Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны афіцыйны курс даляра — 8680 рублёў


20 кастрычніка асноўная і дадатковая сэсіі на Беларускай валютна-фондавай біржы аб’ядналіся. Афіцыйны курс даляра ЗША — 8680 рублёў. Абменны курс дэвальваваны на 52%.

13:42 Брыфінг Ермаковай скончыўся.

12:43 Старшыня НБ Надзея Ермакова праводзіць брыфінг.

Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

Надзея Ермакова старшыня праўленьня Нацбанка Беларусі не змагла сказаць, які будзе курс на 1 студзеня 2012 году. Адзначыла: «хацелася б, каб беларускі рубель крыху ўмацаваўся — да 7-8 тысяч».

Пра дэнамінацыю пытаньне не стаіць, сказала яна.

Ермакова прапануе вывесьці з абароту купюры 10 і 20 рублёў.

Яна паведаміла, што НБ замовіў купюру ў 200 тысячаў рублёў.

Ермакова паведаміла, што ад пачатку году дэвальвацыя склала 189%.

«У красавіку да яе не былі гатовыя, у тым ліку псыхалягічна, арганізацыйна. Эмісія Нацбанку была спыненая толькі ў чэрвені. Гэта вельмі сур’ёзнае рашэньне, трэба было спыніць фінансаваньне дзяржаўных праграмаў, крэдытаваньне будаўніцтва жытла».

Кіраўніца Нацбанку не змагла палічыць страты ад запозьненай дэвальвацыі.

«Крэдыту ад МВФ Беларусі, магчыма, і ня будзе, таму што нават калі мы выканаем ўсе ўмовы, палітычныя патрабаваньні застаюцца», — заявіла Ермакова.

«Ніхто не хавае пазыцыю МВФ па Беларусі. Рада дырэктараў адбывалася ў жніўні. У пісьмовай форме яны выказваліся пра Беларусь. Праходзіла гэтая тэма — вызваленьне зьняволеных. Падчас місіі ў Менску дэлегацыя МВФ у першым абзацы умоваў была гэтая тэма — вызваленьне зьняволеных. Гэта ня ўсе дырэктары, гэта парадстаўнікі краінаў Эўразьвязу маюць такую пазіцыю: трэба выпусьціць палітвязьняў. А яны ня хочуць выходзіць», — заявіла Ермакова.


12:20 Нацбанк прагназуе ўмацаваньне рубля.

Нацбанк абвясьціў афіцыйныя вынікі сэсіі БВФБ:
  • даляр ЗША — 8 680
  • эўра — 11 900
  • расейскі рубель — 277

Гэта будуць афіцыйныя курсы на 21 кастрычніка.

Аб’ём гандлю замежнымі валютамі склаў 64,4 мільёна даляраў у эквіваленце.

Нацбанк мяркуе, што бліжэйшым часам прапанова замежнай валюты будзе павялічвацца.

«Такім чынам, з улікам росту прапановы, якога мы чакаем, мы прагназуем агульную тэндэнцыю ўмацаваньня курсу нацыянальнай валюты. Хоць у асобныя дні Нацыянальны банк не выключае ягонага аслабленьня», — гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку.

Нацбанк пераходзіць да рэжыму «кіраванага плаваньня» курсу нацыянальнай валюты. Гэта значыць, што курс будзе вызначацца попытам і прапановай «зь мінімальнымі інтэрвэнцыямі Нацыянальнага банку, накіраванымі выключна на абмежаваньне рэзкіх ваганьняў курсу».

12:20 Выхад на раўнаважны курс камэнтуе дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан:

​ ​ «Ну якая новая эра? Мы жылі пры адзіным курсе доўгі час, потым былі пэўныя недапрацоўкі, якія зьбілі з гэтага курсу, а зараз усё зноў вярнулася. У нас жа быў адзіны курс, калі не памыляюся, з 1999 году да вясны 2011-га, таму ўсё вярнулася ў сваё рэчышча. У прынцыпе, гэта тэхнічныя рэчы. Але ўсё залежыць не ад таго, які сёньня курс, а — якая будзе далей палітыка ісьці. Калі будзе так, як абяцалі, што зараз ён будзе пастаянна фармавацца на аснове попыту і прапановы, то ён і будзе так фармавацца, кудысьці рухацца. І можна будзе сказаць, што гэта крок рынкавы. Вядома, гэта добра для экспартэраў, бо так яны вельмі шмат трацілі на продажы 30% выручкі па заніжаным курсе, па Нацбанку. І цяпер тым, хто працуе на экспарт, лепей — неяк усё больш зразумела, прасьцей працаваць. А ўжо які курс будзе? Па-рознаму будзе. Хутчэй за ўсё, рубель умацоўвацца наўрад ці будзе. Будзе нейкія ваганьні адчуваць. Але агульны трэнд да таго, што ўсё роўна рубель будзе слабець. Толькі, магчыма, паціху, паступова».


12:15 Пэрспэктывы адзінага курсу аналізуе супрацоўнік дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха:

​«Досыць складана прагназаваць будучую эканамічную сытуацыю ў Беларусі, паколькі па-ранейшаму захоўваецца высокі ўзровень эканамічнай няпэўнасьці. На мой погляд, найбольш верагодным дыяпазонам, прынамсі на бліжэйшыя некалькі тыдняў, будзе курс дзесьці ў 8750–9250. Прыблізна вось такая разьбежка. Я лічу, што сярэднетэрміновае ўмацаваньне беларускага рубля выглядае малаверагодным, але і нейкіх рэзкіх ваганьняў, нейкага рэзкага зьніжэньня, напэўна, таксама чакаць не даводзіцца. Але, зноў жа, дзеля таго каб пазьбегнуць далейшага рэзкага зьніжэньня курсу нацыянальнай валюты, неабходныя кардынальныя захады, у тым ліку захады ў фінансавай палітыцы. То бок — далейшае падвышэньне ўсяго спэктру працэнтных ставак на фінансавым рынку Беларусі: як па дэпазытах, так і па крэдытах. У гэтым выпадку ўдасца абмежаваць патэнцыял дэвальвацыйных і інфляцыйных працэсаў. Нягледзячы ні на што, гэтыя захады трэба рабіць».


11:58 Карпунін: Пры такім курсе трэба чакаць коштаў на бэнзін па 7500 рублёў

Камэнтар старшыні клюбу фінансавых дырэктараў Андрэя Карпуніна:

«Гэта афіцыйна можна прызнаць чарговай дэвальвацыяй, тут ужо не да дыпляматыі. Увогуле выхад на адзіны курс — гэта ўсяго толькі спроба ўзаконіць тое, што і так склалася. Узаконіць і прызнаць гэта рынкавым. Але я зьдзіўлены, што сёньня ўсё ж ня так моцна апусьцілі курс. Мне здавалася, што яны меншым яго зробяць. Калі ўсталяваны курс 8680, то неяк гэта не падобна да рукі Нацбанку. Нацбанк бы вызначыў дзесьці 8380. Тым самым зрабіў бы, найперш, меней за 50% чарговы этап дэвальвацыі. А па-другое, да гэтага рэальна ў гэтыя дні ёсьць перадумовы: сёньня, заўтра, у панядзелак, у аўторак рэальна ёсьць усе эканамічныя падставы, каб скарыстацца імі і зьбіць курс ніжэй. Маю на ўвазе, што ў гэтыя дні яны могуць скарыстаць цудоўную сытуацыю з падаткамі, з дэфіцытам рублёў. Яны яе падрыхтавалі і тым больш разагрэлі.

Гэта афіцыйна можна прызнаць чарговай дэвальвацыяй, тут ужо не да дыпляматыі
З такім падыходам той адзіны курс, на які мы выходзім, у выніку неадкладна прывядзе да падаражэньня мэдыкамэнтаў. У выніку яшчэ ня раз падаражэе бэнзін, таму што мы павінны разумець: калі літар 92-га ў Падмаскоўі каштуе 27 расейскіх рублёў, то пералічваем праз нашу новую сэсію і выходзім на які кошт? Дзесьці на 7500 беларускіх рублёў за літар. І яшчэ мы павінны цудоўна ўсьведамляць, што гэтыя 7500 павінны ўсталявацца ў нас менавіта ў адведзены пэрыяд скасаваньня дыспарытэту коштаў — то бок да канца году. Гэта тое, што вельмі адчувальна для нас, літаральна для кожнага. Як і мэдыкамэнты, перадусім імпартаваныя, цэны на якія адчувальныя таксама для кожнага.

Камунальныя плацяжы таксама будуць расьці, і ад гэтага нікуды не падзецца, і дай нам усім бог цёплую зіму.
Камунальныя плацяжы таксама будуць расьці, і ад гэтага нікуды не падзецца, і дай нам усім бог цёплую зіму. Але шокавай тэрапіі для людзей, мяркую, ня будзе. Яны плаўна, пакрыху, дзесьці па 5–7% штомесяц будуць падвышацца, так што ў цэлым усё будзе нівэліравана кампэнсацыямі да пэнсіяў, даплатамі да заробкаў, ростам стаўкі І разраду, выплатай якіх-небудзь пад’ёмных да Новага году і г.д. Вось такімі дзесьці крокамі гэта ўсё будзе выраўнана. Што тычыцца астатніх коштаў, то дай бог, каб курс усталяваўся і пратрымаўся. Так, каб улады не хітрылі, не выраблялі ніякіх трукаў і не дазвалялі ваганьняў курсу плюс-мінус 20%, што яны ўмудрыліся зрабіць зараз, за гэты месяц дзьвюх сэсій. Эканоміка ад адных гэтых ваганьняў прыходзіць у жах і перастае працаваць».

11:16 Афіцыйны курс — 8680 рублёў за адзін даляр ЗША.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на удзельніка таргоў на біржы.



Абменны курс дэвальваваны на 52%.

Асноўная і дадатковая сэсіі гандлю на Беларускай валютна-фондавай біржы зьліваюцца ў адзіную.

Гандаль на біржы пачаўся аб 11-й гадзіне.

Журналістаў на біржу не дапусьцілі.

На 12:30 прызначаны брыфінг старшыні НБ Надзеі Ермаковай. Яна павінна абвясьціць адзіны курс.

Нацбанк пачаў праводзіць дадатковыя сэсіі на БВФБ 14 верасьня.



18 кастрычніка НБ афіцыйна пацьвердзіў уніфікацыю абменных курсаў і пераход да адзінай сэсіі таргоў замежнай валютай на Беларускай валютна-фондавай біржы ад 20 кастрычніка.

У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што пасьля ўвядзеньня адзінага абменнага курсу даляр у Беларусі абрынецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG