Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Карту паляка" чыноўнікаў паб'юць новым законам


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла зьмены ў закон у першым чытаньні. Намесьніца міністра юстыцыі Ала Бодак заявіла ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, што зьмены ў закон уносяцца паводле рэкамэндацыі Канстытуцыйнага суду Беларусі. Маўляў, гэта робіцца дзеля таго, каб ліквідаваць канфлікт інтарэсаў.

Бодак таксама паведаміла: плянуецца, што гэтыя зьмены ў закон будуць распаўсюджвацца таксама на вайскоўцаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў ДФР і прадстаўнікоў "некаторых іншых структураў". Але для гэтага патрэбнае адмысловае рашэньне прэзыдэнта, адзначыла Бодак.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Арда, які выступаў судакладчыкам, калі абмяркоўвалі зьмены ў закон, ня змог адказаць на пытаньне, колькі чалавек маюць "карту паляка".

Дзяржаўным служачым Беларусі могуць забараніць карыстацца льготамі і перавагамі, якія прадстаўляюцца замежнымі дзяржавамі паводле палітычных, рэлігійных поглядаў або нацыянальнай прыналежнасьці, а таксама атрымліваць дакумэнты, якія даюць такія льготы і перавагі. Законапраект, які ўносіць папраўкі ў закон пра дзяржаўную службу, разглядалі у Палаце прадстаўнікоў 4 лістапада.

Пералік абмежаваньняў, зьвязаных зь дзяржслужбай, дапаўняецца забаронай на атрыманьне льготаў і перавагаў ад замежных дзяржаў. Чыноўнікі будуць абавязаныя перадаваць пракумэнты пра такія льготы ў кадравую службу дзяржаўнага органаў. За невыкананьне гэтага правіла могуць звольніць.

Тыя зь дзяржаўных служачых, хто мае падобныя дакумэнты, калі закон будзе прыняты, цягам месяца з моманту ўступленьня закону ў сілу, павінны будуць перадаць дакумэнты ў кадравую службу.

Падставай для новых зьменаў у заканадаўства стаў распаўсюд у Беларусі "карты паляка", адзначае БелТА. Закон Польшчы пра "карту паляка" дае асобным катэгорыям грамадзян Беларусі шэраг ільготаў і перавагаў на тэрыторыі Польшчы. Раней Канстытуцыйны суд Беларусі пастанавіў, што польскі закон супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, закранае інтарэсы беларускай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG