Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік калёніі: «Са Статкевічам усё ў парадку, але ён траўмаваны»


Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель сустрэўся з начальнікам шклоўскай папраўчай калёніі № 17 Сяргеем Ермаліцкім. Актывіст намагаўся высьветліць умовы ўтрыманьня ў вязьніцы палітзьняволеных Дзьмітрыя Новіка, Уладзімера Лобана Аляксандра Класкоўскага, а таксама экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Бухель: «Ён мяне запэўніваў, што нічые правы ў турме не парушаюцца. Ніхто ня чыніць ціску на зьняволеных, каб яны пісалі прашэньні аб памілаваньні. «Ставімся да іх як да звычайных арыштантаў», заявіў ён. Я запытаўся: «Чаму так мала зарабляе Статкевіч?». Ён сказаў, што такія расцэнкі той арганізацыі, у якой ён працуе. Сказаў, што вылічэньняў шмат з заробку — за ахову, харчаваньне, таму так мала застаецца яму. Ён пацьвердзіў, што Статкевіч вызвалены ад працы з-за вытворчай траўмы. Ён сказаў таксама, што ў Статкевіча й Новіка няма ніякіх спагнаньняў. «Усе паведамленьні, — заявіў ён, — якія зьяўляюцца ў інтэрнэце, — хлусьня». Дык тады, кажу, сустрэньцеся з журналістамі й раскажыце, што праўда, а што не. Ён мне: «Ні з кім сустракацца ня буду. Мне гэта не патрэбна. Я з вамі першы й апошні раз сустракаюся».

Начальнік калёніі адмовіўся гутарыць з ініцыятаркай візыту, праваабаронцай Крысьцінай Шацікавай. Як паведаміла актывістка, адмову ён аргумэнтаваў тым, што яна не прадстаўляе ніякай арганізацыі:

«Гэта адназначна парушэньне. Ён абавязаны быў мяне прыняць як звычайную асобу. Мне доўга не хацелі даваць кнігу скаргаў, але ўсё ж далі. Я напісала дзьве скаргі туды. Адну на тое, што мне не далі графіку прыёму начальнікам грамадзян і я змарнавала свой час і грошы, едучы ў турму. А другая тычылася паводзін самога Ермаліцкага, які адмовіўся мяне прымаць. Сваё жаданьне ён выдае за закон. Акрамя таго, вядома, што ў Новіка ёсьць спагнаньні. Гэта інфармацыя з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Таму начальнік турмы яшчэ й хлусіць».

Паводле Барыса Бухеля, начальнік калёніі паведаміў, што арыштантам можна дасылаць літаратуру. Яна пойдзе ў бібліятэку, аднак па заяве зьняволеных патрэбныя кнігі ім будуць выдавацца. Падручнік па ангельскай мове прасіў даслаць Мікола Статкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG