Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штучная кома за іншадумства


Віталь Калгін ("Бісмарк") пасьля бойкі

Віталь Калгін ("Бісмарк") пасьля бойкі

Тэмы гэтага выпуску:

- “Някляеву трэба лячыцца ў тых лекараў, якім ён давярае” – лічаць чытачы і слухачы "Свабоды ў турмах".

- Карная псыхіятрыя. Мастацкая супольнасьць выступае ў абарону "Бісмарка". Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць.

- Наколькі небясьпечна апынуцца ў адной камэры з асуджаным нізкага статусу. Турма і здароўе.






ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ


“Някляеву трэба лячыцца ў тых лекараў, якім ён давярае”

Сёньняшнюю праграму пачну з чытацкіх допісаў, што зьявіліся на форуме нашага сайту ў сувязі з адмовай Крымінальна-папраўчай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску ў просьбе былога кандыдата на прэзыдэнты Ўладзімера Някляева выехаць лячыцца ў адну з заходніх клінік. Як умоўна асуджаны, Някляеў згодна з рашэньнем суду павінен штодня знаходзіцца ў хаце ад 20:00 да 6:00, да таго ж яму нельга пакідаць межаў Менску. Таксама інспэкцыя аргумэнтавала сваю адмову тым, што ў Беларусі ёсьць добрыя спэцыялісты-мэдыкі і добрая сыстэма аховы здароўя.

Нагадаем, што мэдычныя праблемы ў паэта пачаліся летась 19 сьнежня, калі яго жорстка зьбілі супрацоўнікі спэцслужбаў. У выніку сур’ёзнай чэрапна-мазгавой траўмы ён трапіў у рэанімацыю менскага шпіталя хуткай дапамогі, аднак паводле "рэкамэндацыі з самога верху" быў неўзабаве, так бы мовіць, пераведзены ў СІЗА КДБ. За час арышту паэт перанёс некалькі цяжкіх гіпэртанічных крызаў.

А цяпер непасрэдна да допісаў.

Некаторых чытачоў абурылі сьцьвярджэньні чыноўнікаў наконт "добрай сыстэмы аховы здароўя ў Беларусі".

"І гэта ў Беларусі добрая сыстэма аховы здароўя! Ніколі не забуду задаволеную ўхмылку міністра аховы здароўя на прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня, адразу пасьля выбараў, калі Лукашэнка распавядаў пра зьбіццё кандыдатаў на прэзыдэнта, якія, маўляў, "захацелі стаць прэзыдэнтамі ды атрымалі ад АМАПу па галаве дубінкай". Ці можна гаварыць пра нейкую ахову здароўя, калі міністар ухваляе катаваньні грамадзян..."

Іншыя раяць паэту скарыстаць прапанову заходніх лекараў і атрымаць неабходнае лячэньне за мяжой.

"Спадар Някляеў — едзьце і лячыце сваё здароўе там, дзе вам патрэбна, а лукашыстаў пасылайце, ну... самі ведаеце куды. Ваша здароўе патрэбнае ня толькі вам, але і нам, і Беларусі нашай".

"Дарагі Ўладзімер, зьяжджайце і лячыцеся ў тых лекараў, якім давяраеце! Уявіце сабе, што будзе рабіць той, хто вас кінуў у турму, а таксама яго саўдзельнікі. Калі яны цяжка захварэюць, напрыклад, на анкалёгію — іх ня прыме аніводная краіна ў сьвеце!"

"Які насамрэч стан здароўя Ўладзімера Някляева і што кажуць у гэтай сувязі незалежныя экспэрты?" — пытаюцца іншыя нашы чытачы і слухачы, у тым ліку з "зоны".

Адзначу, што сам паэт і грамадзкі дзеяч — такое ўражаньне склалася падчас размовы зь ім — ня любіць скардзіцца на гэтую тэму і трымаецца па-мужчынску годна. Але, як удалося высьветліць у блізкіх яму людзей, у яго па-ранейшаму высокі ціск і моцныя фізычныя болі — вынік траўмаў ад зьбіцьця 19 сьнежня і цяжкасьцяў далейшага ўтрыманьня ў СІЗА КДБ. Асабліва непакоіць хрыбетнік, калі трэба нагнуцца — гэта сапраўдныя пакуты. Папярэдні дыягназ, да якога на падставе праведзенай у Менску дыягностыкі схіляюцца спэцыялісты заходняй клінікі, выглядае досыць сур’ёзным.

Уладзімер Някляеў падзякаваў усім слухачам і чытачам "Свабоды", якія перажываюць за яго. Ён перакананы, што вынесены яму, як і любому іншаму чалавеку, вырак — гэта не прысуд да калецтва, а тым больш да чагосьці яшчэ горшага. Ён кажа, што ёсьць Канстытуцыя, дзе запісана, што найвышэйшая каштоўнасьць — гэта чалавечае жыцьцё, а таму чалавек мае права любым спосабам сваё жыцьцё бараніць. І ён згодна з Канстытуцыяй будзе бараніць сваё жыцьцё. Тым больш што ўвесь гэты час яго лячылі зусім ня лекары. Тэкст інтэрвію глядзець тут.


Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


Мастацкая супольнасьць выступае ў абарону "Бісмарка"

Прававая і арганізацыйная піраміда карнай псыхіятрыі складалася ў СССР на працягу дзясяткаў гадоў. Цалкам юрыдычная база для рэпрэсіўнай савецкай псыхіятрыі была сфармаваная да сярэдзіны 1950-х.

Усім антысавецка настроеным грамадзянам пагражала ня толькі цяжкае паводле Крымінальнага кодэксу пакараньне нароўні з забойцамі і рабаўнікамі, але яшчэ і маральнае прыніжэньне. Паводле савецкіх законаў, палітычныя дысыдэнты ўтрымліваліся разам з найбольш небясьпечнымі вар’ятамі, што ўжо само па сабе было катаваньнем і зьдзекам.

Ужо пры канцы 1930-х на тэрыторыі БССР існавала некалькі вар’ятняў, дзе разам з сапраўднымі душэўна хворымі ўтрымлівалі і іншадумцаў.

Дысыдэнтаў прызнавалі шызафрэнікамі і ўводзілі іх у штучную кому

Самы вядомы прыклад, калі ў сталінскія часы беларускіх іншадумцаў трымалі ў вар’ятнях, — гібель першага старшыні савецкага ўраду Беларусі Цішкі Гартнага ў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні. Гэта здарылася ў 1937 годзе. Так трымалі тады "душэўна хворых, якія ўчынілі дзяржаўныя злачынствы". Рашэньні пра гэта прымалі ня толькі суды, але і "асобная нарада" пры НКУС.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла пацьвярджае, што псыхіятрычная мэдыцына ўжывалася супраць незадаволеных і ў пазьнейшы час:

"І некаторых прызнавалі шызафрэнікамі, хоць людзі проста крытыкавалі ўлады, спрабавалі абараніць сябе, сваіх блізкіх, адстойваць свае правы".

Напярэдадні развалу Савецкага Саюзу ў 1990 годзе пры Вярхоўным Савеце БССР была створаная часовая камісія, каб расьсьледаваць факты выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах.

Сярод найбольш гучных судовых спраў, ініцыяваных з дапамогай той камісіі, — пазоў матэматыка Эдуарда Буданіцкага. Пры канцы 1950-х ён у ліку лепшых студэнтаў матэматычнага факультэту БДУ быў накіраваны на мэхмат Маскоўскага ўнівэрсытэту, дзе скончыў і асьпірантуру. У 1981 і 1983 гадах Буданіцкага гвалтоўна зьмяшчалі ў менскую псыхіятрычную лякарню "Навінкі" за "крытыку выступленьняў на ХХII зьезьдзе члена Палітбюро ЦК КПСС Грышына". Буданіцкі лічыў, што можа выступаць з крытычнымі заўвагамі супраць КПСС, і на гэтай падставе яму паставілі дыягназ — "параноідная шызафрэнія". У "Навінках" матэматык і іншыя падобныя яму дысыдэнты ў якасьці прымусовага лячэньня атрымлівалі курс інсулінакаматознай тэрапіі. З дапамогай вялікіх дозаў інсуліну так званых "псыхаў" уводзілі ў штучную гіпаглікемічную кому. Да канца 1980-х падобныя дзеяньні псыхіятраў адносна такіх "хворых", як Буданіцкі, лічыліся законнымі.

Вяртаньне да рэпрэсіўнай тэрапіі?

Сёньня ў Палаце прадстаўнікоў ляжыць праект новай рэдакцыі закону "Аб псыхіятрычнай дапамозе", які паступіў з ураду. Згодна зь ім, на прымусовае лячэньне можа накіраваць ня толькі суд, як цяпер, але і пракурор.

Камэнтуе юрыст Гары Паганяйла:

"Гавораць пра людзей, пра захаваньне іх правоў, у тым ліку на мэдычную, на псыхіятрычную дапамогу, а насамрэч спрабуюць псыхіятрыю паставіць на службу нашым органам, якія, па сутнасьці, вядуць татальны кантроль за ўсімі, хто троху варушыцца, хто мае ўласную думку і спрабуе публічна яе выказваць".

Віталь Калгін (Бісмарк)

Віталь Калгін (Бісмарк)

Беларуская мастацкая супольнасьць выступае сёньня ў абарону мастака Віталя Калгіна, вядомага як "Бісмарк". Фрунзэнскі раённы суд сталіцы пастанавіў накіраваць яго на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную ўстанову ў вёсцы Гайцюнішкі Воранаўскага раёну. Нядаўна Менскі гарадзкі суд адхіліў хадайніцтва адваката адносна прысуду, і Віталя Калгіна накіравалі ў Гайцюнішкі ў закрытую мэдустанову, якая знаходзіцца ў тамтэйшым "доме-крэпасьці", унікальным для Беларусі помніку архітэктуры.

Рашэньне аб прымусовым лячэньні было прынята пасьля бойкі, у якой Калгін удзельнічаў і пацярпеў. Дыягназ "шызафрэнія" быў пастаўлены яму яшчэ за савецкім часам за ягоныя творы, кажуць калегі-мастакі.

Мастацтва — рэч тонкая. Калі падыходзіць да яго з кансэрватыўных пазыцый, то ўсё, што не адпавядае рэалістычнаму выяўленьню чалавека, прыроды, сьвету, — гэта не мастацтва, ня творчасьць, а грымзолі, пэцканьне паперы, псаваньне палатна. Калі ісьці ў высновах далей, то аўтара такіх карцін можна назваць ня вельмі адэкватным, нават увогуле хворым: маўляў, ня здольны намаляваць "правільны" пэйзаж, але ўпарта тыражуе свае "творы".

“У Беларусі псыхіятрычны дыягназ могуць выставіць на падставе творчасьці”

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі асабіста знаёмы з Віталем Калгіным-"Бісмаркам":

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

"Я быў знаёмы з творчасьцю гэтага мастака даўно, недзе з пачатку 1990-х гадоў. Мы прымалі ўдзел у мастацкім фэсьце ў Познані ў Польшчы "Остры наврут дэкадэнцыі", альбо "Рэзкае вяртаньне дэкадансу". Ён там рабіў пэрформанс у памяшканьні былога калегіюму езуіцкага, як мае быць, у сваёй манеры: там былі клеткі з жывымі курамі, ён чытаў свае маніфэсты. І ў кантэксьце гэтага фэсту, а такіх пэрформэраў было шмат, ён выглядаў цалкам натуральна. А па-за сваім выступам, творчасьцю — гэта быў звычайны чалавек. І таму ўся гэтая гісторыя выглядае вельмі дзіўна. Большасьць мастакоў, тым больш пэрформэраў, якія ладзяць акцыі, — іхнія дзеяньні шмат каму могуць паказацца незвычайнымі або "ня ў норме". Варта прыгадаць толькі менскі фэст "Навінкі", які праходзіць кожны год.

Калі такія "спэцыялісты зь міліцыі" завітаюць на гэты мастацкі фэст, творчасьць многіх мастакоў з розных краінаў можа здацца ім ненармальнай, дапускае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Ён разважае:

"Гэта вельмі небясьпечны знак, што фактычна, зыходзячы з таго, што мы ведаем, мастака вінавацяць у ягонай творчасьці, то бок дыягназ паставілі на падставе творчасьці яўна не мастацтвазнаўцы, скажам так. А зачыніць яго за кратамі з сацыяльна небясьпечнымі вар’ятамі — гэта жорстка і бесчалавечна. Насамрэч ён нічым не пагражаў грамадзтву", мяркуе Сяргей Харэўскі:

"Я сам мастак, атрымліваў мастацкую адукацыю, ведаю, што сярод маіх ранейшых аднагрупнікаў могуць быць людзі з рухавай псыхікай. Гісторыя мастацтва ведае шмат насамрэч геніяў, якія мелі некаторыя праблемы. Але тут трэба дакладна вызначыць: ці быў гэты чалавек сацыяльна небясьпечны? Ці мог ён прынесьці каму шкоду ці не? Я лічу, што мы маем красамоўную ілюстрацыю ненармальнага стану рэчаў у нашым грамадзтве".

Кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла таксама ведае пра становішча мастака Віталя Калгіна:

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

"Што да нашага мастака, я ведаю такія прыклады, калі і сярод пэдагогаў, і сярод інжынэраў, сярод мастакоў, артыстаў ёсьць людзі з адхіленьнем у псыхічным здароўі, прычым, бывае, і ў цяжкай форме. Тая ж шызафрэнія. Але яна разьвіваецца такім чынам, што гэта ня робіць іх асабліва небясьпечнымі, сацыяльна небясьпечнымі для атачэньня. І яны могуць спакойна пэўны час працаваць, выконваць свае публічныя функцыі, той жа мастак — пісаць цудоўныя палотны, і ягоныя карціны будуць карыстацца посьпехам. Але ёсьць пэрыяд, калі хвароба абвастраецца, яму трэба праходзіць лячэньне, і ён можа быць менш энэргічны ў сваёй прафэсіі, можа, нават і канфліктны ў нейкай ступені. Але я хачу сказаць, што гэта ўсё ў рамках дапушчальнага. І не патрабуецца ізаляцыя іх у мэдычных установах, тым больш такога строгага тыпу, куды накіравалі нашага мастака".

“Вярнуцца з закрытай вар’ятні на волю вельмі цяжка”

Гары Паганяйла кажа, што вярнуцца назад, на волю, з закрытых псыхіятрычных установаў — надзвычай цяжкая справа:

"Ён можа быць на дыспансэрным уліку, ім могуць апекавацца сваякі, сачыць за тым, каб у пэрыяд абвастрэньня ён наведваў дактароў, своечасова прымаў лекавыя прэпараты, якія зьніжаюць сымптаматыку. Але тады, калі здараюцца канфлікты, нават злачынствы, тады нашай праваахоўнай сыстэме прасьцей схаваць чалавека ў мэдычную ўстанову. А яна, калі строгага тыпу, — па сутнасьці, тая ж турма, у якой знаходзяцца псыхічна хворыя людзі. Там ажыцьцяўляецца жорсткі рэжым знаходжаньня, кантроль за іхнімі дзеяньнямі. Натуральна, адтуль выбрацца надзвычай цяжка. Яны абмежаваныя ў перасоўваньні, у спатканьнях са сваякамі. Ну, і натуральна, што яны ня могуць займацца сваёй любімай справай. Па сутнасьці, гэта псыхіятрычная турма".

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі марыў убачыць унікальны для Беларусі помнік архітэктуры — "дом-крэпасьць" у Гайцюнішках, дзе месьціцца псыхіятрычная ўстанова закрытага тыпу:

"Так выйшла, што мне давялося пабываць і ў гэтых Гайцюнішках. Зь Сяргеем Дубаўцом пад’яжджалі паглядзець на ўнікальны дом-крэпасьць архітэктара Нонхарта каля самай мяжы зь Літвой. Гэты ваяж пакінуў цяжкое ўражаньне, таму што ў гэтым доме-крэпасьці, унікальным помніку Рэнэсансу шаснаццатага стагодзьдзя цяпер такая жорсткая фактычна турма для сацыяльна небясьпечных людзей з псыхічнымі захворваньнямі. Умовы там нялюдзкія. Сама мясцовасьць цяжкое ўражаньне робіць: стары парк, чорныя прысады яловыя, дом з таўшчэзнымі сьценамі. Ён быў разьлічаны на адну сям’ю, цяпер там вымушаны жыць за кратамі, як зьвяры, дзясяткі людзей. Пагатоў калі гэтыя людзі хворыя, безабаронныя".



Беларуская мастацкая супольнасьць патрабавала склікаць новую экспэртную камісію, каб перагледзець дыягназ Віталю Калгіну — "Бісмарку". Пакуль што гэтага дамагчыся не ўдалося, Калгін цяпер у Гайцюнішках.

Турма і здароўе


Ці трэба палітвязьню рэагаваць на асуджанага зь нізкім статусам?

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Сёньня размова пойдзе пра псыхалягічны стан зьняволеных за кратамі і пра тое, што пагражае здароўю і нават жыцьцю вязьня, калі зьнішчаецца яго рэпутацыя сярод асуджаных. Адміністрацыя ўсё часьцей спрабуе ціснуць на людзей празь непісаныя турэмныя "законы" аб кастах, або статусах зьняволеных. Пра нядаўні выпадак з экс-кандыдатам на прэзыдэнта, палітвязьнем Андрэем Саньнікавым у Бабруйскай калёніі распавяла нядаўна яго жонка Ірына Халіп. Яна паведаміла журналістам, што да Саньнікава ў ПКТ дзеля ціску на яго падсадзілі зьняволенага зь "нізкім статусам", так званага "апушчанага". На што палітвязень адрэагаваў адразу, абвясьціўшы сухую галадоўку. І таго хуценька прыбралі. На думку Ірыны Халіп, адміністрацыя дэманстравала яе мужу, што такім чынам можа дыскрэдытаваць яго або зьнішчыць ягоную рэпутацыю сярод асуджаных.

Наколькі гэта небясьпечна — апынуцца ў адной камэры з асуджаным нізкага статусу?

Стан беларускіх турмаў і тое, як ставяцца да іх у грамадзтве, змушаюць прыгадаць словы Дастаеўскага. Той пісаў: "Па насельніках турмы можна даведацца, што ўяўляе сабой увесь народ краіны". Страшныя і жорсткія словы. Але ці можна іх аспрэчыць? Значная частка турэмнага жыцьця ў Беларусі глыбока схаваная за мурамі ня толькі з цэглы. Табу, забароненыя, нязручныя тэмы і маўклівая згода ўладаў і грамадзтва з тым, што турэмныя законы — непарушныя.

Непісаныя турэмныя законы аб кастах, статусах зьняволеных адміністрацыя выкарыстоўвае дзеля ціску альбо катаваньня. Вядома, што іх ужывалі супраць шэрагу палітзьняволеных у Беларусі.

Чаму так страшна тое, пра што кажа Ірына Халіп — "зьнішчыць рэпутацыю сярод асуджаных"? І як яе можна зьнішчыць такім, здавалася б, няхітрым спосабам — проста пасадзіць суседа нейкага там "нізкага статусу"?

"Ніжэй за гэта нічога няма"

Як тлумачыць вілянчук Валеры Савянкоў, які сядзеў у турмах у Беларусі і Літве і змагаецца за правы зьняволеных, "гэта, вядома, вельмі сур’ёзная пагроза":

Валеры Савянкоў

Валеры Савянкоў

"Што тычыцца гэтых вось "апушчаных", то, зразумела, ніжэй ужо нічога быць ня можа. Гэта твой аўтарытэт рухнуў і на зоне, і на волі. Чуткі ўсе распаўсюджваюцца хутка па перасылках".

Адным словам, не схавацца, не ўратавацца. Правесьці пэўны час у адной камэры са зьняволеным "нізкага статусу" азначае стаць такім жа, тлумачыць Валеры Савянкоў:

"Заўсёды цябе будуць у канвойным аўтамабілі везьці асобна, у мэдычным блёку таксама ў асобнай камэры. Напрыклад, у "зоне" — там усе міскі прасьвідраваныя дзірачкай, і лыжкі таксама. Бо гэты посуд мыецца разам у агульнай судамыйцы. І каб не пераблытаць "петушыныя" лыжкі і міскі гэтых апушчаных, то яны ўсе маюць гэтыя дзіркі. Крый Божа пераблытаць. Гэта ўсё. Калі ты такую лыжку возьмеш проста ў рукі, ты рызыкуеш трапіць у "петушатнік". Зразумела, праз гвалт і нейкае зьбіцьцё.

Адміністрацыя падтрымлівае

Прыклад з посудам зь дзірачкамі — у ліку шматлікіх табу, якія тычацца "апушчаных", самай нізкай у турэмнай герархіі касты, пазбаўленай усіх правоў. Адміністрацыя, як бачна, падтрымлівае гэта: без дазволу кіраўніцтва пэнітэнцыярных установаў нельга было б зрабіць нават тыя ж самыя дзірачкі на посудзе для касты "недатыкальных":

"Калі штосьці наблытаеш, можна нават і жыцьцё страціць. Тут на шалях жыцьці людзей", сьведчыць Валеры Савянкоў.

Так што пагроза Андрэя Саньнікава абвясьціць сухую галадоўку з-за таго, што да яго ў ПКТ падсадзілі "апушчанага", — рэакцыя не празьмерная. Зьняволеныя ідуць на ўсё, прыгадвае Валеры Савянкоў, каб ня трапіць у статус "апушчанага":

"Тыя, каго гвалтоўна кідаюць у "петушатню", гатовыя на ўсё, каб ня трапіць туды. Глытаюць усё што заўгодна — лыжкі, цьвікі. Адзін, напрыклад, праглынуў усё даміно, акрамя адной дамінушкі — пуста-пуста, здаецца. Потым хірург усё дастаў. Гэта ўсё страшна. Не кажу пра тое, што ўвесь час у турэмную бальніцу прывозяць усялякіх "паламаных" у выніку розных канфліктаў".

“Лепш калецтва, чым пагроза быць "апушчаным”

І ўсё ж ці варта менавіта палітвязьню рэагаваць на "апушчанага" ў камэры так, як гэта зрабіў Андрэй Саньнікаў? Такое пытаньне ставяць у сваіх допісах і нашы чытачы і слухачы.

Адзін з наведнікаў сайту "Свабоды" напісаў:

"Чытаў выказваньні Саньнікава ў падачы ягонай жонкі пра тое, што яму падсадзілі асуджанага з так званым "нізкім статусам", зь якім Андрэй Алегавіч адмовіўся сядзець у ПКТ. Паводле маіх паняцьцяў, ён зрабіў усё правільна. Але як палітыку яму агучваць гэта было б ня варта. Для яго ўсе людзі павінны быць аднолькавыя. Ён палітык, кандыдат на прэзыдэнта, а не крымінальнік. Мне падаецца, што Ірына такім чынам яго падставіла".

Яму адказаў Зьміцер, адзін са сталых удзельнікаў перадачы "Свабода ў турмах":

"Вы проста ня ў курсе пра сутнасьць турэмных "паняцьцяў", якія існуюць на сёньняшні дзень у месцах пазбаўленьня волі. Падсадка чалавека зь "нізкім статусам" — адзін з самых жорсткіх і незаконных відаў прэсінгу на асуджанага".

Зьміцер, сам колішні асуджаны, патлумачыў:

"Калі нармальны зэк правядзе ў "петушынай хаце" (альбо, у дадзеным варыянце, адзін на адзін з "петухом") больш за дзьве гадзіны (у іншых турмах — больш за суткі), ён аўтаматычна пераводзіцца ў "нізкі статус".

Андрэй Бандарэнка, кіраўнік ініцыятывы ў падтрымку і абарону правоў асуджаных — грамадзкага аб'яднаньня "Плятформа", які сам правёў два гады за кратамі, патлумачыў, што ў такіх пытаньнях трэба разумець шмат якія нюансы.

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

"Тыя законы, якія дзейнічаюць на "зоне", яны не былі створаныя ўчора ці пазаўчора. Яны ствараліся цягам дзесяцігодзьдзяў, перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне, а таму.ўспрымаюцца як норма. І калі сёньня мы пачнем апэляваць да зэкаў: вось нельга так ставіцца да гэтых "апушчаных" ды "адсаджаных", у гэтых людзей зламаны лёс, — вас проста не зразумеюць. Там гэта норма. Любое непрыманьне ці парушэньне гэтых законаў тоіць у сабе вельмі сур’ёзныя наступствы. Зразумела, ты вельмі хутка пачынаеш прызвычайвацца да гэтых законаў. Інакш ты там ня выжывеш".

Адміністрацыя ж выкарыстоўвае гэтыя турэмныя законы ў сваіх мэтах. Але і сама ім падпарадкоўваецца, кажа Валеры Савянкоў:

"Вельмі строга выконвае ўсе інструкцыі. Бо інакш гэта небясьпечна для самой адміністрацыі. Калі, напрыклад, здарыцца так, што прадстаўнік гэтай нізкай касты апынецца на кухні, а тым больш працуе там кухарам, — гэта будзе бунт. І тады будуць ахвяры, будуць спаленыя баракі і г.д.".

Такім чынам, турэмнае кіраўніцтва можа выкарыстоўваць і неяк рэгуляваць гэтае "звычаёвае турэмнае права", заснаванае на кастах і своеасаблівым сэксуальным рабстве, але адначасова і мусіць лічыцца з існаваньнем гэтых парадкаў, бо цалкам зьнішчыць іх, як выглядае, бясьсільнае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG