Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў не прызнае патрабаваньні Эўразьвязу аб вызваленьні палітвязьняў дзеля далейшых перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам. Яшчэ адзін экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Дзьмітрый Вус чакае з боку Эўразьвязу эканамічных санкцыяў на адрас Беларусі. Таксама былы кандыдат на прэзыдэнта, Мікола Статкевіч, выпісаны са шпіталя пасьля траўмы. Яму па-ранейшаму блякуюць ліставаньне і тэлефонныя перамовы.

Ірына Халіп — жонка палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава — вярнулася ў Менск з Наваполацкай калёніі, дзе мела доўгатэрміновае спатканьне з мужам. Яна кажа, што Андрэй Саньнікаў выглядае добра, наколькі гэта магчыма ва ўмовах турмы, якая месьціцца паміж двума нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі. Ён таксама адмоўна ставіцца да патрабаваньняў Эўразьвязу вызваліць палітвязьняў, паведаміла Ірына Халіп:

«Ён абсалютна адмоўна ставіцца нават да самой ідэі якіх бы там ні было перамоваў. Хіба што наконт перадачы ўлады. А ўвогуле ён кажа, што не прызнае патрабаваньняў Эўразьвязу вызваліць палітзьняволеных, каб пачаць размаўляць. Ён кажа: як размаўляць? Пра што? Лукашэнка сам пасадзіў невінаватых людзей, затым сваёй воляй адпусьціў, і што — гэтым ён сябе легітымізуе? Ён стане законна абраным і Захад будзе зь ім размаўляць? Нельга размаўляць з гэтым чалавекам — толькі пасьля зьмены ўлады можна будзе размаўляць».
Лукашэнка сам пасадзіў невінаватых людзей, затым сваёй воляй адпусьціў, і што — гэтым ён сябе легітымізуе?

Таксама ранкам чацьвярга скончылася доўгатэрміновае спатканьне з мужам у Яўгеніі Вус — жонкі яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзыдэнта, Дзьмітрыя Вуса. Адміністрацыя Магілёўскай турмы скараціла спатканьне да адных сутак з прычыны таго, што Дзьмітрый Вус адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя кіраўніка краіны. Як паведаміла Яўгенія, Дзьмітрыю Вусу прызначылі трэцюю групу інваліднасьці, і цяпер ён працуе ў цэху пляценьня гамакоў, атрымлівае 1300 рублёў за гамак. Экс-кандыдат не камэнтуе вызваленьне іншых палітвязьняў і ня верыць у магчымасьць дыялёгу з уладай, а больш засяроджаны на магчымых санкцыях да Беларусі з боку Эўразьвязу, паведаміла Яўгенія і працытавала занатаваныя выказваньні Дзьмітрыя Вуса:

«На першым этапе неабходна, каб Эўразьвяз увёў эканамічныя санкцыі адносна Беларусі, а менавіта — у дачыненьні да „Белнафтахіма“, „Азота“ і іншых значных дзяржпрадпрыемстваў — тое, што рабілі ЗША. Пакуль улада будзе фінансаваць сілавікоў, зьмена рэжыму немагчымая». Далей яго выказваньне пра інфляцыю: «Інфляцыя будзе расьці да тае пары, пакуль ня будзе скарачэньня бюджэтных сфэр на 50%. Калі ня будзе штучнага стрымліваньня даляра, то да Новага году ён будзе роўны 10–11 тысячам беларускіх рублёў. Мы вярнуліся на пачатак 1991–92 гадоў: РБ адстала ад Польшчы, Чэхіі, Латвіі ў эканамічным разьвіцьці з-за правядзеньня цяперашняй дзяржаўнай эканамічнай палітыкі».

Марыне Адамовіч, жонцы яшчэ аднаго кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча, стала вядома, што з траўмаю рукі Мікола быў пераведзены з турэмнага шпіталя Шклоўскай калёніі ў звычайны атрад:
Вялікімі фізычнымі перагрузкамі, узьдзейнічаюць на Міколу — гэта, на жаль, факт.

«Гэта траўма кісьці і сустава вялікага пальца, якая была атрыманая на вытворчасьці. Пералому няма, але яму наклалі лянгету. Ён, безумоўна, не працуе і, як сказалі мэдыкі, тыдні два рука будзе зафіксаваная, а далей будзе бачна. Вельмі адметны той факт, што з таго моманту, калі ён пачаў працаваць на лесапілцы, паток лесу павялічыўся ўдвая. А з таго моманту, як ён атрымаў траўму, лес скончыўся. Я ўжо ня ведаю, дзе яны знаходзілі той лесаматэрыял, але быў такі спосаб падвоенай нагрузкі. Такім вось чынам, вялікімі фізычнымі перагрузкамі, узьдзейнічаюць на Міколу — гэта, на жаль, факт. Але Мікола ў добрым настроі, ён жартуе, ён вельмі моцны і энэргетычна падтрымлівае ўвесь іх лягер».

Марына Адамовіч таксама паведаміла, што заявы адміністрацыі калёніі пра тое, што Мікола піша і неўзабаве дашле ліст свайму бацьку, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Міколу Статкевічу па-ранейшаму не забараняюць фармальна, але фактычна блякуюць тэлефонныя перамовы і ліставаньне.
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG