Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкага чакае новае абвінавачваньне. У судзе перапынак да 16-га лістапада


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

У судзе над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» абвешчаны перапынак да 16-га лістапада. Пра перапынак папрасіў пракурор Валеры Сайкоўскі . Ён папярэдзіў, што новае абвінавачваньне будзе "істотна адрозьнівацца да папярэдняга".


13.00 Прадстаўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не выключаюць, што новае абвінавачаньне Бяляцкаму будзе зьвязанае з артыкулам пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Яны аргумэнтуюць свае здагадкі тым, што Бяляцкі не хавае, што праца "Вясны" працягваецца пасьля таго, як яе закрылі.

Праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што пракурор мае права папрасіць перапынку, каб выставіць новае абвінавачаньне. Гэта сьведчыць пра тое, што папярэдняе абвінавачаньне не знайшло пацьверджаньня ў судзе. Гэта значыць, што фактаў незаконнага ўтойваньня прыбыткаў на тэрыторыі Беларусі не было, кажа Паганяйла. Ён не выключае, што справа "можа быць перафарматаваная" на мякчэйшы артыкул, не зьвязаны з пазбаўленьнем волі — дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паганяйла таксама адзначае, што калі будзе выстаўленае новае абвінавачаньне, абароне спатрэбіцца час, каб азнаёміцца зь ім. Абарона таксама папросіць мінімум 5 дзён перапынку.

Былы адвакат Павал Сапелка кажа: звычайна, калі пракурор хоча зьмякчыць пакараньне, ён адмаўляецца ад нейкіх пунктаў абвінавачаньня ў часе працэсу і ня просіць перапынку. Сапелка не выключае, што Бяляцкаму выставяць новыя абвінавачаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі.


12.39 Судзьдзя абвясьціў перапынак да 10.00 16-га лістапада.

12.38 Пракурор хадайнічае пра перапынак да 16-га лістапада, каб выставіць Бяляцкаму новае абвінавачваньне. "Новае абвінавачваньне будзе істотна адрозьнівацца ад папярэдняга", — заявіў пракурор.

12.30 Пракурор пытаецца ў Бяляцкага: "Ці вы аплачвалі друк кніг тымі грашыма, якія атрымлівалі ад міжнародных арганізацый?

Бяляцкі: "Так".

Пракурор: "Якую працу вы праводзілі пры гэтым?"

Бяляцкі: "Большую частку кніг рыхтаваў ня я. Не магу сказаць, хто яшчэ, бо ён можа пацярпець за праваабарончую дзейнасьць".


11.47 Адвакат хадайнічае, каб да справы далучылі копіі ліста Мін'юста Літвы і Мін'юсту Беларусі, у ім паведамляецца, што інфармацыя пра рух сродкаў на рахунках Бяляцкага і Стэфановіча зьяўляецца недаставернай. Гэты ліст завераны пячаткамі міністэрства і амбасады Літвы. Суд далучыў гэты дакумэнт да справы.

Адвакат просіць суд далучыць да справы выдадзеную «Вясною» праваабарончую літаратуру. Бяляцкі кажа суду, што кожны год «Вясна» выдае да 10 друкаваных выданьняў. За апошні час праваабарончы цэнтар сумесна зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі надрукаваў каля да 20 выданьняў. Кошт падрыхтоўкі аднаго выданьня ад 1 да 10 тысяч эўра.

Адвакат: Чаму вы не спынілі праваабарончую дзейнасьць, пасьля закрыцьця "Вясны"?

Бяляцкі: Таму што закрыцьцё "Вясны" было незаконным, што прызнаў у 2007 годзе Камітэт ААН па правах чалавека, які абавязаў беларускія ўлады зарэгістраваць "Вясну" цягам 90 дзён. На жаль, гэта не было выканана. Мы лічым, што парушаюцца нашыя правы і не зьбіраемся спыняць праваабарончую дзейнасьць.

Адвакат просіць далучыць да справы ліст арганіазцыі Civic rights defenders, якая давала "Вясьне" гранты на праваабарончую дзейнасьць, пра тое, што яна ня мае ніякіх маёмасных прэтэнзіяў да спадара Бяляцкага. Суд далучае.

Адвакат просіць далучыць да справы копію дыплёма прэміі Нарвэскага хэльсынскага камітэту Алесю Бяляцкаму за актыўны ўдзел у барацьбе за правы чалавека, а таксама іншыя прэміі міжнародных арганізацыяў. Суд далучае.

Адвакат просіць далучыць да справы рашэньне горада Генуі (Італія) пра тое, каб надаць Бяляцкаму ганаровае грамадзянства Генуі "за стойкасьць у барацьбе за правы чалавека". Суд далучае.

11.40 Пракурор згадвае, што падчас сьледзтва Бяляцкі даваў паказаньні, што ён адкрыў рахунак у банку NORD і яшчэ адным іншым літоўскім банку.

"У якім?" — пытаецца пракурор.

Бяляцкі адмаўляецца камэнтаваць, бо гэты эпізод ня трапіў у прад'яўленае яму абвінавачваньне.


11.35 Адвакат зьвярнуў увагу, што раздрукоўкі, якія чытаў пракурор, не дазваляюць быць пэўнымі, што яны сапраўдныя. А што да сапраўднасьці банкаўскіх дакумэнтаў, то яны вызначаюцца не такімі раздрукоўкамі, а ўмовамі дамовы аб прававой дапамозе. Нягледзячы на пярэчаньні адкавата, суд далучыў гэтыя матэрыялы да справы.

11.20 Пракурор далей чытае звароты міжнародных праваабарончых арганізацыяў у абарону Бяляцкага і просіць іх далучыць да справы. Суд далучае.

Пракурор чытае пратэст літоўскага боку з нагоды выкарыстаньня дамовы аб прававой дапамозе ў мэтах палітычнага перасьледу Бяляцкага і аб прыпыненьні дзеяньня гэтай дамовы Літвой. Гэта, на думку пракурора даказвае, што дакумэнты, прадстаўленыя на Бяляцкага Літвою зьяўляюцца сапраўднымі.

11.10 Пракурор кажа, што ўчора сьледзтва атрымала матэрыялы з сайту Вясны: Праваабарончы цэнтар «Вясна» — няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, якая пасьля арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям.

Пракурор зачытвае і пытаецца ці адпавядае гэта сапраўднасьці. Бяляцкі адказвае: "У агульных рысах так".

Судом гэты тэкст далучаны да справы.

Пракурор мае яшчэ пытаньне да Бяляцкага: Што з мэтаў «Вясны» немагчыма было выконваць з улікам патрабаваньняў дэкрэта пра гуманітарную дапамогу?

Бяляцкі губляецца.

Пракурор зачытвае зварот Нарвэскага хэльсынскага камітэту пра вызваленьне Бяляцкага. У ім сьцьвярджаецца, што Бяляцкі зьяўляецца ляўрэатам прэміі імя Сахарава гэтага камітэту. Пракурор пытаецца ў Бяляцкага, якую суму ён атрымаў у выглядзе гэтай прэміі? Бяляцкі тлумачыць, што гэта прэмія ў выглядзе граматы.





11.05 Пракурор просіць Бяляцкага пацьвердзіць, ці заключалася ім дамова з замежнай праваабарончай арганізацыяй на атрыманьне гранту на арганізацыю грамадзкіх прыёмных "Вясны". Бяляцкі адмаўляецца гэты дакумэнт камэнтаваць, таму што сьледзтва здабыла яго "непрацэсуальным шляхам".

10.50 Бяляцкі тлумачыць, што ў 2008-09 гадах кожнае ягонае перасячэньне мяжы фіксавалася мытняй. Тое што прадставіў Мытны камітэт — няпоўная інфармацыя: "Гэтыя дакумэнты ў мяне ёсьць дома, але жонка ня можа іх знайсьці. Выпусьціце мяне пад падпіску, я іх прынясу".

10.34 Судзьдзя паведаміў, што па даручэньні суду былі перакладзеныя матэрыялы справы, якія былі аформленыя на замежных мовах. Адвакат знайшоў памылкі ў перакладзе: "грамадзкія прыёмныя" "Вясны" пададзеныя як "грамадзкая прыёмная".

Перакладзеныя дакумэнты сьведчаць, што грошы ад міжнародных праваабарончых арганізацый на рахунак Бяляцкага пераводзіліся для арганізацыі працы грамадзкіх прыёмных "Вясны" па Беларусі, каб наладзіць назіраньне на выбарах.

10.20 Наступны дакумэнт — інфармацыя з Мытнага камітэту на запыт суду пра мытныя дагляды Бяляцкага: дэклярацыі, акты.

Дакумэнты атрыманыя з Гарадзенскай, Ашмянскай і Берасьцейскай мытняў. Частка дэклядарцыяў ужо зьнічшана, бо скончыўся тэрмін захоўваньня. Выснова мытнікаў — - парушэньняў ня выяўлена.

Адвакат і Бяляцкі вывучаюць матэрыялы мытні.

Матэрыялы мытні далучаныя судом да справы.

10.03 Пракурор зачытвае ліст, атрыманы з падаткавай інспэкцыі Першамайскага раёну Менска. Інспэкцыя накіравала ў суд копіі дэклярацый Бяляцкага пра прыбыткі і маёмасьць, а таксама акты праверкі прыбыткаў і выдаткаў.

У чэрвені 2008 году падаткавая інспэкцыя запатрабавала ў Бяляцкага дэклярацыю за 2007 год. Ён паказаў, што ў той год ня меў прыбыткаў.

Праверка паказала, што парушэньняў з боку Бяляцкага не было. Аднак было выяўлена, што некалькі разоў выдаткі Бяляцкага перавышалі прыбыткі. Бяляцкі патлумаўчыў беспрацэнтнымі пазыкамі. Гэта было пацьверджана дакумэнтамі.

У дакумэнтах таксама зафіксавана, што Бяляцкі прадаў кватэру.

Суд далучыў гэтыя матэрыялы да справы. Адвакат заўважыў, што ў лісьце з падаткавай няма подпісаў службовых асоб.

Адвакат дадаў, што не былі пацьверджаныя расходы Бяляцкага на сплату дзяржаўнай пошліны і паслугаў сувязі. Што з гэтага перавышэньня быў заплачаны падатак 281 тысяча рублёў, гэта сьведчыць пра тое, што перавышэньне расходаў над даходамі было нязначным, заявіў адвакат.


10.02 Працэс адноўлены. У судзе амаль поўная заля.


Былы адвакат Павал Сапелка пра суд над Бяляцкім



Аляксандар Казулін пра суд над Бяляцкім


Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка.

Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.

Пракурор — Валеры Сайкоўскі.



Суд над Алесем Бяляцкім:
Дзень першы
Дзень другі
Дзень трэці

Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG