Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень другі. Жывы рэпартаж


3 лістапада ў Менску працягвалі судзіць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Сёньня апыталі сьведак і пачалі вывучаць пісьмовыя матэрыялы.

Інтэрвію Натальлі Пінчук Валеру Каліноўскаму


Натальля Пінчук: «Мае спадзяваньні толькі на справядлівы вырак»

18:00 У судзе перапынак да 10-й гадзіны 4 лістапада.

17:35 Пракурор агалошвае дакумэнты сьледзтва, падаткавай інспэкцыі, дэклярацыі Бяляцкага, банкаўскія раздрукоўкі.

17:07 Усе сьведкі дапытаныя. Суд пераходзіць да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы.

17:03 Працэс аднавіўся. Пракурор наконт учорашніх запытаў суду ў Мытны камітэт і Міністэрства падаткаў патлумачыў, што з мытні акты пра перасячэнні мяжы могуць быць атрыманая як мінімум у сераду, а з падаткавай — некалі на наступным тыдні. Адвакат зазначае, што з мытні патрэбная хаця б даведка, што Бяляцкі не перавозіў грашовых сродкаў.

16:36 Шарамет: «Працэс над Алесем Бяляцкім больш жорсткі, бяздумны і рэпрэсіўны, чым над кандыдатамі»

16:34 Па просьбе пракурора абвешчаны перапынак да 17 гадзін.

16:22 Наступны сьведка — праваабаронца Алена Лапцёнак. Алена кажа, што атрымлівала ад Бяляцкага грошы на праваабарончую дзейнасьць, пісала справаздачы пра выдаткі. Але казаць пра нейкія падрабязнасьці яна адмаўляецца, спасылаючыся на сваё права ня сьведчыць супраць сябе.

Пракурор паказвае Алене дакумэнты з польскага банку, дзе пазначана яе прозвішча ў радку пра перавод пэўнай сумы грошай. Алена адмаўляецца нешта тлумачыць.

Алена Лапцёнак пасьля дачы паказаньняў зьняла швэдар і засталася ў майцы з партрэтам Бяляцкага, сказаўшы: «Бяляцкага — на волю!» Гэты жэст сустрэлі аплядысмэнтамі.

16:18 Наступная сьведка — жонка Бяляцкага Натальля Пінчук. Яна адмовілася даваць паказаньні па справе, паколькі на лаве падсудных знаходзіцца яе муж.

16:07 Наступны сьведка — прадпрымальнік Аляксей Колчын з Магілёву.

Колчын зьяўляецца сябрам Магілёўскага праваабарончага цэнтру. Пра замежныя рахункі і перавод яму грошай, паездкі за мяжу зь Бяляцкім гаварыць адмовіўся. Пракурор дэманструе ксэракопіі распісак аб атрыманьні сродкаў, падпсіаныя Колчыным.Колчын адмовіўся нешта тлумачыць, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі. Адвакат Бяляцкага заявіў пратэст з нагоды таго, што невядома якім чынам здабытыя гэтыя копіі распісак.

16:04 Палітвязьні і справа Бяляцкага ў люстры грамадзкай думкі

15:53 Наступны сьведка — праваабаронца Віктар Сазонаў з Гародні.

Бяляцкага Сазонаў ведае гадоў 20. Ён кажа, што зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы, якая хоча зарэгістраваць ПЦ «Вясна». Сазонаў таксама кажа, што атрымліваў ад Бяляцкага грошы на праваабарончую дзейнасьць, ніякіх прыбыткаў зь іх ня меў, дасылаў справаздачы пра выдаткі. На больш падрабязныя пытаньні пракурора Сазонаў адказваць адмаўляецца, спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі.

Пракурор паказвае Сазонову пераклад раздрукоўкі з польскага банку, дзе некалькі разоў пазначана прозьвішча Сазонаў. Сьведка на гэта кажа, што ня можа ні абвергнуць, ні пацьвердзіць гэтыя дакумэнты, паколькі бачыць іх першы раз.

15:35 Наступная сьведка — праваабаронца Тацьцяна Равяка.

Тацьцяна ведае Бяляцкага 20 гадоў, працавала зь ім у музэі Багдановіча, мае зь ім сяброўскія адносіны, разам працавалі таксама ў правабарончым цэнтры «Вясна».

Равяка заявіла, што ў «Вясьне» грошай не атрымлівала, але атрымлівала асабіста ад Бяляцкага грошы «на праваабарончую дзейнасьць». Сумы назваць адмовілася. Пра замежныя банкаўскія рахункі сьведка гаварыць таксама адмовілася.

Пракурор паказвае банкаўскую раздрукоўку з прозьвішчам Равякі. «Тут напісана не так як у мяне ў пашпарце. Можа гэта іншая асоба?» — робіць дапушчэньне Тацьцяна. Далей Тацьцяна ўстрымліваецца ад камэнтароў раздрукоўкі.

15:19 Наступны сьведка — Андрэй Палуда з Бялынічаў.

Палуда знаёмы зь Бяляцкім, дае паказаньні па-беларуску. На большасьць пытаньняў адказвае: «Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі я маю права не сьведчыць супраць сябе». Але прызнаў, што атрымліваў грошы ад Бяляцкага на праваабарончую дзейнасьць.

Пракурор знайшоў у справе зьвесткі з літоўскага банка NORD пра перавод Андрэю Палуду грошай. Сьведка ў адказ зноў заявіў, карыстаецца правам не даваць паказаньні.

14:44 Працэс аднавіўся. Дапытваюць праваабаронцу Барыса Звоскава.

Сьведка кажа, што даўно ведае Бяляцкага. Ён кажа, што раней займаўся правамі чалавека, а цяпер на пэнсіі і шмат хварэе.

Звоскаў кажа, што раней меў рахунак за мяжой у Літве, але гадоў 7 таму закрыў, калі рыхтаваўся да апэрацыі. Звоскаў адмоўна адказаў на пытаньне, ці атрымліваў ад Бяляцкага грошы. Пракурор кажа, што ў матэрыялах справы ёсьць дакумэнт, які сьведчыць пра адваротнае.

Пракурор хоча прадэманставаць гэта Звоскаву, але хвілінаў 5 ня можа знайсьці. Нават папрасіў дапамогі ў Бяляцкага, каб той падказаў, дзе гэтая старонка.

Пракурор нарэшце знайшоў і паказвае банкаўскую выпіску: «Гэты дакумэнт прыйшоў да нас па міжнародных каналах».

Пракурор заблытаў Звоскава: ці то яму пералічваў Бяляцкі грошы, ці то ён пералічваў Бяляцкаму. Гаворка ідзе пра 8 тысяч эўра. Сьведка прынёс у суд даведку, што ў яго няма рахунку ў польскім банку PKO, пра які яму казалі ў часе допыту ў ДФР.

Цяпер у судзе ідзе гаворка пра яшчэ нейкі рахунак, наяўнасьць якога ён таксама абвяргае.

«Я перакананы, што якасьць такіх доказаў не вытрымлівае ніякай крытыкі, гэта не адпавядае крытэрам спраўднасьці і дапусьцімасьці. Гэты так званы доказ калі не сфальшаваны, дык цалкам прыдуманы», — заявіў Звоскаў.

Ён папрасіў агучыць пратакол ягонага допыту на папярэднім сьледзтве і даведку з банка, што ў яго няма рахунку ў PKO.

Пракурор са скрухай прызнаў, што ў двух дакумэнтах адносна Звоскава ёсьць несупадзеньні — адна лічба ў перакладзеных і неперакладзеных матэрыялах паблытаная.

Суд дадаў даведку Звоскава з банку ў матэрыялы справы.

Звоскаў рэзюмуе свой допыт: «Што гэта за доказы ў вас? Астатнія доказы ў вас такія ж?»


14:15 Намесьніца кіраўніка Маладога фронту Наста Палажанка піша ў facebook’у: «Дземідзенку Міколу вывелі з будынку суду, дзе праходзіць працэс над Бяляцкім. Нібыта за шэўрон на куртцы з Пагоняю. Забралі пашпарт. Прыехала за ім белае „Жыгулі“. Нумар не сказаў. Забралі тэлефон пры размове з ім. Затрымалі».

13:24 Мін’юст Літвы пра суд над Бяляцкім

13:00 У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзінаў.

12:39 Наступная сьведка Тамара Шамкуць, намесьніца начальніка падаткавай інспэкцыі, начальніца ўправы кантролю над індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізычнымі асобамі. Сьведка патлумачыла, што выносіла рашэньні па актах праверкі даходаў Бяляцкага.

Яна засьведчыла, што ўсе прыбыткі атрыманыя з-за мяжы, абкладаюцца падаткамі, калі няма дакумэнтаў пра ільготы. Калі грошы атрыманыя не для сябе, то плацельшчык павінен прадставіць адпаведныя дакумэнты, дамовы, даручэньні, кажа Шамкуць.

«Падаткавы кодэкс не апэруе такімі паняткамі як грант, фінансавая дапамога. Гэта такія самыя даходы».

12:05 Наступны сьведка — Натальля Пашкоўская, кіраўніца ўправы інспэкцыі сыстэмы SWIFT для міжнародных разлікаў Нацбанку Беларусі.

Пашкоўская паглядзела на прысланыя зь Літвы і Польшчы банкаўскія раздрукоўкі. Паводле яе словаў, гэтыя выпіскі па форме не адпавядаюць міжнароным стандартам, а толькі стандартам канкрэтнага банку. Яна не змагла прызнаць, каму пераводзіліся грошы. «Дакладных паказаньняў даць не магу, я магу камэнтаваць сьвіфт-паведамленьні».

Пракурор папрасіў Пашкоўскую патлумачыць, што такое «дэбіт». Прадстаўніца НБ праводзіць яму кароткую фінансавую лекцыю.

Дакумэнты з польскага банку адпавядаюць патрабаваньням SWIFT. Пашкоўская пацьвердзіла, што атрымальнікам быў Алесь Бяляцкі.

Ці пералічваў Бяляцкі грошы Тацяне Равяка і іншым асобам, спэцыяліст Нацбанку пацьвердзіць не змагла, бо дакумэнты аформленыя не паводле міжнароднай сыстэмы: «Цяжка меркаваць, якім чынам яны былі атрыманыя».

Пракурор яўна зьбянтэжаны. Ён пытаецца: а хто б мог гэта патлумачыць? Але Пашкоўскай таксама цяжка на гэта адказаць.

Спэцыяліст патлумачыла, што паводле існуючых нормаў, выпіскі на паперы з банкаўскіх рахункаў павінны быць афіцыйна завераныя. «Калі яны не завераныя пячаткай, то на маю думку такія дакумэнты ня могуць лічыцца сапраўднымі», — заявіла Пашкоўская.

«Неверагодна, што банкаўская ўстанова ня мае ўласнай пячаткі», — кажа прадстаўніца Нацбанку.




11:00 Наступная сьведка — Анжаліка Собалева, супрацоўніца падаткавай інспэкцыі Першамайскага раёну Менску.

Собалева кажа, што ёй знаёмы Бяляцкі як плацельшчык падаткаў ад 2008 году.

Яна кажа, што ў 2008 годзе у яе было даручэньне зь міністэрства запатрабаваць з Бяляцкага дэклярацыю за некалькі гадоў. Падаткавая зрабіла разьлік прыбыткаў і выдаткаў Бяляцкага і знайшла перавышэньне выдаткаў на 5 тысяч эўра. Бяляцкі тады патлумачыў, што пазычаў грошы.

На момант, калі запаўнялася дэклярацыя ў 2008 годзе, маёмасьці ў Бяляцкага не было, паведаміла інспэктарка.

У 2010 годзе на Бяляцкага зноў было даручэньне міністэрства разьлічыць ягоныя прыбыткі і выдаткі. Але тады падаткавікі не знайшлі перавышэньня. Бяляцкі па сваёй ініцыятыве прадстаўляў дэклярацыі за 2008—2010 гады і дэкляраваў прыбыткі, атрыманыя за мяжой.

Собалева ўдзельнічала ў складаньні актаў пасьля таго, як паступілі зьвесткі на Бяляцкага зь Літвы і Польшчы. Яна патлумачыла, што паводле Падатковага кодэксу, любыя сумы, атрыманыя грамадзянінам за мяжой, лічацца ягонымі прыбыткамі. Каб не залічыць іх прыбыткамі, грамадзянін павінен самастойна прадставіць адпаведныя даведкі. Гэтага не было зроблена.

Сьведка патлумачыла, што акты пра падаткавыя парушэньні Бяляцкага могуць быць пераробленыя, калі зьявяцца дакумэнты, якія пацьвярджаюць тое, што атрыманыя сумы не былі ягонымі прыбыткамі.

Адвакат выявіў, што адказы Собалевай на пытаньні падчас папярэдняга сьледзтва цалкам супадаюць з адказамі яе начальніцы, якая таксама дапытвалася як сьведка, «ажно да граматычных памылак». Собалева не змагла патлумачыць, чаму так сталася.

Бяляцкі цікавіцца ў сьведкі, якія былі падставы для комплекснай праверкі яго прыбыткаў і выдаткаў у 2008 годзе. Тая кажа, што яна ня мае права ацэньваць распараджэнні начальства.

Сьведка кажа, што ў 2010 годзе заданьне на «распрацоўку» Бяляцкага даваў Дэпартамэнт фінансавых расьледаваньняў. Выказваньне пра аналягічныя заданьні з КДБ сьведка не пацьвердзіла.

Собалева прызналася, што ня ўсё разумее ў раздрукоўках з банкаў: «Мовы ня ведаю... Я вывучала нямецкую». Яна таксама блытаецца, ад каго паступілі грошы, ці ад «Вясны» ці «Вясьне». На падставе гэтых дакумэнтаў складаліся акты на Бяляцкага. Яна заявіла, што ўсе паступленьні грашовых сродкаў на рахунак яна разглядала як прыбыткі.

Прачытаць назвы арганізацыяў, адкуль прыходзілі грошы, Собалева так і не змагла.


10:16 Пачынаецца допыт сьведкаў. Першы — Леанід Чаўко, намесьнік дырэктара Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

Чаўко патлумачыў, што Дэпартамэнт рэгіструе гуманітарную дапамогу і вядзе кантроль, як яна выкарыстоўваецца. Чаўко патлумачыў, што парадак выкарыстаньня гуманітарнай і тэхнічнай замежнай дапамогі рэгулюецца дэкрэтам і ўказамі Лукашэнкі.

У прыватнасьці, што дэкрэт абавязвае атрымальнікаў замежнай дапамогі адкрываць дабрачынныя рахункі ў Беларусі, класьці на іх атрыманыя грошы і рэгістраваць іх у гэтым дэпартамэнце.

«Дапамога на выданьне праваабарончых кнігаў адносіцца да „іншых мэтаў“ і павінна праходзіць узгадненьне з прэзыдэнтам», — заявіў сьведка.

Пракурор цікавіцца, ці рэгістравалі ў Дэпартамэнце дапамогу ад Швэдзкага хэльсынскага камітэту і іншых замежных праваабарончых арганізацыяў, якія фігуруюць у справе?

Сьведка адказвае, што такіх выпадкаў не памятае.

Чаўко кажа, што Бяляцкі і цэнтар «Вясна» ў Дэпартамэнт не зьвярталіся.

Адвакат пытаецца: Ці вы што-небудзь ведаеце па справе?

Чаўко адказвае: не.

Адвакат заявіў суду, што Чаўко такім чынам, згодна з Працэсуальным кодэксам, ня можа быць сьведкам у працэсе, а толькі выступаць ў якасьці спэцыяліста, выкліканага ў суд.

Чаўко зазначыў, што замежная дапамога вызваляецца ад падаткаў толькі паводле рашэньня прэзыдэнта. Гэтыя словы выклікалі ўсьмешку ў многіх у залі.

Сьведка кажа, што калі дапамога беларускай арганізацыі выкарыстоўваецца за мяжой, напрыклад, для публікацыі кнігаў, то такія выпадкі не рэгулююцца нарматыўнымі актамі. «У такім выпадку гэта не бязвыплатаная дапамога і дэпартамэнт да яе адносінаў не мае», — заявіў Чаўко.


10:04 Адвакат перад паседжаньнем просіць далучыць статут «Вясны» да матэрыялаў справы. Судзьдзя пагадзіўся.

Адвакат Зьміцер Лаеўскі размаўляе са сваім падабаронным

Адвакат просіць таксама далучыць да справы інфарамцыю пра замежныя праваабарончыя арганізацыі, якія фігуруюць у справе. Судзьдзя задаволіў і гэтае хадайніцтва.

Адвакат выступіў з трэцім хадайніцтвам: прадставіць на агляд суду кнігу на швэдзкай мове, адным з аўтараў якой быў Бяляцкі. Суд задаволіў. Бяляцкі патлумачыў суду, што ў гэтай кнізе ёсьць ягонае эсэ, за якое ён атрымаў ганарар, пералічаны на ягоны рахунак. Копіі выходных дадзеных далучаныя да справы.

Адвакат паказаў яшчэ 2 кнігі на беларускай мове, якія выйшлі з удзелам «Вясны» і Нарвэскага хэльсынскага камітэту за грошы, якія пералічваліся на рахункі Бяляцкага. Судзьдзя задаволіў просьбу прад’явіць іх суду. Кнігі выйшлі ў Вільні і Осла. Назва адной з кніг — «Кіраўніцтва па арганізацыі школаў па правах чалавека». Выходныя дадзеныя гэтых кніг таксама далучаныя да справы.

9:15 Сёньня ў судзе плянуецца допыт сьведкаў. У суд выкліканыя асобы, якія фігуруюць у матэрыялах справы: Натальля Пінчук, Тацяна Равяка, Барыс Звоскаў.

Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага

Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага



Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка.

Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.

Пракурор — Валеры Сайкоўскі.


Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень першы

У першы дзень працэсу, 2 лістапада, пракурор зачытаў абвінавачваньне, суд пачаў дапытваць Бяляцкага.

Працэс праходзіць у памяшканьні суду Маскоўскага раёну, бо ў Першамайскім судзе, які месьціцца ў старым будынку, малыя залі судовых паседжаньняў.

Адрас Маскоўскага суду: пр. Газэты «Праўда», 27.


Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG