Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Эўрапарлямэнт у Страсбуры прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускія ўлады вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і іншых палітзьняволеных ды асудзіў рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

У дэбатах выступілі эўракамісар па ўнутраных справах Сэсылія Мальмстрэм ды больш за 20 эўрадэпутатаў, сярод якіх былі Рауль Рамэба і Руэда (аўтар праекту рэзалюцыі; Зялёныя/Эўрапейскі свабодны альянс), Чарлз Танак (аўтар праекту рэзалюцыі; фракцыя кансэрватараў і рэфармістаў), Юстас Палецкіс (аўтар праекту рэзалюцыі; сацыял-дэмакраты), Леанідас Донскіс (аўтар праекту рэзалюцыі; лібэральныя дэмакраты), Крыстыян Дан Прэда (аўтар праекту рэзалюцыі; хрысьціянскія дэмакраты), Шогар Чаба (хрысьціянскія дэмакраты), Гербен-Ян Гербранды (лібэральныя дэмакраты), Адам Бэлян (кансэрватары і рэфармісты), Бэрнд Посэльт (хрысьціянскія дэмакраты), Лідзія Яанна Герынгер дэ Одэнбург (сацыял-дэмакраты), Анэлі Ятэнмякі (лібэральныя дэмакраты), Іржы Машталка (аб’яднаныя левыя), Кшыштаф Лісэк (хрысьціянскія дэмакраты).

Сярод агульнага асуджэньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і заклікаў да цьвёрдага курсу супраць афіцыйнага Менску некаторым дысанансам прагучала выступленьне Іржы Машталкі з Чэхіі, які заклікаў Эўрапарлямэнт «не глядзець толькі ў адзін бок» і не «арганізоўваць кампанію» супраць Лукашэнкі, а абмеркаваць і іншыя факты парушэньня правоў чалавека, як, напрыклад, абстрэл гуманітарнага канвою ізраільцянамі або інтэрвэнцыю НАТО ў Лібіі. Некалькі дэпутатаў, сярод якіх быў Бэрнд Посэльт, зрабілі закід Іржы Машталку, што ягонае выступленьне прагучала як абарона «апошняга дыктатара ў Эўропе».

Эўракамісар Сэсылія Мальмстрэм паўтарыла перад дэпутатамі пазыцыю Эўракамісіі, якая ў асноўным зводзіцца да сьцьвярджэньня, што сур’ёзны дыялёг Брусэлю зь беларускім рэжымам можа пачацца толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі і іх рэабілітацыі.

Рэзалюцыя па Бяляцкім і сытуацыі ў Беларусі была прынятая аднадушна.

У дакумэнце выказваецца глыбокая заклапочанасьць пагаршэньнем становішча з правамі чалавека ў Беларусі, “лішнім доказам чаго – арышт кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” А. Бяляцкага", перадае “Інтэрфакс”.

У рэзалюцыі падкрэсьліваецца "палітычна матываваны характар абвінавачаньняў супраць яго і яго праваабарончай дзейнасьці".

Эўрадэпутаты запатрабавалі неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць Бяляцкага і зьняць выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні.

Рэзалюцыя патрабуе ад беларускіх уладаў спыніць усе формы перасьледу Бяляцкага, сяброў цэнтру "Вясна" і ўсіх праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

У рэзалюцыі зьмяшчаецца заклік рэфармаваць беларускае заканадаўства ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, асабліва ў тым, што тычыцца свабоды арганізацыяў і свабоды слова.

Эўрапарлямэнт заклікаў дзяржавы-сябры ЭЗ абмеркаваць на саміце “Ўсходняга партнэрства” 28 – 29 верасьня ў Варшаве сытуацыю ў Беларусі і падкрэсьліў, што ўзаемадзеяньне Эўразьвязу зь Беларусьсю павінна быць строга абумоўлена павагай у гэтай краіне да правоў чалавека і вяршэнства закону.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG