няма, таму я палічыў мэтазгодным прывесьці даволі даўгія цытаты – зь мінімальнымі камэнтарамі. Падаецца, чытач сам зробіць высновы.

У канцы жніўня ў “Знамени юности” адбылася дыскусія паміж Сямёнам Букчыным, які быў незадаволены, што “незалежнасьць Рэспублікі мы атрымалі з потных рук партакратычнай большасьці ў Вярхоўным Савеце” (а іншай дэпутацкай большасьці не было; дзякуй Богу, што нам удалося яе пераканаць),і Віталём Цыганковым, які заявіў, што “сама ідэя сувэрэнітэту не вінаватая ў тым, што да яе прысмакталася розная камуністычная шваль”.

6 верасьня “Народная газета” надрукавала артыкул Васіля Быкава “Народны лідэр”. Ён быў цалкам прысьвечаны аднаму чалавеку – Зянону Пазьняку.

Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк. Сядзіба БНФ, 1995 г. Фота С. Навумчыка

Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк. Сядзіба БНФ, 1995 г. Фота С. Навумчыка

У краінах Усходняй Эўропы да ўлады прыйшлі апанэнты камуністаў – у Беларусі адбылося інакш. Быкаў быў перакананы, што такое становішча павінна быць зьмененае і кіраваць новай краінай павінен той, хто, па яго перакананьні, найбольш для гэтага падыходзіць. Наўрад ці, Быкаў лічыў рэальным, што Пазьняк зойме месца, якое, пасьля адстаўкі Дземянцея, было ў тыя дні вакантным -- старшыні Вярхоўнага Савета. На гэта парлямэнцкая большасьць не пагадзілася б. Але Быкаў лічыў неабходным менавіта цяпер, калі Беларусь дамаглася незалежнасьці, нагадаць пра асноўныя этапы дзейнасьці Народнага Фронту і яго лідэра.

“Трэба спадзявацца, народу Беларусі калі-небудзь стане вядомы ўвесь грандыёзны комплекс высілкаў, якія зрабіў БНФ для ажыцьцяўленьня галоўнай нацыянальнай ідэі — сувэрэнітэту Беларусі. Цяпер некаторыя зь нядаўніх праціўнікаў незалежнасьці спрабуюць прыпісаць сабе найбольшыя ў тым заслугі. Увогуле, гэта магчыма зрабіць, калі ўлічыць усю складанасьць абставінаў замоўчваньня і напаўлегальнасьці, у якіх доўгі час працаваў БНФ.

Быкаў: Росквіт настане толькі пры адной-адзінай умове: поўнай незалежнасьці Беларусі, калі яна на справе стане сувэрэннай дзяржавай ... ...

Калі ж сувэрэнітэт Беларусі фармальна зьдзейсьніўся, галоўны акцэнт кіраўніцтва БНФ, безумоўна, пераносіцца на канструктыўную працу па яго фактычнам ажыцяўленьні... " – пісаў Васіль Быкаў і завяршаў свой артыкул такімі словамі: “... апостал народнае праўды заўжды апераджае свой час. Як сапраўдны беларус і палітык Зянон Пазьняк цярпліва марыць пра росквіт нацыянальнай культуры, пагарджанай беларускай мовы. Але ён ведае, што той росквіт настане толькі пры адной-адзінай умове: поўнай незалежнасьці Беларусі, калі яна на справе стане сувэрэннай дзяржавай, роўнай у суполцы эўрапейскіх народаў. Здаецца, такі час набліжаецца. I ў тым, што ён стаў нарэшце магчымым, адна з найпершых заслуг належыць прызнанаму лідэру нацыі, вернаму сыну Беларусі Зянону Пазьняку”.

Гэтыя радкі Васіль Быкаў напісаў ў першыя дні пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі – нагадаю, артыкул зьявіўся ў “Народнай газеце” 6 верасьня. Быкаў ясна і недвухсэнсоўна выказаў уласнае стаўленьне да праблемы лідэрства – праблемы, якая ў часы гістарычных катаклізмаў набывае найбольшую вастрыню. Быкаў называў БНФ авангардам нацыянальнага руху, а яго кіраўніку аддаваў права на нацыянальнае лідэрства.

Толькі БНФ і яго дэпутацкая фракцыя мелі цэласную канцэпцыю нацыянальнага Адраджэньня і стварэньня сувэрэннай дзяржавы...

І ў іншых сваіх публікацыях і інтэрвію пачатку 90-ых Быкаў(між іншым, член Сойму БНФ зь першага дня яго ўтварэньня), не адкідваючы прынцып шматпартыйнасьці, заклікаў (менавіта так – заклікаў) ўсе дэмакратычныя сілы аб’яднацца вакол БНФ і яго лідэра. І тое, перакананы, было цалкам слушна. І ў сэнсе стратэгічным – бо толькі БНФ і яго дэпутацкая фракцыя мелі цэласную канцэпцыю нацыянальнага Адраджэньня і стварэньня сувэрэннай дзяржавы (у Саўміну, нягледзячы на вялізны апарат, не было нічога). Правільна гэта было і з тактычных меркаваньня – у часы, калі дарагі быў кожны дзень, калі грамадзянская супольнасьць толькі пачынала фармавацца, недаравальнай раскошай выглядала раздрабленьне сілаў.

Тыя восеньскія дні 91-га былі адметныя жорсткім супрацьстаяньнем прыхільнікаў поўнай незалежнасьці Беларусі і тых, хто выступаў за захаваньне Саюзу у, як тады казалі, “абноўленай форме”.

З 25 жніўня 91-га Беларусь дэ-юрэ зьяўлялася незалежнай дзяржавай – такой, як Францыя, ЗША ці Польшча. Ці Літва, Латвія альбо Эстонія. Але калі Літву, Латвію і Эстонію прызналі тыя ж ЗША і Францыя (увогуле, Захад ніколі і не прызнаваў анэксіі краінаў Балтыі), дык Беларусь успрымалася як частка Савецкага Саюзу. Той Саюз меў свайго прэзыдэнта, свой урад, войска, спэцслужбы, фінансавую сыстэму... І прэзыдэнт, і ўрад імкліва гублялі ўладу (яшчэ большымі тэмпамі дэвальваваўся рубель), аднак Захад упарта не жадаў прызнаваць незалежнасьць постсавецкіх рэспублік (у тым ліку Беларусі) і падтрымліваў Гарбачова ў ягоных спробах захаваць імпэрыю ў розных формах (найперш таму, што баяўся за лёс гіганцкага ядзернага патэнцыялу). Гарбачоў зьбіраў кіраўнікоў рэспублік ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Нова-Агарова, тыя абмеркаваньні ўсё новых праектаў “саюзных дамоў” атрымалі назоў “новаагароўскага працэсу”, і старшыня ВС Беларусі Станіслаў Шушкевіч актыўна ў ім удзельнічаў.

Нашая ж пазыцыя была выразна акрэсьленай: ніякіх “новаагарова”, ніякіх “саюзаў”, толькі поўная незалежнасьць – з усімі атрыбутамі дзяржавы – уласнай грашовай сыстэмай, уласным войскам, памежнай службай, самастойнай зьнешняй палітыкай.


Ніякіх “новаагарова”, ніякіх “саюзаў”, толькі поўная незалежнасьць.

Ведаючы на ўласным досьведзе, як важна бывае імгненна скарыстаць шанец (так, як удалося гэта 24-25 жніўня), мы і цяпер імкнуліся ня страціць унікальныя магчымасьці. Мы бачылі, што з кожным днём магчымасьці гэтыя звужаюцца, што расейскае кіраўніцтва (Ельцын) падграбае пад сябе так званую “саюзную маёмасьць”. Аднак у нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, не было тых магчымасьцяў, якімі валодалі Шушкевіч і Кебіч.

БНФ патрабаваў поўнай незалежнасьці. Але былі і іншыя меркаваньні.

Праз некалькі дзён пасьля прыгаданага артыкулу Васіля Быкава, 11 верасьня, у той жа “Народнай газеце” сваё стаўленьне выказаў Анатоль Майсеня. У той час Майсеня быў аглядальнікам "Народнай гезеты"; упершыню гэтае імя я пачуў у 1987 годзе - тады ён у "Советской Белоруссии" пачаў друкаваць артыкулы з крытыкай ініцыятараў правядзеньня першых "Дзядоў".

(У БНФ мы добра ведалі сястру Анатоля Майсені, Людмілу, якую асабіста я акурат лічу надзвычай важнай фігурай у беларускім Адраджэньні як аўтарку першага ў найноўшай гісторыі беларускамоўнага падручніка па матэматыцы, якая даказала, што можна выкладаць дакладныя навукі і па-беларуску – было б жаданьне).

Пазьней Аляксандар Тамковіч (уганараваны ў 2011 прэміяй ПЕН-цэнтру) у адной са сваіх кніг працытуе Станіслава Багданкевіча, які называе Майсеню “значным дзеячом беларускага Адраджэньня”. Дапускаю, што для Станіслава Багданкевіча, ад якога як ад старшыні Нацбанку Беларусі ў часы кадэнцыі ВС-12 я ні слова ня чуў па-беларуску, для Аляксандра Тамковіча, які ў 1991 годзе як супрацоўнік газэты “Во славу Родины” пазьдзекваўся з мітынгу БНФ супраць сакавіцкага рэфэрэндуму аб захаваньні СССР і адмаўляў ідэю стварэньня беларускага войска – кожны, хто мог пісаць па-беларуску, успрымаўся як дзеяч Адраджэньня, і нават “значны”. Але мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ – так ужо атрымалася – былі, кажучы вайсковай лексыкай, на пярэднім рубяжы змаганьня за незалежнасьць маладой дзяржавы, разам з прыхільнікамі Адраджэньня ў Менску і ў рэгіёнах адваёўвалі яе кожны мілімэтар у імпэрыі. І таму ясна бачылі і цудоўна разумелі, хто дапамагаў у гэтым змаганьні (нам дарагое было кожнае слова падтрымкі), а хто – мякка кажучы, не спрыяў.

Артыкул Майсені называўся ““Амін” Саюзу?”. Пытальнік у загалоўку ставіў пад сумнеў нашае імкненьне разьвітацца з імпэрыяй. Артыкул быў напісаны па-расейску, тут даю пераклад на беларускую.


Анатоль Майсеня

Анатоль Майсеня

“Самае галоўнае цяпер – гэта ўстрымацца ад катэгарычнага “Не” Саюзу, не адкідваць адразу ідэю абноўленага Саюзу, -- пісаў А. Майсеня. -- Бо, у рэшце рэшт, за намі канчатковае рашэньне, і ніхто ўжо ня здолее загнаць нас дубінай у рай. Сказаць “не” ніколі ня будзе позна, права на выхад з Саюзу нам гарантаванае, але можам на многія гады спазьніцца з нашым “так”. На гэтым дэмакратычным фоне нават новаагароўскі працэс паўстае апаратнай творчасьцю...

(Нагадаю, што выхад з СССР быў “гарантаваны” і ў 1922 годзе. Тысячы і тысячы людзей заплацілі жыцьцямі за спробы рэалізаваць гэтую “гарантыю” – С.Н.)"

Майсеня: Калі нехта аддае перавагу апынуцца свабоднай захалуснай дзяржавай на задворках Эўропы, чым быць у Саюзе, дык я не пайду разам з гэтымі людзьмі

Калі нехта аддае перавагу таму, каб апынуцца свабоднай захалуснай дзяржавай на задворках Эўропы, чым быць у Саюзе, міжнародны аўтарытэт якога і вагу можна будзе абярнуць на карысьць рэспублікі, дык я не пайду разам з гэтымі людзьмі. Калі нехта верыць, што можна быць свабоднымі на паперцы, што дзеля свабоды можна цярпець бясконцыя страты, і ўсё ў імя адной ідэі, дык я ніколі не пагаджуся з імі. Нацыянальнай свабоды і незалежнасьці бяз моцнага ідэалягічнага падмурку ня можа быць. Сувэрэнная Беларусь можа існаваць толькі ў адзінай эканамічнай прасторы цяперашняга Саюзу…

Рэспубліка, эканоміка якой больш чым на 80 працэнтаў залежыць ад паставак сыравіны і матэрыялаў, проста ня мае права гэтак легкадумна адмовіцца ад рэжыму найбольшага спрыяньня, які ёй будзе належыць як члену садружнасьці дзяржаваў...

І апошняе. Ужо гэтулькі было спэкуляцыяў вакол вынікаў рэфэрэндуму 17 сакавіка! 82 працэнты жыхароў Беларусі, якія прынялі ўдзел у рэфэрэндуме, прагаласавалі за захаваньне абноўленага Саюза. Вярцелі гэтымі лічбамі партапаратчыкі як хацелі, слова не прамовіўшы пры гэтым, за які абноўлены Саюз аддалі галасы людзі. Для іх рэфэрэндум быў толькі спэктаклем марыянэтак, яго вынікамі спрабавалі прыкрыць крыху ўпрыгожанага ўнітарнага монстра.

Іншая справа цяпер -- мы самі вызначаем гэты Саюз і прынцыпы ўдзелу ў ім Беларусі. Ці не пра гэта думалі большасьць з тых, хто 17 сакавіка падыходзіў да ўрнаў і вырашаў кожны для сябе лёс Саюзу?! Не лічыцца зь іх воляй сёньня будзе вялікім грэхам перад дэмакратыяй. Не, не сьпяшайцеся казаць “амін” Саюзу”, – гэтак скончыў Анатоль Майсеня свой артыкул, прыгадаўшы самую фарысэйскую прапагандысцкую акцыю Крамля гэтага 91-га году -- рэфэрэндум аб захаваньні СССР, з мудрагелістым пытаньнем, затыканьнем ртоў апанэнтам і фальсыфікацыямі на ўчастках.

Контраргумэнты выказаў намесьнік старшыні Апазыцыі БНФ Алег Трусаў у артыкуле, які, як і Майсеня, ён таксама скончыў пытальнікам – “Ці трэба баяцца Незалежнасьці?”.

Трусаў: Сувэрэнітэт або ёсьць, або няма, і ня трэба яго падмяняць ідэяй “обновлённого Союза”

“Ці трэба Беларусі незалежнасьць, альбо, як піша А.Майсеня, “полный и неделимый национальный суверенитет”? Не, адказвае ён, бо ў прыродзе, а тым больш палітычнай, “неделимого и полного” няма. Таму дастаткова мець нешта сярэдняе паміж калёніяй і дзяржавай, а інакш ня возьмуць беларусаў у “обновленный Союз”. Але прабачце, шаноўныя спадары, у сьвеце ніколі не было “няпоўнага” сувэрэнітэту, як і не было “няпоўнай” дэмакратыі, а тым больш дэмакратыі з “сацыялістычным тварам або выбарам”. Сувэрэнітэт або ёсьць, або няма, і ня трэба яго падмяняць ідэяй “обновлённого Союза” і спасылацца на Назарбаева, які ў Казахстане захаваў цалкам кампартыю з усёй яе маёмасьцю”...

“Дык, можа, паслухаем тую прапанову, што, як ня дзіўна, прагучала ў мінулым годзе ў Ваўкавыску, выйдзем са складу ААН і папросімся ў склад РСФСР на правах аўтаномнай рэспублікі?, - працягваў Трусаў. -- Тым больш, што спадар Майсеня абяцае нам адразу “единое экономическое пространство» і ў дадатак “режим наибольшего благоприятствования”...

Алег Трусаў. Жнівень 1991 г. Фота Ул. Кармілкіна

Алег Трусаў. Жнівень 1991 г. Фота Ул. Кармілкіна

Ня трэба нас палохаць тым, што Беларусь на 80% залежыць ад паставак сыравіны і матэрыялаў, бо ў Прыбалтыцы сытуацыя значна горшая. Давайце параўнаем некалькі лічбаў. Агульная плошча Латвіі, Літвы і Эстоніі крыху больш чым 175 тысячы кв.км пры насельніцтве каля 8 мільёнаў чалавек. Беларусь жа мае 207 тысяч кв.км. і больш за 10 млн.жыхароў. Пры гэтым у мінулым годзе вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі прыбалтыйскіх рэспублік склала 8,9 млрд.рублёў (у цэнах 1983 г.), закаўкаскіх рэспублік – 7,4 млрд.рублёў, Малдовы – 4,4 млрд.рублёў, а Беларусі – 11,9 млрд.рублёў. Давайце паглядзім на краіны ўсходняга сьвету. Так, напрыклад, маленькі Тайвань (яго плошча ўсяго 36 тыс. кв.км) практычна ня мае ніякай сыравіны. Тым ня менш толькі ў ЗША гэтая краіна штогод пастаўляе тавараў на 10 млрд. даляраў. Такога ўзроўню незалежная Беларусь, улічваючы працавітасьць беларускага народа, можа дасягнуць праз 8-10 гадоў”.

Трусаў: Сучаснае расейскае кіраўніцтва прысвойвае сабе усю былую саюзную маёмасьць на сваёй тэрыторыі

“...Анатоль Майсеня справядліва лічыць, што Беларусь мае гістарычнае права на былы саюзны рынак і адпаведна на яго частку на тэрыторыі Расеі. Але сучаснае расейскае кіраўніцтва ня хоча гэтага заўважаць і прысвойвае сабе ўсю былую саюзную маёмасьць на сваёй тэрыторыі, у тым ліку і культурныя каштоўнасьці Эрмітажу, саюзных музэяў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, таксама немалыя сродкі Савецкага фонду культуры…

Спадар Майсеня пратэстуе супраць адрыву ад дэмакратычных сіл Расеі і лічыць, што мы цалкам абавязаны вынікам перамогі расейскім дэмакратам. Не адмаўляючы мужнасьці масквічоў і пецярбуржцаў, можна задаць А. Майсеню толькі адно пытаньне. А ці змагла б перамагчы маскоўская дэмакратыя ў жніўні 91-га, каб не двухгадовае змаганьне за сваю незалежнасьць літоўцаў, латышоў і эстонцаў, каб не было Баку і Тбілісі, Курапатаў, антыкамуністычнага шэсьця 7 лістапада 1990 г. (якое так асуджала лібэральная беларуская інтэлігенцыя), вясновых страйкаў менскіх працоўных? Усё гэта зьвёны аднаго дэмакратычнага ланцуга, і мы схіляем галовы перад мужнасьцю Юрыя Афанасьева, Алены Бонэр і іх прыхільнікаў, што не паддаліся сьвяточнай эйфарыі і выступілі з асуджэньнем імпэрскіх амбіцый каманды Ельцына. Дарэчы, 14 верасьня мы даведаліся, што “Дэмакратычная Расея” перайшла ў Маскве ў апазыцыю да адміністрацыі Гаўрыіла Папова.

Сьмешным выглядаюць спасылкі А. Майсені на вынікі сакавіцкага рэфэрэндуму, які незаконна адбыўся (бо Вярхоўны Савет БССР ня даў на гэта згоды) на тэрыторыі Беларусі і быў амаль цалкам сфальсыфікаваны, асабліва ў сельскай мясцовасьці, камуністамі. Я не сумняваюся, што новы рэфэрэндум, які можна праводзіць толькі пад наглядам прадстаўнікоў ААН, дасьць зусім іншыя вынікі, асабліва пасьля ўкраінскага. Але ці варта траціць на гэта народныя грошы, калі Беларусі, заснавальніцы СССР і ААН, дастаткова толькі дэнансаваць Саюзнае пагадненьне 1922 года, тым больш што тады ніхто ніякіх пагадненьняў не праводзіў, а само пагадненьне ніколі да канца не выконвалася і нават не было ратыфікавана вышэйшымі органамі БССР. Таму, сказаўшв “амін” Саюзу, трэба тэрмінова пачынаць нялёгкую працу па аднаўленьню сваёй, некалі страчанай дзяржаўнасьці, бо незалежнасьць – найвышэйшая каштоўнасьць для кожнага народа” (“Народная газэта”, 21 верасьня 1991 г.).

Майсеня адказаў Трусаву вялізным артыкулам пад назовам “Не гаруйце, нехлямяжыя беларусы”, гэтым разам ужо па-беларуску.
Майсеня: Шушкевіч таксама засьведчыў сваю “нехлямяжнасьць” прамовай падчас выбараў – “тое, што ў нас зараз пасяліліся тэндэнцыі на поўнае адлучэньне ад Саюза, мне проста не падабаецца

“Гора беларусам таму, што шчасьця свайго не разумеюць... што тут зробіш, сабраліся ў панургавы статак “нехлямяжыя” (слова рэдкае, таму для ўсіх растлумачу, што “нехлямяжы” – гэта нязграбны, плюгавы) беларусы”, і, хоць трэсьні, не ідуць за правадырамі з парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У самім парлямэнце такіх “нехлямяжых” беларусаў, як паказала сацыялягічнае апытаньне, набіраецца аж 72,9 працэнты: 22,5 працэнтаў народных дэпутатаў з ліку апытаных выступаюць за Саюз Сувэрэнных Дзяржаваў на фэдэратыўнай аснове, 41,4 працэнты хацелі б бачыць ў будучым дзяржаўным аб’яднаньнем канфэдэрацыю і 9 працэнтаў схіляюцца да таго, каб Рэспубліка Беларусь увайшла ў Саюз асацыіраваным членам. Новы Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч таксама засьведчыў сваю “нехлямяжасьць” прамовай падчас выбараў – “тое, што ў нас зараз пасяліліся тэндэнцыі на поўнае адлучэньне ад Саюзу, мне проста не падабаецца. “Нехлямяжнасьць” – ні даць ні ўзяць. Да таго ж, сярод простых людзей такіх дзівакоў, што шчасьця свайго цураюцца, таксама процьма. Мабыць, калі сур’ёзна, гэта такая нацыянальная рыса беларусаў, зьведаўшых за свой гістарычны лёс шмат бяды і пакут, -- зь недаверам і асьцярогай ставіцца да лёгкага шчасьця. Нездарма ж на Беларусі здаўна прыказка ходзіць: “Шчасьце не конь – у аглоблі не запражэш”.

Калі пакінуць у баку недакладнасьць фармулёўкі пра “сацыялягічнае дасьледаваньне” ў Вярхоўным Савеце (якая сацыялёгія можа быць асяродку з 300 чалавек, гэта хутчэй апытаньне), дык сама па сабе апэляцыя да прыхільнасьцяў дэпутатаў як да ісьціны выглядала недарэчна: сыходзячы з такой лёгікі, наўрад ці ўвогуле варта было дамагацца і незалежнасьці, і забароны КПБ-КПСС, камуністы ж ў ВС складалі 90 адсоткаў.

Што да “лёгкага шчасьця”, дык Апазыцыя БНФ з першага дня пасьля абвяшчэньня незалежнасьці казала, што стварэньне дзяржавы будзе працэсам вельмі няпростым, цяжкім. Гэтак жа, нельга было пагадзіцца і з абвінавачваньнямі БНФ у манапольным кантролі “над самой ідэяй незалежнасьці” – бо яшчэ ў жніўні дэпутаты Апазыцыі БНФ заклікалі ня толькі прадстаўнікоў партыяў, але і былых членаў КПБ-КПСС аб’ядноўвацца ў будаўніцтве незалежнай Беларусі. Пры гэтым застаецца фактам, што цэласная канцэпцыя такога будаўніцтва была толькі ў Беларускага Народнага Фронту.

(Канешне, сёньня можна колькі заўгодна разважаць, ці атрымалі б беларусы шчасьце, калі б пайшлі за БНФ. У 1994 годзе пайшлі за Лукашэнкам, у якім Анатоль Майсеня тады бачыў «беларускага Валэнсу).

У артыкуле – фармулёўкі, якія потым падхопіць афіцыйная прапаганда: “русафобія стала адным з фірменных знакаў кіраўніцтва БНФ”, “БНФ спрабуе ўстанавіць манапольны кантроль над самой ідэяй незалежнасьці”... А галоўная высновак такая:

“Тое, што ў імя нацыянальнай незалежнасьці адстойвае шаноўны дэпутат – дэнансаваць Саюзны дагавор 1922 г. і заняцца стварэньнем поўнасьцю адасобленай ад Саюза дзяржавы, -- гэта, апроч усяго, замах на права выбару, што ляжыць у аснове дэмакратыі. Яшчэ не адчыніўшы дзьверы, яшчэ не паглядзеўшы ўнутр, што з сябе ўяўляе новы Саюз, апазыцыя БНФ ад ганку крычыць яму “не”. Выбачайце, але гэта не палітыка, гэта звычайнае дактрынёрства”, – лічыў Анатоль Майсеня.

Мы ж лічылі інакш, бо ня бачылі ніякіх падстаў верыць Крамлю.

Завяршу цытатай з водгука на дыскусію Майсені і Трусава доктара гістарычных навук, прафэсара Анатоля Грыцкевіча, які быў надрукаваны ў тым жа нумары “Народнай газеты” за 1 кастрычніка:

Грыцкевіч: Дэмакратычны рух і барацьба за незалежнасьць ідуць у адным рэчышчы

“Вынікам перамогі дэмакратычных сіл было не толькі абвяшчэньне сувэрэнітэту БССР у мінулым годзе 27 ліпеня 1990 – С.Н.), але і абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай рэспублікі (25 жніўня 1991 – С.Н.). Дэмакратычны рух і барацьба за незалежнасьць ідуць у адным рэчышчы; яны не супрацьстаяць адны другой, а, наадварот, узаемна сябе падтрымліваюць...
Радзім Гарэцкі, Алег Трусаў, Язэп Юхо, Анатоль Грыцкевіч, Вінцук Вячорка

Радзім Гарэцкі, Алег Трусаў, Язэп Юхо, Анатоль Грыцкевіч, Вінцук Вячорка


Таму ў цяперашні пераходны пэрыяд трэба рэальна аднаўляць беларускую дзяржаўнасьць, надаючы ёй усе ўласьцівыя незалежнай рэспубліцы правы і структуры”.

Гісторыя паказала – і даволі хутка – што спадзяваньні на “абноўлены” Саюз не апраўдаліся – ён па-просту зьнік з мапы сьвету. Страта ж часу, які можна было скарыстаць у верасьні-лістападзе 1991-га для ўмацаваньня дзяржаўнасьці (і, канечне, для патрэбных эканамічных рэформаў) – у значнай ступені, як падаецца, паўплывала на будучыя падзеі.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG