Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Бісмарк: "Я цалкам залежу ад псыхіятрычнай сыстэмы"


Мастак Віталь Калгін (Бісмарк)

Мастак Віталь Калгін (Бісмарк)

Беларуская мастацкая супольнасьць выступіла ў абарону мастака Віталя Калгіна (творчы псэўданім – Бісмарк), які паводле судовага рашэньня павінен прайсьці прымусовае лячэньне ў спэцыяльнай установе.

Віталь Калгін быў асуджаны на падставе паказаньняў чатырох чалавек, якія сьцьвярджалі, што ён беспрычынна напаў на іх кампанію і нанёс аднаму зь іх цялесныя пашкоджаньні. Сам Калгін кажа, што ён стаў ахвярай нападу п'янай кампаніі і вымушаны быў абараняцца.

Калгін: «Экспэртыза выявіла ап'яненьне менавіта параненага чалавека – 1,2 праміле, бо яна проста праводзіцца аўтаматычна. А астатніх нападнікаў, якіх запісалі ў сьведкі – зь імі экспэртызу не праводзілі, але фактычна яны і не абвяргаюць, што расьпівалі сьпіртовыя напоі».

Сам Калгін таксама атрымаў траўмы, але ў пастанове суду гаворыцца,
...удараў Калгіну ніхто не наносіў, ён неаднаразова падаў праз лаўку, ударыўшыся аб сьметніцу, праз клюмбу, і пры гэтым мог атрымаць цялесныя пашкоджаньні.

што «удараў Калгіну ніхто не наносіў, ён неаднаразова падаў праз лаўку, ударыўшыся аб сьметніцу, праз клюмбу, і пры гэтым мог атрымаць цялесныя пашкоджаньні».

25 студзеня 2011 Фрунзенскім судом г. Менску Калгін быў накіраваны на прымусовае лячэньне. 27 ліпеня судзьдзя Вольга Комар зацьвердзіла папярэдняе рашэньне. Пры гэтым асуджанаму адмовілі ў паўторнай судова-псыхіятрычнай экспэртызе.
Яшчэ ў 1988 годзе Віталю Калгіну быў пастаўлены дыягназ “шызафрэнія”. Паводле знаёмых мастака, галоўнай падставай для дыягназу тады стала яго карціна “Патрыярх”, што была выстаўлена ў межах калектыўнага праекту “На Калектарнай”.

Калгін: "Я цалкам залежу ад псыхіятрычнай сыстэмы, якая лічыць мяне псыхічна хворым, хоць па сутнасьці я такім не зьяўляюся. Усе іх высновы грунтуюцца на інтэрпрэтацыі маёй мастацкай дзейнасьці. Калі я бываю на прыёме, яны распытваюць – а што ты малюеш, а як ты малюеш. І ўсё. Пасьля нешта пішуць і выпісваюць нейкія лекі".

Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс Art Aktivist, “Беларускі мастак-авангардыст Бісмарк, якога памятаюць як Віталя Ражкова (пазьней ён зьмяніў прозьвішча – рэд.) , зьяўляецца выбітнейшым прадстаўніком беларускага неафіцыйнага мастацтва 1980-90-х. Мастак са сваім унікальным лёсам, які сьвядома абраў шлях творчага індывідуалізму: пасьля распаду Савецкага саюзу Бісмарк амаль не ўдзельнічаў у калектыўных праектах, зьдзяйсьняючы сваю мастацкую стратэгію праз пэрсанальныя арт-акцыі, як, напрыклад, у Галерэі “Падземка” у 2007 годзе".

У арт-асяродку Менску справа Бісмарка атрымала шырокі розгалас. Мастак і пісьменьнік Артур Клінаў рыхтуе адмысловы нумар часопісу pARTisan, прысьвечаны Калгіну.

Артур Клінаў

Клінаў: "Шырокі грамадзкі розгалас гэтай справе мы вырашылі надаць хаця б з пачуцьця элемэнтарнай справядлівасьці. Відавочна, што справа была цалкам сфабрыкаваная. Чалавек мае нібыта групу па псыхічным захворваньні, якую ён атрымаў больш як 20 гадоў таму за сваю мастацкую дзейнасьць. Тое, куды яго адпраўляюць - гэта горш, чым турма, бо з турмы выходзяць нармальнымі людзьмі, а ў Гайцюнішках адбудзецца поўнае расчалавечаваньне. Там ён будзе сядзець з вар'ятамі, якія зьдзейсьнілі цяжкія злачынствы. . Я думаю, тут не было палітычнага падтэксту, але ягоная артыстычная пазыцыя шмат каго раздражняе. У такой сытуацыі маўчаць нельга, я лічу".

Карэспандэнт: "Сам Віталь Калгін прызнае, што раней, у 2004 годзе быў падобны выпадак, бойка з п'яным суседам, хоць тады не дайшло да сур'ёзных пашкоджаньняў. Ён тлумачыць, што і тады ён быў вымушаны абараняцца, але суд прыняў бок суседа. Ці ня можа тут быць пагрозы, што вы з мастацкай салідарнасьці ўзяліся абараняць чалавека, небясьпечнага для іншых?"

Клінаў: Давайце зыходзіць з элемэнтарнай лёгікі. Цьвярозы чалавек нападае на трох п'яных... Вы б пайшлі на ткаі крок? Гэта, вядома, магчыма, калі чалавек абсалютна "неўмяняемы". Але Віталь - а я яго ведаю ўжо шмат гадоў - яго "неўмяняемасьць" выдадзеная яму толькі на падставе ягоных эстэтычных поглядаў, своеасаблівай радыкальнай эстэтычнай канцэпцыі. Ведаеце, усё ў гэтай справе шыта белымі ніткамі. Уявіце: ён на іх нападае, спатыкаецца аб нейкую лаўку, восем разоў удараецца аб бэтонную сьметніцу і атрымлівае восем праломаў чэрапа. Ён рэальна ляжаў некалькі тыдняў у шпіталі. Ці мог ён сам, падаючы, нанесьці сабе столькі пашкоджаньняў?

Карэспандэнт: А вы наведвалі яго ў шпіталі?

Клінаў: Я бачыў здымкі, зробленыя пасьля гэтага. Але сам пра гэтую сытуацыю даведаўся празь некалькі месяцаў, бо яна пачалася яшчэ летась увосень, мы зьбіралі подпісы ад грамадзкасьці ў падтрымку Віталя. Але гэты ліст суд да ўвагі не прыняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG