Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народныя сходы: замест плошчаў — кватэры і пад’езды


«Народны сход» 8 кастрычніка ў Магілёве

«Народны сход» 8 кастрычніка ў Магілёве

На 12 лістапада ў Менску, а таксама ў шэрагу рэгіёнаў заплянаваны чарговы Народны сход. Паводле сустаршыні Каардынацыйнай рады Віктара Івашкевіча, арганізатары Народнага сходу зьбіраюцца абвясьціць атрыманы ад уладаў адказ на рэзалюцыю, што была прынятая адкрытым галасаваньнем 8 кастрычніка на папярэднім сходзе. Тады ўдзельнікі патрабавалі спыніць рост цэнаў, індэксаваць заробкі, пэнсіі й стыпэндыі, скасаваць сыстэму кароткатэрміновых абавязковых кантрактаў, вызваліць палітвязьняў, а таксама правесьці новыя свабодныя выбары прэзыдэнта і парлямэнту.

Падрабязнасьці наконт арганізацыі Народнага сходу 12 лістапада Каардынацыйная рада надрукавала ў газэце «Народная воля. Улады палічылі артыкул „Народны сход“ як форма самаарганізацыі грамадзянаў» парушэньнем, і сёньня галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч быў выкліканы ў Генэральную пракуратуру для гутаркі. Па яе заканчэньні Ёсіф Сярэдзіч паведаміў «Свабодзе»:

«Адбылася, на мой погляд, нармальная гутарка, абмен меркаваньнямі. Іх справа — зьвярнуць увагу на некаторыя акалічнасьці, што маюць месца ў публікацыі. Мая справа — даць тлумачэньні. Ніхто на гэты раз нічыіх правоў не парушаў».


у Баранавічах судзяць арганізатараў


Тым часам у рэгіёнах мясцовая ўлада, суды, КДБ і міліцыя ўзмацняюць ціск на арганізатараў Народных сходаў.

Яшчэ 8 лістапада ў Баранавічах пачалі судзіць старшыню аргкамітэту мясцовага Народнага сходу Віктара Мезяка. Судзьдзя Станіслаў Півавар адклаў разгляд справы на 11 лістапада, матывуючы гэта неабходнасьцю вывучыць закон аб мясцовых сходах.

Віктар Мезяк кажа, што якія б ні былі выракі, Народны сход у Баранавічах адбудзецца:

«12 лістапада, у суботу, у Старым парку ў Баранавічах а 13:00 адбудзецца другая сэсія Народнага сходу. Натуральна, мы туды прынясем тыя адказы ад уладаў, якія мы атрымалі, агучым іх і абмяркуем зь людзьмі».


У Берасьці Народны сход перанесьлі на 10 сьнежня


Такое рашэньне прыняў мясцовы аргкамітэт. Старшыню ж берасьцейскага Народнага сходу Зінаіду Міхнюк 11 лістапада будуць судзіць, вінавацячы ў брыдкаслоўі.


У Слоніме «Народны сход» пройдзе на кватэрах


Дэмакратычныя актывісты ў Слоніме прапанавалі на чарговы Народны сход зьбірацца да знаёмых у хаты і кватэры, прымаць рашэньні і перадаваць іх уладам.

Грамадзкі актывіст са Слоніма Іван Бедка, які за арганізацыю «Народнага сходу» быў аштрафаваны на 1 мільён 400 тысяч рублёў, упэўнены, што правесьці сход на вуліцы ня ўдасца, бо людзі запалоханыя пасьля таго, як міліцыя разагнала яго мінулым разам. Ён прапануе новы фармат правядзеньня «Народнага сходу», які, на яго думку, можа спрацаваць больш эфэктыўна:

«Тыя, хто супраць палітыкі, што праводзяць улады, могуць сабрацца на кватэрах, у сваіх дамах, абмеркаваць цяперашнюю сытуацыю ў краіне, вылучыць пэўныя патрабаваньні і перадаць іх уладам».

Лідэр абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што надалей партыйцы вырашылі адмовіцца ад ідэі правядзеньня «Народнага сходу», бо ў цяперашніх умовах немагчыма падрыхтаваць мерапрыемства і нават праінфармаваць людзей. Да новай ініцыятывы слонімскіх актывістаў Істомін ставіцца крытычна:
Калі мы зьбіраемся на кватэры, то гэта ўжо атрымліваецца звычайная вечарына грамадзян

«Гэта будзе ўжо не Народны сход, а нібыта вячоркі. Сам фармат Народнага сходу прадугледжвае масавы ўдзел грамадзян, і яго рашэньні павінны мець легітымны характар. А калі мы зьбіраемся на кватэры, то гэта ўжо атрымліваецца звычайная вечарына грамадзян».

Актывіст партыі «Справядлівы сьвет» Павал Станеўскі распавядае, што іх партыя абрала фармат правядзеньня Народнага сходу ў дварах сярод жыхароў. Ён цалкам падтрымлівае і ініцыятыву слонімцаў, каб праводзіць сходы ў кватэрах:

«Мінулы Народны сход паказаў недахопы вялікіх сходаў у нашых умовах — шмат міліцыі, усё агароджана, незразумела, хто прыйшоў на сход, а хто проста ходзіць. А так людзі зьбяруцца ў сваіх пад’ездах, абмяркуюць рэальныя праблемы і перададуць тэксты».

Віктар Івашкевіч прыхільна ставіцца да прапановаў праводзіць сходы ня толькі ў дварах, але, як плянуюць актывісты на Гарадзеншчыне, у дамах і кватэрах:

«Сходы — гэта не рэвалюцыйныя дзеяньні. Сходы — гэта сродак самаарганізацыі людзей, іх камунікацыі між сабой, каб яны знайшлі сяброў і паплечнікаў, зь якімі разам будуць выходзіць на наступныя акцыі пратэсту. Таму любыя месцы прыдатныя, дзе могуць сабрацца 10–20 і больш чалавек».
XS
SM
MD
LG