Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
1991-шы вачыма ўдзельніка.

Фота Уладзімера Кармілкіна.

Неяк у канцы жніўня 91-га былы першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў, які толькі што вярнуўся з адпачынку ў Менск, выклікаў замацаваную за ім “Волгу”, каб прыехаць у ЦК – гісторыя не ўдакладняе, зь якой мэтай (можа быць, заплаціць партыйныя ўзносы). Аўтамабіль спыніўся на пляцоўцы перад цэнтральным уваходам (той самай, дзе праз дваццаць гадоў Лукашэнка будзе сустракаць Берлюсконі і Грыбаўскайце). Сакалоў выйшаў і – апынуўся перад труной.

Труна была зачыненая, там, дзе павінны былі быць ногі нябожчыка, прымацавана зорка, а побач шыльда зь імём нябожчыка -- “Слава КПСС”, датамі нараджэньня і сьмерці – “1917-1991” (не зусім дакладна супадае з годам заснаваньня РСДРП-ВКП (б)- КПСС, але будзем лічыць, што мэтрыка згубілася). Прычым дзьве апошнія літары былі напісаныя гатычнай лацінкай – гэтак, як пры Гітлеры абазначалі СС. Былі і жалобныя вянкі: “Сацыялістычны выбар”. “Розум, гонар і сумленьне нашай эпохі”…


Тры гады таму кіраўнік кампартыі Беларусі (і ўсёй Беларусі) ня мог уявіць сабе такога фіналу. Сярод людзей, што сабраліся на пляцоўцы, былі і тыя, каго на Дзяды-88-га патруцілі “чаромхай”, каго абражалі падпарадкаваныя Сакалову газэты, каго прыціскалі на працы, бо першы сакратар ЦК называў членаў Народнага Фронту не інакш як “дэструктыўнымі элемэнтамі” і “экстрэмістамі” – але ніхто зь іх і пальцам не крануў Скалова. Легенда кажа, што Яфрэм Яўсеевіч абышоў труну, пакачаў галавой, сеў у машыну і вярнуўся да хаты.

Тая труна была прынесеная да будынку ЦК з плошчы Леніна, ад Дому ўраду, і пранесеная праз увесь Ленінскі праспэкт – натуральна, без усялякай санкцыі ўладаў. Мы зь Зянонам Пазьняком, Сяргеем Антончыкам ды Лявонам Баршчэўскім прыехалі да ЦК, калі там ужо ішоў мітынг.
Мітынг ля цэнтральнага ўваходу ў будынак былога ЦК КПБ. Жнівень 1991 г.

Потым некаторыя казалі, што занадта непрыгожа зрабілі ініцыятары таго “пахаваньня”. Думаю, непрыгожа было б іншае – калі б людзі фізычна расправіліся з партыйнымі работнікамі (напрыклад, павесілі іх на слупах), палілі той жа ЦК, абкамы і райкамы. Аднак разьвітаньне з камунізмам увасобілася ў гумарыстычную, тэатралізаваную, карнавальную форму. Гэтае пахавальнае шэсьце ні дэпутаты Апазыцыі БНФ, ні Сойм Народнага Фронту не арганізоўвалі – яно было народнай ініцыятывай. Філёзаф Міхаіл Бахцін пісаў пра карнавал як пра відовішчную частку частку культуры рэнэсансу, якое яшчэ мае назоў – Адраджэньня. У Менску ў тыя дні людзі хавалі “Славу КПСС”, сьмяяліся над мінулым – і верылі, што з адыходам камунізму надыдзе лепшы час.

Што праўда -- гаворачы пра карнавал як форму па-за афіцыйнага жыцьця без бар’ераў і гіерархій, Бахцін адзначаў яе кароткатэрміновасьць, а адчуваньне свабоды называў “утапічнай”...

І ўсё ж, адчуваньне свабоды ў тыя дні было надзвычайным, бо накладалася на пачуцьцё перамогі...

Вось як прыгадвае ўдзельнік падзеяў 19-21 жніўня 1991 года адчуваньні пасьля паразы хунты: “Стала ясна, што савецкай сыстэме і сапраўды канец, ды што й СССР, пасьля такога, пэўна ня жыць: а значыць, расчыніліся такія гарызонты будучыні, якія раней цяжка было сабе ўявіць, і тады яшчэ было цяжка ўсьвядоміць. Агулам, такога надзвычайнага абсалютнага смаку перамогі, як тады, ніколі пасьля не даводзілася адчуць у жыцьці. А ён быў завостраны і раптоўнай палёгкай: адбылася поўная, татальная перамога, рэванш ворага ўжо немагчымы, а значыць, у гэтай барацьбе ўжо не загінеш, ані будзеш скалечаны, ні нават патрапіш пад рэпрэсіі. ...Ні нават выключаць, за ўдзел, з унівэрсытэту! :) Усё, што адбывалася навокал — адчувалася так, як быццам стаўся сьведкам цуда”.

Так піша чалавек, якому ў той час было менш за 20 гадоў і які, здаецца, яшчэ не пасьпеў адчуць увесь асартымэнт жыцьця пры камуністычнай уладзе. Але тут усё супадае з маімі асабістымі адчуваньнямі: і перамога, і палёгка...
Пераможца ля будынку былога ЦК КПБ. Жнівень 1991 г.


Мы ў Апазыцыі, аднак, былі далёкія ад эйфарыі і разумелі, што так проста камунізм не адыдзе. Яшчэ ў першы дзень надзвычайнай сэсіі, калі дзейнасьць кампартыі не была прыпыненая, я запатрабаваў апячатаць будынкі ЦК і КДБ (дзяржбясьпека лічылася “баявым атрадам партыі”). Тое ж выказалі і іншыя дэпутаты Апазыцыі БНФ і Дэмклюбу. Мэр Менску Герасіменка прыняў рашэньне аб апячатваньні гаркаму і райкамаў у Менску – актывісты Народнага Фронту разам з міліцыяй зрабілі гэта за пару гадзінаў.

На наступны дзень , 26 жніўня, пад вечар разам з Сяргеем Антончыкам і Валянцінам Голубевым мы прыехалі да будынку ЦК – на плошчы людзей было меней, але нам адразу сказалі, што ў будынак заходзяць супрацоўнікі ЦК, нібыта дзейнасьць кампартыі і не прыпынялася.

Мы пайшлі ў цэнтральны ўваход – дзяжурны афіцэр спачатку не хацеў нас пускаць. Ня дзейнічалі нават словы Голубева, што як народныя дэпутаты БССР мы маем доступ ва ўсе дзяржаўныя ўстановы і будынкі на тэрыторыі Беларусі. Пэўна, міліцыянт працаваў тут здаўна, і прызвычаіўся, што праходзілі ў гэтыя сьцены не паводле закону, а па партыйных распараджэньнях. Пачаў званіць начальству, там сказалі – прапусьціць. Здаецца, ён і паказаў, як прасьцей дабрацца да кабінэту першага сакратара – налева, на ліфце на пяты паверх (гэты кабінэт потым зоймуць, пасьлядоўна, Шушкевіч, Грыб і Лукашэнка).

Пра тое, што адбывалася пазьней, лепш сьведчыць артыкул, напісаны ў той жа дзень і надрукаваны ў газэце Знамя юности” – падаецца, ён няблага перадае атмасфэру тых дзён:

“—Як жа гэта так, таварышы дарагія? З учорашняга дня дзейнасьць вашай партыі прыпыненая, а тут...

Гэта альбо прыблізна гэта вымавілі мы ў адзін голас, калі ў 17 гадзінаў 26 жніўня ўвайшлі ў кабінэт першага сакратара ЦК КПБ. Мы - гэта народныя дэпутаты БССР Валянцін Голубеў, Сяргей Антончык і аўтар гэтых радкоў., якія вырашылі праверыць, як выконваецца Пастанова Вярхоўнага Савету БССР аб часовым прыпыненьні дзейнасьці КПБ – КПСС на тэрыторыі Беларусі. Заўважу, што візыт наш зусім ня быў капрызам – у абавязкі дэпутатаў ўваходзіць праверка імі ж прымаемых рашэньняў.

За доўгім сталом – 1-шы сакратар ЦК А. Малафееў, сакратар ЦК А. Зеляноўскі, загадчык ідэалягічным аддзелам А. Савосьценка і работнік ЦК А. Кухарчук. У руках у кожнага – старонкі машынапісу. Ствараецца зварот да камуністаў – нешта накшталт таго, што партыя чыстая, створаная парлямэнтам камісія разьбярэцца, сыдзе хваля антыкамуністычнай гістэрыі, і...

Разгубленасьць удзельнікаў нарады саступае месца абурэньню: ды як вы асьмеліліся?!

Ды вось – асьмеліліся. Яшчэ зусім нядаўна гэты кабінэт ўяўляў сабой сьвятыню сьвятыняў – не, не партыі нават, а ўсёй дзяржаўнай структуры. Тут сыходзілася ў сваёй вяршыні піраміда ўлады, тут каралі і даравалі, і нешматлікія, вельмі нешматлікія маглі ўвайсьці ў гэтыя сьцены, не адчуўшы дрыгценьня ў каленях. І ўжо безумоўна – запрошаных сюды, акрамя традыцыйнага пачуцьця “глыбокага задавальненьня”, ахоплівала і асэнсаваньне асаблівай абранасьці.

“Ніхто не пазбаўляў нас права зьбірацца!” – перакананы Анатоль Малафееў, і ў гэтым ён мае рацыю, як гаворыцца, на ўсе сто. Для гэтага ёсьць вуліца, сквэр насупраць, кватэра, урэшце рэшт. Але ўжо з 20 гадзінаў учорашняга дня, калі завяршылася сэсія, усялякая дзейнасьць у будынку павінна была спыніцца. Чыста па-чалавечы я дапускаю, што супрацоўнікі апарату маглі б з раніцы зайсьці на пяць хвілінак і забраць асабістыя рэчы – але ня больш за тое. На жаль, мы бачылі парушэньне закона: партыя ўсё яшчэ дзейнічала.

Праўда, да 17-ці гадзінам ужо быў адключаны тэлефон ВЧ, які зьвязваў Малафеева з Гарбачовым, партрэт якога вісіць насупраць вокнаў (цікава, ці здымалі яго ў дні праўленьня ГКЧП?) . Але так званая “тройка” (спэцыяльная сувязь вышэйшых кіраўнікоў рэспублікі і вобласьцяў) працавала спраўна. Сяргей Антончык заўважае пад сталом першага сакратара загадкавую скрыню.

-- Праслухоўваючая апаратура?

-- Ды Вы што, -- тлумачыць гаспадар кабінэту, проста апарат для сьмецьця.

Прынцып працы гэтага прыстасаваньня быў тут жа прадэманстраваны нам самім Анатолем Аляксандравічам: апускаецца ў вузкую шчыліну аркуш паперы, апарат уключаецца – і папера пераўтвараецца ў дробную крошку. Ці не праз такія апараты і перамалолі тоны дакумэнтацыі ў адным з расейскіх абкамаў, пра што распавяло тэлебачаньне?

Трэба заўважыць, што гэтым вечарам ажыўленьне назіралася ня толькі ў кабінэце першага сакратара, але і ў іншых шматлікіх кабінэтах гэтага вялізнага будынку. Апячатаныя былі толькі архіў, службы сувязі, сакрэтны (ад каго – ад народа?) аддзел – у адрозьненьні ад комплексу будынкаў ЦК КПСС у Маскве, уваход у які, як вядома, для супрацоўнікаў апарату зачынены.

Словам, мы бачылі парушэньне закона: партыя ўсё яшчэ дзейнічала, бо баявы штаб працягваў выпрацоўваць рашэньні...

Пра што адразу ж па вяртаньні з ЦК я і паставіў у вядомасьць Пракурора БССР Тарнаўскага.

Але самае дзіўнае чакала нас на наступны дзень: намесьніца міністра юстыцыі БССР Падгруша разаслала па Саветах народных дэпутатаў тлумачальную запіску, у якой рэглямэнтуецца мэханізм прыпыненьня дзейнасьці партыі.

У адпаведнасьці з гэтым тлумачэньнем, адказным супрацоўнікам партыйных камітэтаў забаронена займацца функцыянальнай дзейнасьцю, але прыходзіць у свае працоўныя кабінэты – дазваляецца.

Ня думаю, каб работнікі абмяжоўваліся там распіцьцем гарбаты».

Такі вось артыкул быў надрукаваны ў тыя дні. А значна пазьней мы даведаліся, што у тым жа будынку ЦК у першы дзень пасьля путчу палілі архівы – і нават нанялі для гэтага качагара.

Нам удалося дамагчыся спыніць дзейнасьць КПБ-КПСС – але што было рабіць з былымі камуністамі?

Па сутнасьці, улада – і ў Вярхоўным Савеце, і ў Савеце Міністраў, і ў абл- і райвыканкамах, заставалася ў тых, хто меў партбілеты, і яны не зьбіраліся дзяліцца зь ёй з Народным Фронтам. Так, мы заявілі, што неабходна правесьці выбары ў новы Вярхоўны Савет (новая краіна – новы парлямэнт), але пры гэтым трэба было скарыстаць шанец для ўмацаваньня дзяржаўнасьці. Дзеля гэтага варта было аб'яднаць як мага большую колькасьць людзей – у тым ліку і ў дзяржаўным апараце. У тым ліку і тых, хто яшчэ ўчора меў партбілеты хз профілем Леніна (агаваруся: мы разумелі, што найлепшым варыянтам была б люстрацыя – але, у адрозьненьне ад Чэхаславаччыны, мы ня мелі магчымасьці яе правесьці. На люстрацыю саміх сябе большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета не пагадзілася б).

Адразу пасьля надзвычайнай сэсіі ВС мы прынялі адмысловую заяву.


“Тры гады ад пачатку руху Народнага Фронту, мы мэтанакіравана ішлі да свабоды і сувэрэнітэту. І вось за тры дні ганебна развалілася бальшавіцкая імпэрыя КПСС. Няма больш чырвонага монстра і адыходзіць у нябыт камуністычны кашмар.

Наперадзе вялікая праца па замацаваньню нашай свабоды і незалежнасьці, па будаўніцтву вольнай Беларусі. Заклікаем усіх людзей рэспублікі да стваральных дзеяньняў. Падтрымлівайце законы і пастановы, прынятыя на пятай надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР. Падтрымлівайце дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, стварайце суполкі Народнага Фронту, змагайцеся за волю і дэмакратыю.

Трэба неадкладна ажыцьцявіць дэпартызацыю нашага працоўнага жыцьця. Закрывайце, распускайце, выводзьце парткамы і партыйныя арганізацыі злачыннай КПБ-КПСС і ЛКСМБ. Дапамагайце органам улады апячатваць і ахоўваць будынкі, архівы, гаражы установы – усю нарабаваную маёмасьць КПБ-КПСС і ЛКСМБ, бо гэта ўласнасьць народа, ажыцьцяўляйце грамадзкі кантроль за ходам дэпартызацыі, апячатваньня і аховы маёмасьці, закрыцьця банкаўскіх рахункаў, стварайце дзеля гэтага грамадзкія пікеты і патрулі.

Усе сумленныя людзі, што тым ці іншым шляхам апынуліся ў КПБ-КПСС і ЛКСМБ, -- пакідайце гэтыя антынародныя арганізацыі, выходзьце зь іх – вы свабодныя. Уключайцеся ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай сувэрэннай Беларусі. У нашай культурнай, памяркоўнай дэмакратычнай Бацькаўшчыне ніхто не павінен і ня будзе перасьледаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі ці камсамоле.

Што гэта так – пацьвярджае палітыка Беларускага Народнага Фронту за ўсе гады змаганьня. Дарога ў народны рух заўсёды адчыненая. Набліжайма ж нашу вольную будучыню, абаронім яе, адбудуем і засьцеражом. Жыве Беларусь! Народныя дэпутаты апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце БССР: З. Пазьняк, Г. Сямдзянава, С. Навумчык, А. Трусаў, І. Гермянчук, В. Галубовіч, Ю. Беленькі, У. Станкевіч, Б. Гюнтэр, А. Сасноў, Я. Новікаў, У. Заблоцкі, С. Слабчанка, В. Зяленін, У. Новік, В. Голубеў” – надрукавана на першай паласе “Народнай газэты” 31 жніўня 1991 г.

Я адмыслова падаю тэкст гэтага звароту цалкам, бо пазьней пачаліся (і да гэтага часу не спыняюцца) спэкуляцыі наконт таго, што нібыта Пазьняк і іншыя лідэры БНФ заклікалі да расправы над камуністамі (нават – “вешаньня камуністаў”; Вячаслаў Кебіч нават заявіў аднойчы, што «бачыў такое кіно». Бясспрэчна, што калі б такое кіно існавала – яго б ужо дзесяткі разоў пракруцілі па БТ – і пры Кебічу, і пры Лукашэнку). Якраз наадварот -- быў заклік да камуністаў далучацца да сумеснай стваральнай працы. І быў ён зьмешчаны на першай паласе парлямэнцкай газэты.

Вось толькі ня ўсе былыя камуністы прыслухаліся да гэтага закліку.
Супрацоўнікаў ЦК КПБ выводзяць з будынку ЦК, жнівень 1991 г.



Другі папрок, які раз-пораз гучыць ужо з дыямэтральна супрацьлеглага боку – што у жнівеньскія дні 91-га мы (гэта значыць, дэпутаты Апазыцыі БНФ), не “далі каманду” “разграміць” будынак ЦК і ўзяць камуністаў “цёпленькімі”.

Тут заўважу, што яшчэ у час сэсіі (здаецца, 24 жніўня) Юры Хадыка, які вёў мітынг на плошчы перад урадам, перадаў у Авальную залю запіску, што людзі на плошчы заклікаюць ісьці да будынку ЦК і браць яго ў аблогу (ці нават пачаць штурм – дакладна цяпер ня памятаю). Тады такую прапанову мы расцанілі як глупства, але сёньня, праз 20 гадоў, я ўспрымаю гэта як вельмі небясьпечную правакацыю, якая магла дорага каштаваць лёсу беларускай дзяржаўнасьці.

Чаму?

Бо дакладна ведаю, што ў выпадку штурму будынку ЦК адбылося б Авальнай залі.

А было б тое, што, даведаўшыся пра штурм (ці аблогу, ня важна) будынка ЦК, 30-40 дэпутатаў Вярхоўнага Савета – сакратароў абкамаў і райкамаў па- просту б паўскоквалі з крэслаў і зьбеглі б з Авальнай залі, каб як найхутчэй дабрацца да сваіх партыйных кабінэтаў і ўратаваць тое, што яшчэ можна ўратаваць. Нам па-просту не хапіла б галасоў для наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

Мы проста ня здолелі б 25 жніўня 1991 году абвясьціць Незалежнасьць – і гэта для мяне самы галоўны аргумэнт у слушнасьці абранай намі тактыкі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG