Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Беспадстаўным умацаваньнем рубля мы разбудзім страшную гідру


У той час як крызіс эўразоны спрыяе ўмацаваньню амэрыканскага даляра ва ўсім сьвеце, у Беларусі за няпоўныя два тыдні ён абясцэніўся амаль на 800 рублёў. На чым грунтуецца фінансавая арытмэтыка беларускіх уладаў.

Па выніках таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра зноў панізіўся, зафіксаваўшыся на адзнацы 7830 рублёў. Чарговыя 60 пунктаў уніз, калі параўнаць зь мінулай пятніцай, а ад пачатку таргоў 14 верасьня — абвал на 770 рублёў.

Аналітык фінансавага сэктару Андрэй Карпунін перакананы: насуперак запэўніваньням афіцыйнай прапаганды, нічога добрага зьнешняе ўмацаваньне рубля ня дасьць ні насельніцтву, ні рэальнай эканоміцы:

"Як гэта сказаць больш карэктна… Калі мы апусьцім курс ніжэй, чым
мы разбудзім страшную гідру, зь якой змагаліся ўсе папярэднія 7 месяцаў ...

трэба, калі непрадумана зьнізім курс даляра і, адпаведна, крыху больш, чым трэба, умацуем беларускі рубель, мы разбудзім страшную гідру, зь якой змагаліся ўсе папярэднія 7 месяцаў. Гэтая гідра завецца імпарт. Вось зараз падвышаем стаўку І разраду, даем 500 тысяч так званых "гароднінных", загад у цэлым па эканоміцы выйсьці на канец году на сярэдні заробак у 2,5 мільёна рублёў, і калі мы яшчэ апусьцім пры гэтым курс, то фактычна вернемся да таго "дабрадзенства", якое было створанае ў нашай краіне ў лістападзе-сьнежні мінулага году. Зноў тыя ж граблі, бо зноў атрымаецца падвышаны попыт на валюту. То бок мы разбудзім імпарт, разбудзім іншы сацыяльны, палітычны, мэнтальны рух у людзей і пры гэтым наносім калясальны ўдар па рэальнай эканоміцы, як любяць нашы ўлады гаварыць — па рэальным сэктары".

Незалежныя экспэрты ўсё больш сыходзяцца на думцы, што сфармаваны на дадатковай сэсіі курс — зусім ня рынкавы, бо рубель умацоўваецца штучна. Пра гэта сьведчыць перадусім вялізны разрыў у попыце і прапанове. Колькасьць ахвотных прадаць і купіць валюту адрозьніваецца ў разы, што дае падставы казаць пра стрымліваньне заявак на куплю — перадусім на вялікія сумы. Пры гэтым дзяржаўныя фінансісты сьцьвярджаюць, што ніякага адміністрацыйнага рэсурсу падчас таргоў не ўжываецца. Дык хто мае рацыю? Меркаваньне эканаміста Георгія Бадзея:

"Я думаю, і тыя, і тыя маюць рацыю. Бо калі каналы былі перакрытыя, сапраўды кошт рубля падаў, паколькі рэальнага продажу валюты не было.
толькі праца ва ўмовах адкрытага рынку дазволіць выявіць рэальны курс ...

То бок фактычна немагчыма было афіцыйна, цывілізавана купіць даляры, эўра, тыя ж расейскія рублі. Дзеля таго, каб набыць валюту, трэба было шукаць нейкія абходныя маршруты, выкарыстоўваць не зусім легальныя манэўры, пасярэднікаў і г.д. А ўсе паслугі пасярэднікаў ды рызыкі, што цябе пакараюць за тое, што ты незаконна купляеш валюту, — гэта ўсё каштуе цалкам рэальных дадатковых грошай. Таму само па сабе адкрыцьцё свабоднага продажу, адкрыцьцё рынку, усё гэта мусіць паспрыяць ліквідацыі гэтых празьмерных выдаткаў — на пасярэднікаў, на рызыкі і да т.п. То бок нават з-за гэтага аб'ектыўна курс мусіць зьніжацца. А вось да якой мяжы — гэта ўжо пытаньне іншае. Бо толькі праца ва ўмовах адкрытага рынку дазволіць выявіць рэальны курс".

Аналітыкаў турбуе, што не заўсёды абачлівыя выказваньні вышэйшага кіраўніцтва краіны нэгатыўна ўплываюць на захады і Нацбанку, і ўраду. Так, Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў: рубель імкліва ўмацоўваецца, таму даводзіцца прыкладаць намаганьні, каб ён не апусьціўся ніжэй за афіцыйны курс у 5000 рублёў за даляр. Адразу ж гэтыя выказваньні як каманду да дзеяньня пачалі паўтараць віцэ-прэм'ер Сяргей Румас і намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны. Між тым, як кажа адзін з прадстаўнікоў дзелавой супольнасьці, кіраўнік Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін, і бізнэсоўцам, і бюджэтнікам патрэбна прагназаваная мадэль эканомікі, а ня тая, якая зыходзіць зь нечых інтарэсаў:

Уладзімер Карагін

"Зразумела, што я не магу адказваць за гэтых людзей. Але, вядома, кожны з гэтых чыноўнікаў валодае сваёй інфармацыяй, сваім рэсурсам уплыву на гэтую сытуацыю. Безумоўна, вельмі вялікім. Зь іншага боку, мяркую, што рэзкія дзеяньні, скачкі як у адзін, так і ў другі бок будуць надзвычай нэгатыўна адбівацца на эканоміцы. Бізнэсу патрэбная стабільнасьць, паступальнасьць, магчымасьць прагназаваць сытуацыю. Калі б урад сёньня надрукаваў нейкі, скажам так, графік вырашэньня гэтых праблемаў, то гэта вельмі моцна аблягчыла б задачу бізнэсу. Але ў любым выпадку ў аснове ўсяго павінны быць рынкавыя захады. Бо для нас ня ўсё роўна, якім будзе адзіны раўнаважны курс, на які зьбіраецца выйсьці ўрад. Ён перадусім павінен рэальна адлюстроўваць кошт беларускай валюты".

Падазрэньня ў двайной гульні на біржы не выключаюць і банкі. У той час як рубель на таргах штодня дэманструе тэндэнцыю да ўмацаваньня, у абменных пунктах назіраецца адваротны працэс. Калі яшчэ на мінулым тыдні курс у абменьніках ушчыльную наблізіўся да 7000 рублёў за даляр, то сёньня даляры скупляюць па 7500—7600. У банках кажуць, што людзі перасталі несьці валюту па цяперашнім курсе, бо ў сярэдзіне верасьня была магчымасьць здаць тыя ж даляры па кошце блізу 9000. Менавіта той курс і насельніцтва, і экспэрты лічаць найбольш рынкавым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG