Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Чым тлумачыцца незвычайная шчодрасьць Расеі адносна Беларусі? Якім будзе адказ Захаду на новае збліжэньне Менску і Масквы? Якія ўнутрыпалітычныя наступствы ў Беларусі будзе мець гэтае збліжэньне? Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць: шэф-рэдактарка газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна, аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Ана Дынэр і рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

Дракахруст: У беларуска-расейскіх стасунках — чарговы «мядовы месяц». Беларусь атрымала ад Расеі цану на газ на 2012 год прыкладна ўдвая меншую, чым сёлета, гэта прыкладна 2.7 мільярды даляраў эканоміі. Плюс 2.5 мільярды даляраў за другую палову «Белтрансгазу» — ён ужо робіцца цалкам расейскай уласнасьцю. Плюс крэдыт ад Сбербанку. З другога боку з 1 студзеня пачынае дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора ў складзе Беларусі, Казахстану і Расеі. Ну і той жа Белтрансгаз ужо не належыць Беларусі. У 2006 годзе ў нашай перадачы вы, Фёдар, казалі: «Спадар Лукашэнка выдатна разумее, што „Белтрансгаз“ — гэта самы галоўны актыў Беларусі ў адносінах з Расеяй. Гэта — нарожны камень беларускага сувэрэнітэту». Ну а зараз вось будзе сувэрэнітэт без нарожнага каменя.

Чым тлумачыцца гэтая шчодрасьць Масквы? Гэта плата за геапалітычную ляяльнасьць, за ўдзел у праекце Эўразійскага саюзу? Гэты сыгнал Украіне, што Масква можа быць і вельмі шчодрай за геапалітычную ляяльнасьць, але толькі за яе? Гэта выкананьне абавязаньня, якое вынікае з правілаў Адзінай эканамічнай прасторы? Гэта плата за продаж Белтрансгазу? Гэта перадвыбарчы ход, дэманстрацыя электарату, якое ў Крамля сяброўства зь беларускімі братамі?

Украіне паказваюць, што калі паводзіць сябе правільна, то цана, якую гатовая плаціць Расея, дастаткова вялікая

Лук’янаў: Мытны саюз (Эўразійскі саюз — гэта пакуль фікцыя) — першы за 20 гадоў пасьля савецкага краху праект, на які Расея сапраўды робіць стаўку і які спрабуе ператварыць у сапраўдную інтэграцыю. Гэта правобраз Эўразьвязу на гэтай тэрыторыі, збудаваны на зразумелых эканамічных прынцыпах, каб гэта было выгадна і іншым удзельнікам. Ня толькі ціснуць, хаця і гэта застаецца, але і прывабліваць неяк інакш. За тыя 5 гадоў, якія прайшлі з таго майго выказваньня, якое вы працытавалі, спадар Лукашэнка гэты сувэрэнітэт прадаваў, як мог. Расея хацела, каб аддаў адразу і танна. Ён доўга гандляваўся і атрымаў, напэўна, максымум таго, што мог. Як гэта будзе выкарыстана — гэта іншае пытаньне. Другая прычына, ня менш важная — гэта, зразумела, прыклад Украіне. З назвай «Эўразійскі саюз» асацыююцца азіяцкія стэпы і пустыні, але на самой справе ён увесь найперш пра Ўкраіну. Украіне паказваюць, што калі паводзіць сябе правільна, то цана, якую гатовая плаціць Расея, дастаткова вялікая.

Пасьля таго, як запрацаваў «Паўночны паток», Беларусі трэба было прадаваць «Белтрансгаз», інакш гэтая труба магла б застацца пустой

Калінкіна: Я мяркую, што сапраўды гэты новы інтэграцыйны праект для Расеі вельмі важны. Але яшчэ да пачатку гэтага праекту ў ім можа зьявіцца свая Грэцыя, як у ЭЗ. Таму і дапамагаюць, каб з-за Беларусі не абрынуліся ўсе гэтыя пляны. У зьдзелцы па «Белтрансгазе» мяне зьдзіўляе толькі яе кошт. У Беларусі і Ўкраіны розныя сытуацыі ў сэнсе транзыту. Пасьля таго, як запрацаваў «Паўночны паток», Беларусі трэба было прадаваць «Белтрансгаз», інакш гэтая труба магла б застацца пустой. 2.5 мільярды даляраў — гэта вельмі добрая цана. Хаця ў кожным з заключаных пагадненьняў мы ня ведаем дэталяў, а магчыма ў іх і схавана галоўнае.

Дынэр: Гэта інтэграцыйны праект реалізуецца ў той момант, калі ў Беларусі і Ўкраіны вельмі складаныя адносіны з Эўразьвязам. Я не выключаю, што гэты расейскі праект зьвязаны і з гэтымі канфліктамі. Гэтак жа як прапановы Расеі Цэнтральнай Азіі могуць быць спробай паменшыць там уплыў Кітая.

Дракахруст: Вы сказалі, што гэта можа быць зьвязана з адносінамі Беларусі з ЭЗ. Але зараз гэтыя адносіны кепскія, як ніколі. Дык Масква ў гэтай сытуацыі робіцца для Беларусі безальтэрнатыўным партнэрам. У гэтай сытуацыі яна магла б праяўляць і меншую шчодрасьць.

Дынэр: Тут я згодная з тым, што мэта гэтай шчодрасьці насамрэч Украіна, гэта дэманстрацыя, прыклад для яе. Да таго ж Расея ня хоча, каб эканоміка Беларусі абвалілася.

Дракахруст: Які цяпер будзе падыход Захаду ў адносінах да Беларусі? Польская Gazetа Wyborczа піша з гэтай нагоды: «Рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць што хоча, таму што яму пакуль не патрэбны эўрапейскі пернік (да таго ж, з гледзішча рэжыму, сумнеўны). Бо ў яго зноў ёсьць моцны заступнік: Расея. А з пугі ён толькі сьмяецца, бо эўрапейскія фінансавыя і візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў аказаліся ня надта цяжкія... Імкнучыся прыцягнуць Украіну і Беларусь, Эўропа прайграе з адной простай прычыны: яна можа прапанаваць значна менш, чым Расея». Дык і што ж насамрэч будзе рабіць Захад, калі пернікі маленькія і ня надта смачныя, а пуга занадта кароткая? Ці ня пройдзе і паўгода, а дакладней, пройдзе сакавік, і ізноў вернуцца гандлёвыя і інфармацыйныя войны, «Хросныя бацькі», «тэрарызм на вышэйшым узроўні», «аддзяленьне мух ад катлет», і Захад ізноў спатрэбіцца Менску?

Пасьля таго, як Беларусь з 1 студзеня 2012 году будзе ў Адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй, пытаньне з санкцыямі яшчэ больш ускладніцца

Дынэр: Гэта вельмі складанае пытаньне. Для Эўразьвязу зараз вельмі складаны момант — цяжкі крызіс, перш за ўсё ў эўразоне, у Грэцыі. Тое, што было напісана аналітыкамі ў Gazecie Wyborczej — гэта праўда: што пернікі не зусім смачныя, а пуга кароткая. У ЭЗ няма магчымасьці прымаць хуткія рашэньні, ёсьць 27 краін, у якіх розныя інтарэсы, і часам цяжка прыйсьці да кампрамісу. Да таго ж зараз Эўразьвяз сутыкаецца з новай сытуацыяй. Раней яго суседзямі на ўсходзе былі краіны Балтыі, Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына — краіны, зацікаўленыя ў інтэграцыі ў Зьвяз. З цяперашнімі суседзямі ЭЗ сытуацыя іншая.

У сьнежні будзе саміт ЭЗ у Брусэлі і там будуць гаварыць пра Беларусь. Але мне здаецца, што зараз вялікіх магчымасьцяў у Эўразьвяза сапраўды няма. Эканамічныя санкцыі не працуюць, сумнеўна, што яны будуць уведзеныя. Тым больш што пасьля таго, як Беларусь з 1 студзеня 2012 году будзе ў Адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй, пытаньне з санкцыямі яшчэ больш ускладніцца. Беларускія прадпрыемствы змогуць зарэгістраваць свае партнэрскія прадпрыемствы ў Расеі і гэтыя расейскія прадпрыемствы будуць экспартэрамі прадукцыі адпаведных беларускіх прадпрыемстваў. Для ЭЗ гэта будуць расейскія, а не беларускія кампаніі, і санкцыі супраць іх будзе цяжка ўвесьці тэхнічна.

Эўразьвяз зараз стаіць на мяжы найбуйнейшага крызісу ў сваёй гісторыі. Якая Беларусь, якая Ўкраіна, пра што мы наагул гаворым?

Лук’янаў: Вы мне прабачце, але калі я чую зараз пра Эўразьвяз, у мяне нейкія жорсткія словы атрымліваюцца. Пра што мы гаворым? Эўразьвяз зараз стаіць на мяжы найбуйнейшага крызісу ў сваёй гісторыі, ён ужо ўвайшоў у яго, пра гэта толькі пакуль не сказана публічна. Пытаньне стаіць аб выжываньні мадэлі эканамічнай і перш за ўсё палітычнай інтэграцыі, якой мы яе ведалі зь сярэдзіны ХХ стагодзьдзя. Якая Беларусь, якая Ўкраіна, пра што мы наагул гаворым? Якія пернікі? Адпаведныя дэпартамэнты Эўракамісіі, напэўна, будуць працягваць выдаваць нейкія паперы адносна Ўсходняга партнэрства, адносна палітыкі суседзтва, прыдумляць нейкія паліятыўныя прынцыпы і пляны, але зараз і ў агляднай пэрспэктыве ў Эўразьвязу няма грошай, каб падтрымліваць суседнія краіны. Размова ня толькі пра Беларусь. У ЭЗ куды больш балючая праблема — гэта ня ўсходняя, а паўднёвая пэрыфэрыя. Там адбываецца немаведама што, а Эўразьвяз, які яшчэ некалькі месяцаў таму напышліва абяцаў новым дэмакратычным уладам арабскіх краін дапамогу, зараз і не прыгадвае пра гэта. Якія грошы, пра што вы гаворыце?

Эўразьвяз на пэўны час з гэтай карціны наагул можна выключыць, і спадары Лукашэнка і Януковіч гэта разумеюць. Добра гэта ці кепска — я ня ведаю, але Расея сапраўды мае ўнікальную магчымасьць. Гэта можа і не сarte blanche, але гэта акно, каб рэалізаваць тое, аб чым марылі і што не маглі зрабіць на працягу амаль 20 гадоў.

Расея будзе зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі былі нармальныя стасункі з Эўропай

Калінкіна: Я мяркую, што ў Эўразьвязе разглядаюцца ўсё ж два сцэнары адносна Беларусі: ад эканамічнай блякады, эканамічных санкцый да разуменьня таго, што і Расеі Беларусь цікавая і патрэбная, калі ў яе ёсьць добрыя стасункі з Эўропай. Бо Беларусь цікавая як транзытная тэрыторыя газу, нафты, іншых тавараў і грошай. Таму раней ці пазьней, але Расея будзе зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі былі нармальныя стасункі з Эўропай і каб Беларусь не была пунктам спрэчак, напружаньня паміж Расеяй і Эўропай. Эўразійскі саюз ствараецца як трэцяя сіла паміж Эўразьвязам і Кітаем і гэта, на мой погляд, ня будзе лініяй канфрантацыі.

Дракахруст: Многія назіральнікі лічаць знакавым прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, якога абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Яшчэ ў верасьні Лукашэнка вызваляў палітвязьняў дзесяткамі, здавалася, што ў хуткім часе за кратамі не застаецца ніводнага. Цяпер не дапамаглі шматлікія пратэсты заходніх палітыкаў, не было ўзятае пад увагу тое няёмкае становішча, у якое прысудам Бяляцкаму беларускія ўлады паставілі Польшчу і Літву — зьвесткі, на якіх грунтавалася абвінавачваньне, былі атрыманыя ад гэтых краін. Прысуд — 4.5 гады калёніі строгага рэжыму. Ці варта чакаць, што вынікам паляпшэньня адносінаў з Расеяй стане далейшае «закручваньне шрубак» ва ўнутранай палітыцы, умацаваньне рэпрэсій супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці?

Калі вы, Эўропа, Захад, ня хочаце з намі размаўляць, калі вы выставілі ўльтыматум, то мы таксама ня хочам размаўляць з вамі, у нас ёсьць іншы сябра і патрон

Калінкіна: Я б гэтага не выключала, таму што Беларусь зараз займае дэманстратыўную пазыцыю: калі вы, Эўропа, Захад, ня хочаце з намі размаўляць, калі вы выставілі ўльтыматум, то мы таксама ня хочам размаўляць з вамі, у нас ёсьць іншы сябра і патрон. Лукашэнка можа заняць такую пазыцыю, але ён будзе ставіць у няёмкую сытуацыю Расею, бо гэтае пытаньне ня будзе зьнятае з парадку дня. Дарэчы, прысуд Бяляцкаму, у якім была актыўна задзейнічаная Літва, галоўны адвакат Лукашэнкі на Захадзе — гэта вялікая памылка беларускіх уладаў. Літва будзе вымушаная ня так горача абараняць Лукашэнку, як раней. Лукашэнка, зразумела, хацеў бы закруціць шрубкі, але гэта ў значнай ступені будзе залежыць ад таго, ці будзе ўздымацца гэтае пытаньне ў перамовах паміж Захадам і Расеяй, паміж Эўропай і Расеяй, ці будзе зьвяртацца ўвага на гэты аспэкт беларускага пытаньня.

Дракахруст: Фёдар, а як вы мяркуеце — ці пачнецца зараз «палітычная зіма» ў Беларусі (хаця ў ёй са сьнежня мінулага году палітычна асабліва і не «цяплела»)? Ці могуць падзейнічаць іншыя фактары, каб гэты працэс ня меў ужо такіх вялікіх маштабаў? Гэтыя фактары — гэта альтэрнатыва Маскве з пункту гледжаньня Лукашэнкі, хаця б у пэрспэктыве, і другі — няёмкае становішча, у якое Лукашэнка ставіць Расею гэтымі рэпрэсіямі. Ці гэта ўсё ня мае значэньня?

З Захадам Лукашэнка сябе вядзе з пазыцыі альфа-самца

Лук’янаў: Што тычыцца няёмкага становішча — вось гэта, мне здаецца, Расеі абсалютна... мякка кажучы, няважна. У Расеі самой ёсьць пэўныя складанасьці па гэтай частцы і адказваць за Лукашэнку яна дакладна ня будзе. Тым больш, што ёсьць, зразумела, пэўны ўплыў такой расейскай альтэрнатывы, надзейнай на пару гадоў, і гэта надае ўпэўненасьць. Але ўсё, што мы ведаем пра Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку за доўгія гады знаходжаньня ва ўладзе, паказвае, што ён заўсёды дзейнічае, зыходзячы са сваіх інтарэсаў і свайго разуменьня. З Захадам ён сябе вядзе з пазыцыі альфа-самца. Як справядліва сказала Сьвятлана — калі вы з намі ня хочаце мець справу, то і мы з вамі ня будзем. І нічога вы нам не зробіце. І так яно і атрымліваецца. Так што мне здаецца, што вырашальнага ўплыву на ўнутрыбеларускую сытуацыю эўразійскі праект не акажа. Будуць ваганьні.

Адносіны Беларусі з Расеяй заўсёды разьвіваюцца няроўна, і я думаю, што ў межах Мытнага саюзу, адзінай эканамічнай прасторы, эўразійскага саюзу, безумоўна, будуць узьнікаць новыя канфлікты, і Лукашэнка, як заўсёды, толькі ў новай сытуацыі, будзе спрабаваць разыгрываць розныя карты. Зараз магчыма ўжо не Эўразьвязу, а Кітаю. Яму спатрэбіцца гнуткасьць, у тым ліку і ва ўнутранай палітыцы, таму я мяркую, што ўсё застанецца як ёсьць.

Зараз у стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй — чарговы «мядовы месяц». Але ён скончыцца, як заканчваюцца ўсе «мядовыя месяцы»

Дынэр: «Палітычная зіма» наступіла ў Беларусі год таму. Была маленькая адліга, калі вызвалялі вязьняў. Але зараз людзі, якія застаюцца ў турмах, зьяўляюцца закладнікамі рэжыму. Прэзыдэнт Лукашэнка хоча мець яшчэ адну карту для гульні з Эўразьвязам. Беларускія ўлады ведаюць, што палітычныя судовыя працэсы ў Беларусі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Эўразьвязу. Шкада, што ў Эўразьвязу няма магчымасьцяў неяк дапамагчы гэтым людзям, якія сядзяць у турмах. Зараз у стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй — чарговы «мядовы месяц». Але ён скончыцца, як заканчваюцца ўсе «мядовыя месяцы», прыйдуць крызісныя адносіны. І беларускія ўлады будуць вымушаныя размаўляць з Захадам.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG