Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: Крэдыту МВФ можа і ня быць, бо палітвязьні ня хочуць выходзіць


Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

Беларусь сёньня вярнулася да рынкавага фармаваньня курсу нацыянальнай валюты. На міжбанкаўскай валютна-фондавай біржы скасаваныя таргі па ільготным курсе для імпартэраў энэрганосьбітаў і мэдыкамэнтаў. На біржы засталася толькі рынкавая сэсія, па выніках якой сфармаваны афіцыйны курс беларускага рубля: 8680 — да даляра, 11900 — да эўра, 277 — да расейскага рубля.

Старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова з нагоды пераходу на рынкавы курс паведаміла, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты з пачатку году склала 189 працэнтаў. Спадарыня Ермакова заявіла, што ад сёньня Нацбанк перайшоў да рэжыму «кіраванага плаваньня» курсу і спадзяецца на ўмацаваньне рубля, да 7–8 тысяч рублёў за даляр на канец году.

Пад ціскам фінансавага крызісу ўлады былі вымушаныя вярнуцца да рынкавых мэханізмаў. Чаму гэтага не зрабілі ў красавіку? Адказ Надзеі Ермаковай:

«Напэўна, не былі гатовыя псыхалягічна, не была гатовая аснова для таго, каб гэта зрабіць. Нават калі ўзяць з красавіка, то шмат яшчэ было выдадзена эмісійных крэдытаў. А пасьля таго, калі было ўхваленае рашэньне пра выхад на адзіны курс і ўзмацненьне жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі, эмісія Нацбанкам была спыненая ў чэрвені… Чаму не прынялі ў красавіку? Ну, не прынялі й не прынялі».
Чаму не прынялі ў красавіку? Ну, не прынялі й не прынялі.

Пераход на рынкавыя прынцыпы даўся нялёгка, прызнала спадарыня Ермакова:

«Гэта ж вельмі сур’ёзнае рашэньне — спыніць фінансаваньне тых дзяржаўных праграм, якія ўжо пачатыя, спыніць фінансаваньне будаўніцтва жыльля, калі дамы ўжо пабудаваныя да паловы. Гэта ж усё былі эмісійныя крэдыты».

Колькі страціла беларуская эканоміка ад такой палітыкі, Надзея Ермакова сказаць не змагла — маўляў, гэта палічыць складана, таксама як маральныя страты і страты іміджу.

Паводле Надзеі Ермаковай, цяпер у Беларусі, напэўна, давядзецца прыпыніць жыльлёвыя праграмы на некалькі гадоў:

«Пры цяперашніх стаўках не зусім зручна і нават не зусім рэальна крэдытаваць жыльлё. Нічога страшнага не адбудзецца, калі мы год-два пацерпім і ня будзем разьвіваць жыльлёвае будаўніцтва. Напэўна, сур’ёзна давядзецца прыпыніць жыльлёвыя праграмы»

Кіраўніца Нацбанку таксама паведаміла, што да канца гэтага году будзе павышаны кошт жыльлёва-камунальных паслуг для насельніцтва.

Больш дэталяў з прэсавай канфэрэнцыі ТУТ.


Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць мэханізм курсаўтварэньня, на які перайшлі ўлады, сапраўды рынкавым, адміністратыўнае ўмяшаньне ў яго мінімальнае. На яго думку, гэта трэба было б зрабіць раней, а так за мінулыя паўгода краіна панесла сапраўды значныя страты:

Станіслаў Багданкевіч
«Я мяркую, былі вялізныя страты, страты на спажывецкім рынку, страты на валютным рынку, абясцэньваньне ўкладаў насельніцтва, банкаўскіх актываў, актываў малога, сярэдняга і буйнога бізнэсу. Гэта ўсё вялізныя страты. У банках нарматыўны капітал рэзка зьнізіўся на мільярды, і шмат якія банкі апынуліся на мяжы выжываньня».

Калі б такую палітыку, як цяпер, павялі ў красавіку, то курс беларускага рубля да даляра складаў бы не 8600, а каля 5 тысяч, перакананы Станіслаў Багданкевіч:

«Калі б не сядзелі ўсе пад венікам, калі б рабілі захады, калі б своечасова распрацавалі сыстэмную комплексную праграму і разьвіцьця канкурэнцыі, і неўмяшаньня адміністратыўнага ў бізнэс, і абмежаваньня дзяржвыдаткаў…»

Дзейны старшыня Нацбанку Надзея Ермакова адказала і на пытаньне пра тое, калі Беларусь зможа выканаць умовы МВФ, каб пачаць перамовы пра новы крэдыт ад гэтай арганізацыі:

«Магчыма, яго і ня будзе. Нават хутчэй за ўсё. Бо нават калі мы ўсе сто працэнтаў патрабаваньняў выканаем, палітычныя моманты застаюцца. І гэта, выяўляецца, самы галоўны фактар ва ўзаемаадносінах з МВФ. Ня з той місіяй, якая ў нас была, а з дырэктарамі ад тых краін, якія сёньня ў Беларусі бачаць больш палітыку, чым эканоміку і партнэрства».

Надзея Ермакова ўдакладніла, што маецца на ўвазе вызваленьне палітвязьняў, чаго дамагаецца значная частка Рады дырэктараў МВФ:

«Гэта і сёньня не хаваецца, і той місіяй МВФ, якая была папярэдняй і нам пісала заключэньне, там таксама праходзіла ў першым абзацы пра выпуск зьняволеных. Гэта канкрэтная інфармацыя, якая нідзе не хаваецца, пра тое, што трэба выпускаць палітзьняволеных… А яны ня хочуць выходзіць».



Гл.таксама камэнтары: дырэктара Агенцтва дзелавых сувязяў Валянціна Лопана, супрацоўніка дасьледчай групы Business Forecast.by Аляксандра Мухі, старшыні клюбу фінансавых дырэктараў Андрэя Карпуніна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG