Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаву не тлумачаць прычыны пераводу з Наваполацкай калёніі


27 верасьня ў сьледчым ізалятары № 4 экс-кандыдат на прэзыдэнцтва Андрэй Саньнікаў сустрэўся з адвакатам. Як заявіла журналістам абаронца інтарэсаў зьняволенага палітыка, ён мае патрэбу ў адвакаце штодня. На гэта ёсьць прычыны, патлумачыла адвакат Марыя Кавалеўская. Тым часам начальнік турмы № 4 запэўніў журналістаў і праваабаронцаў, што Саньнікаву нічога не пагражае.

Адвакат Марыя Кавалеўская прабыла ў сьледчым ізалятары тры гадзіны. Гэта другі візыт адваката да Андрэя Саньнікава за два дні. Дэталі сёньняшняй сустрэчы з палітыкам адвакат журналістам раскрываць ня стала. Паведаміла, што 28 верасьня пра гэта распавядуць на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Журналістам, якія чакалі яе ля турмы, яна заявіла:
Ёсьць неабходнасьць сустракацца з адвакатам кожны дзень.

«Скаргі на здароўе ёсьць, але нечага асаблівага з Андрэем Саньнікавым не адбываецца ў пляне здароўя. У яго іншага пляну скаргі ёсьць. Яму незразумелыя прычыны пераводу з Наваполацкай калёніі № 10. Яму ніхто іх не тлумачыў. Ёсьць неабходнасьць сустракацца з адвакатам кожны дзень, бо ёсьць прычыны, зь якімі мы павінны працаваць. Сёньня ён сядзіць адзін у камэры».

Сёньня ж група магілёўскіх палітыкаў і грамадзкіх актывістаў накіравала адміністрацыі турмы № 4 зварот з патрабаваньнем паведаміць грамадзкасьці пра стан здароўя і ўмовы ўтрыманьня экс-кандыдата на прэзыдэнцтва Андрэя Саньнікава. У звароце 18 падпісантаў заявілі, што Саньнікаў знаходзіцца ў небясьпецы й супраць яго ўжываюцца катаваньні, абыходзяцца зь ім у турме не па-людзку.

Крысьціна Шацікава
Праваабаронца Крысьціна Шацікава сустрэлася з начальнікам турмы Аляксандрам Ламазам і перадала яму звароты. На сустрэчы прысутнічалі двое журналістаў недзяржаўных мэдыяў.

Палкоўнік Ламаза заявіў, што здароўю Саньнікава нічога не пагражае. Яго абсьледавалі мэдыкі. Цялесных пашкоджаньняў у асуджанага ня выяўлена. Ціск нармальны.

Шацікава: «Ён сказаў, што ў нас у заяве напісана пра катаваньні і неналежнае абыходжаньне з Саньнікавым — дык гэтага няма. Яго двойчы агледзелі лекары. Ніякіх скаргаў ён не выказваў. І ён сказаў, што не было ніводнай скаргі ад адвакатаў. Цяпер фармуецца новы этап і ідзе рамонт на чыгунцы, які перашкаджае пусьціць гэты этап. Сказаў, што, хутчэй за ўсё, цягам гэтага тыдня або наступнага Саньнікаў будзе ў Бабруйску».

Аляксандар Ламаза адмовіўся рэгістраваць прынесеныя яму скаргі ад прадстаўнікоў грамадзкасьці. Спаслаўся на тое, што дастаткова ягоных запэўніваньняў па сытуацыі з Саньнікавым. Заявы Крысьціна Шацікава забрала й зьбіраецца даслаць іх поштай, каб быў пісьмовы адказ на звароты грамадзкасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG