Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер-міністру Расеі Ўладзімеру Пуціну спадабаўся артыкул Аляксандра Лукашэнкі ў газэце "Известия".

"Так, чытаў артыкул, ён мне вельмі спадабаўся. Гэта яшчэ раз пацьвярджае настрой беларускай дзяржавы і кіраўніцтва Беларусі на разьвіцьцё інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы", — заявіў Пуцін 19 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу на прэсавай канфэрэнцыі па выніках пасяджэньняў кіраўнікоў урадаў краін ЭўрАзЭС і Мытнага саюзу. Пра гэта паведаміў БелаПАН са спасылкай на сайт ураду РФ.

На думку расейскага прэм'ера, Лукашэнка выразна паказаў перавагі, якія атрымлівае эканоміка ў выпадку рэалізацыі інтэграцыйных плянаў, і ён з гэтым аналізам цалкам згодны.

"Згодны таксама і з тым, што гэтыя працэсы ня маюць нічога агульнага зь бягучай палітычнай кан'юнктурай у нашых краінах, у тым ліку і з палітычнай кан'юнктурай у Расеі — маю на ўвазе перадвыбарную сытуацыю, — сказаў прэм'ер-міністар РФ. — Гэтыя ідэі абмяркоўваліся з канца 1990-х гадоў, з сярэдзіны 1990-х гадоў, з 1994 году. Рэальна мы пачалі працаваць над гэтым ужо ў пачатку 2000-х гадоў, так што гэта ніяк не прывязана да бягучага палітычнага парадку дня ў нашых краінах, у тым ліку і ў Расеі".

"Безумоўна, згодны таксама і з палажэньнем артыкула ў той частцы, дзе гаворыцца аб тым, што толькі аб'яднаньні на дзяржаўна-роўных правах могуць прывесьці да таго, што ўсе краіны будуць працаваць з поўнай аддачай і будуць працаваць не за страх, а за сумленьне, што называецца", — адзначыў Пуцін.

"Але трэба сказаць, што ў гэтым кірунку мы і дзейнічаем, — падкрэсьліў ён. — Вось цяпер толькі, літаральна некалькі хвілін таму кіраўніцтва "Газпрома" праінфармавала мяне аб тым, што фактычна закончыліся перамовы па "Белтрансгазе". Мы фактычна выходзім на новыя дамоўленасьці з Беларусьсю ў нашым энэргетычным супрацоўніцтве. І цэны з наступнага году будуць іншыя, гэта будуць цэны нават ніжэйшыя, чым роўнадаходныя цэны ў мытнай прасторы, у мытных краінах. Маецца на ўвазе і ўжываньне так званай інтэграцыйнай скідкі. Мы паступова будзем рухацца да роўнадаходных цэн, яны будуць пасьля гэтага пакрысе павышацца. Я цяпер не гатовы сказаць аб канчатковых парамэтрах: гэта пытаньне, якое будзе вырашана ў тым ліку на сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краін, якая павінна адбыцца ў найбліжэйшы час".

"І, нарэшце, мяне парадавала, я зьвярнуў увагу на некаторыя зьмены, трансфармацыю сьветапогляду Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Я ведаю яго як перакананага атэіста. Ён там на Біблію спасылаецца... Гэта, на мой погляд, вельмі добры, пазытыўны момант, які гаворыць аб тым, што ў нас адбываецца збліжэньне ня толькі ў сфэры эканомікі, але і ў духоўнай сфэры", — рэзюмаваў Пуцін.

Артыкул Лукашэнкі "Аб лёсах нашай інтэграцыі" быў апублікаваны ў "Известиях" 17 кастрычніка — у адказ на артыкул Пуціна "Новы інтэграцыйны праект для Эўразіі — будучыня, якая нараджаецца" ў нумары ад 4 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG