Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя службоўцы Беларусі, якія маюць «карту паляка», мусяць адмовіцца ад яе. Невыкананьне гэтага патрабаваньня стане падставай, каб вызваліць іх ад пасады. Таксама пры паступленьні на дзяржаўную службу ўладальнікі такой карты павінны абавязкова паведаміць пра гэта ў кадравую службу. Такія палажэньні прадугледжаныя ў папраўках да закону «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь».

Дапаўненьні ў закон дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі 4-га лістапада ў першым чытаньні. Калі гэтыя нормы набудуць сілу закону, то дзяржаўным службоўцам Беларусі юрыдычна забароняць карыстацца «картай паляка», а таксама аналягічнымі дакумэнтамі, якія выдаюцца іншымі краінамі.

Намесьніца міністра юстыцыі Ала Бодак, якая прадстаўляла законапраект дэпутатам, сказала, што ён «скіраваны на ліквідацыю канфлікту інтарэсаў пры праходжаньні дзяржаўнай службы»:

«Сутнасьць дадзенага канфлікту ў тым, што дзяржаўны службовец зьяўляецца службовай асобай, якая прадстаўляе інтарэсы канкрэтнай дзяржавы. І яго асноўная функцыя — служэньне гэтай канкрэтнай дзяржаве. У гэтай сувязі актыўныя дзеяньні ў інтарэсах іншай дзяржавы з мэтай атрыманьня дакумэнтаў, якія даюць пэўныя ільготы і перавагі, уступаюць у супярэчнасьць з інтарэсамі дзяржаўнай службы».

Дэпутаты пацікавіліся: ці ёсьць ужо дзяржаўныя службоўцы, якія карыстаюцца «картай паляка»? Іх калега Міхаіл Арда даў такую даведку:

«Калі я вам скажу, што такія людзі ёсьць, вы запытаецеся: колькі іх? Такой інфармацыі няма».

Першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук называе такія дзеяньні беларускіх уладаў «мэтанакіраванымі супраць польскай меншасьці»:
Гэта чысьцюткі сталінскі падыход.

«Гэта чысьцюткі сталінскі падыход. У шмат якіх краінах працуюць на дзяржслужбе, менавіта на дзяржслужбе, грамадзяне іншых краін. І гэта нікому не перашкаджае. Я такіх прыкладаў магу прывесьці шмат. У нас, у Польшчы, у Эўропе працуюць людзі на дзяржслужбе з падвойным грамадзянствам. Я рызыкну і скажу, што і ў Расеі працуюць людзі на дзяржслужбе ня толькі з „картай паляка“, але і з падвойным грамадзянствам. Чаму тады ў Беларусі гэта перашкаджае? Гэта мэтанакіраваная дзейнасьць супраць польскай меншасьці».

Ня выключана, што такія абмежаваньні закрануць ня толькі дзяржаўных службоўцаў, заявіла сёньня Ала Бодак:

«Абмежаваньні, якія замацоўвае дадзены законапраект, мэтазгодна распаўсюдзіць таксама і на вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, органаў фінансавага расьсьледаваньня Камітэту дзяржкантролю. Разам з тым пытаньні праходжаньня адпаведных відаў службы, у тым ліку і падставы для яе спыненьня, рэглямэнтуюцца актамі прэзыдэнта. У гэтай сувязі законапраектам даручаецца Савету Міністраў падрыхтаваць і ўнесьці прапановы па ўпарадкаваньні абмежаваньняў, якія зьвязаныя з праходжаньнем згаданых відаў службы»…

У красавіку Канстытуцыйны суд Беларусі пастанавіў, што закон Польшчы аб «карце паляка» супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, закранае інтарэсы беларускай дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG