Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белтрансгаз» і «Газпром» падпісалі дадатковае пагадненьне да дзейнага кантракту. Згодна зь ім доўг па аплаце расейскага газу, пастаўленага сёлета ў другім паўгодзьдзі, пераносіцца на наступны год. І гэта нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск неўзабаве атрымае 2,5 мільярда даляраў ад «Газпрома» за астатнія 50% акцый «Белтрансгаза».

У распаўсюджаным з гэтай нагоды прэс-рэлізе «Газпром» не называе суму доўгу Беларусі за расейскі газ. Згодна з дадатковым пагадненьнем «Белтрансгаз» зробіць частковую аплату прыроднага газу, які пастаўляецца «Газпромам» у другім паўгодзьдзі гэтага году, — па 244,8 даляра за тысячу кубамэтраў. Гэта меней, чым вызначана кантрактам. Згодна зь ім кошт газу ў трэцім і чацьвёртым кварталах складае адпаведна 279,16 і 305,72 даляра. Прадстаўніца прэс-службы «Газпрому» Тацяна Галубовіч патлумачыла:

«Падпісана дапаўненьне да кантракту, які працуе да канца 2011 году. Як вядома, у другім паўгодзьдзі Беларусь набывае газ прыкладна па 245 даляраў. Гэта факт. „Белтрансгаз“ так аплачвае. Падпісана дапаўненьне да дакумэнту, якое дакумэнтальна зацьвярджае гэты факт. І кажа, што сума, якая набралася за набыты газ, будзе аплачана „Белтрансгазам“ у наступным годзе».

25 лістапада расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін заявіў пра дамоўленасьць зь беларускім кіраўніцтвам, што «з-за няпростай сытуацыі ў беларускай эканоміцы» газавы доўг рэструктурызаваны на наступны год. Аплата адбудзецца штомесячнымі плацяжамі цягам 2012 году. Прычым расейскі «Белтрансгаз» будзе плаціць беларускія даўгі.

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, у Беларусі няма бягучых грошай, каб поўнасьцю расплаціцца за пастаўлены газ.

«Пакуль што ніякай валюты ад Расеі не паступіла. Мы чакаем, усё, зрэшты, вырашана. Будзе мільярд ад „Сбербанку“ і Эўразійскага банку разьвіцьця, будзе 2,5 за „Белтрансгаз“ — гэта ўсё дамоўлена і падпісана. Але жывых жа грошай пакуль няма. Яшчэ сьнежань наперадзе, а свабоднай валюты няма ў Беларусі. Значыць, дэфіцыт бягучай валюты ў нас. Тая, якую атрымліваем ад экспарту, уся разыходзіцца».

Але грошы за той жа «Белтрансгаз» паступяць у сьнежні. То чаму не пачакалі дый не заплацілі ў гэтым годзе?

Немагчыма прадказаць, як павернуцца палітычныя стасункі той жа Беларусі з расейскай дзяржавай. Там было багата сюрпрызаў. Такія ж сюрпрызы могуць адбыцца і ў будучым
«Ну, хаця б каб не рызыкаваць. А магчыма, тыя грошы, якія будуць, ужо расьпісаныя ўсе да даляра. Там жа „Газпром“ можа выставіць і немалыя штрафныя санкцыі. Таму вырашылі не рызыкаваць, а дамовіцца. Тым больш, што Расея з палітычных прычын задавальняе ўсе просьбы Беларусі, якіх раней не задаволіла б».

Дадатковае пагадненьне да дзейнага кантракту адносна доўгу за газ было падпісана 28 лістапада. У гэты ж дзень стала вядома, што «Газпром» зьменшыў транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі ў Нямеччыну па магістралі «Ямал — Эўропа». Гэта зьвязана з павелічэньнем паставак праз альтэрнатыўную трубу «Паўночны паток», патлумачыў прадстаўнік кампаніі «Газпром экспарт»:

«Гэта ў „Газпроме“ тлумачаць зьмяншэньнем заявак спажыўцоў. У суботу раніцай пастаўкі ўпалі з 2,8 мільёна да 2,2 мільёна кубамэтраў у гадзіну. Практычна да ўзроўню летніх мінімумаў. У панядзелак пастаўкі па „Ямал — Эўропа“ вырасьлі да 2,5 мільёна кубамэтраў у гадзіну. Але не вярнуліся да канца мінулага працоўнага тыдня. Нязначнае зьмяншэньне паставак у Нямеччыну праз газаправод „Ямал-Эўропа“ зьвязанае з заказамі спажыўцоў у Нямеччыне».

Пакуль страты беларускага боку тут нязначныя. Паводле экспэрта расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіла Круціхіна, цяпер стратэгія «Газпрома» палягае ў тым, каб зьняць лішні газ з Украіны. Для Беларусі пакуль вялікай небясьпекі няма.

«Там, зразумела. многа палітыкі. Цяпер дачыненьні ў газавай сфэры паміж Беларусьсю і Расеяй у больш-менш добрым стане. Але немагчыма прадказаць, як павернуцца палітычныя стасункі той жа Беларусі з расейскай дзяржавай. Там было багата сюрпрызаў. Такія ж сюрпрызы могуць адбыцца і ў будучым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG