Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайткявічус: Мы кажам пра палітычны працэс, у якім ніякіх правілаў няма


Томас Вайткявічус
Томас Вайткявічус
Суд над старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім адкладзены да 16 лістапада. Як ставяцца да гэтага працэсу юрысты і праваабаронцы?

Падчас сёньняшняга судовага пасяджэньня абарона Алеся Бяляцкага прадставіла суду копію ліста Міністэрства юстыцыі Літвы на адрас Мін’юсту Беларусі ад 24 жніўня. У ім гаворыцца, што ў раней дасланых лістах пра рух сродкаў на літоўскіх рахунках Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча перададзеная няпэўная інфармацыя. Камэнтуючы гэты ліст, намесьнік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

«Не аднойчы мы казалі пра тое, што атрымліваючы дадзеныя пра рахунак Бяляцкага, беларускі бок неправамерна прымяніў дамову паміж Беларусьсю і Літвой. У такіх справах, якія, на нашу думку, не зьвязаныя з крымінальным злачынствам, гэтая дамова ня дзейнічае. Таму атрыманыя дадзеныя проста няпэўныя. Гэта паводле ўсеагульнага працэсуальнага права азначае, што гэтыя дадзеныя ня могуць быць падставай для крымінальнага перасьледу. Гэта мы кажам пра ўсеагульна прынятае права ў Літве і іншых краінах. Гэта азначае, што суд адмаўляецца карыстацца гэтымі дадзенымі. Але мы кажам пра краіну, у якой з правам далёка ня ўсё добра».

Дзяржаўны абвінаваўца ў судзе згадаў заявы прадстаўнікоў Літвы, дзе яны выказваюць шкадаваньне ў сувязі з выкарыстаньнем мэханізму прававой дапамогі для пачатку крымінальнай справы супраць Бяляцкага. Ён папрасіў далучыць гэтыя заявы да справы як пацьвярджэньне сапраўднасьці дадзеных пра рахункі Бяляцкага. Камэнтуючы гэта, спадар Вайткявічус сказаў:

«Мне вельмі цяжка расцэньваць гэты працэс як наогул прававы. Мы кажам пра палітычны працэс, у якім, напэўна, ніякіх правілаў няма».

Палітоляг Юры Чавусаў мяркуе, што варыянт зьмякчэньня і перакваліфікацыі справы, да прыкладу, на частку першую артыкула, па якім абвінавачваецца Бяляцкі, быў бы для ўладаў прыстойным варыянтам выйсьця з сытуацыі. Бо ў такім выпадку самага вядомага праваабаронцу можна было б выпусьціць з-за кратаў.
Вялікае значэньне мае і функцыя застрашваньня грамадзкіх дзеячаў і праваабаронцаў

«Але словы пракурора, што абвінавачваньне будзе значна адрозьнівацца ад першапачатковага, сьведчаць, што, хутчэй за ўсё, у справе зьявіцца яшчэ адзін, новы артыкул. І допыты сьведак, і ўвесь ход працэсу круціліся вакол працы незарэгістраванага праваабарончага цэнтру „Вясна“. Гэта азначае, што ўлады зноў могуць ужыць артыкул 193-1, які карае за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі. Працэс Бяляцкага мае значэньне ня толькі як спосаб ізаляваць ад грамадзтва лідэра найбуйнейшай праваабарончай арганізацыі і зьнішчыць дзейнасьць гэтага праваабарончага цэнтру. Але вялікае значэньне мае і функцыя застрашваньня грамадзкіх дзеячаў і праваабаронцаў.Таму гэтай функцыі такой перакваліфікацыяй абвінавачаньня ўлады могуць і дасягнуць».

За судом над Алесем Бяляцкім сочыць Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Дзеля гэтай мэты сёньня на працэсе прысутнічала старшыня Незалежнай экспэртна-прававой рады, сябра Рады пры прэзыдэнце Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Мара Палякова:

«Для мяне было поўнай нечаканасьцю, я нават сказала, што гэтага ня можа быць, каб перапрад’яўлялі абвінавачаньне ў рамках перапынку ў судовым разборы. Аказваецца, па беларускім заканадаўстве гэта магчыма. Таму мне зусім незразумела, што можа быць. Але баюся, што гэта ня лепшы варыянт. Для ўсіх была незразумелая сытуацыя. У расейскім заканадаўстве была б выключаная магчымасьць павароту ў горшы бок. А па заканадаўстве Беларусі гэта магчыма. Гэта нейкі зусім неправавы парадак. Прагназаваць пры адсутнасьці такіх прававых крытэраў немагчыма».

Мара Палякова сказала, што лічыць Бяляцкага невінаватым і зьбіраецца падаць інфармацыю аб працэсе на пасяджэньні Рады пры прэзыдэнту Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG