Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі я пачала ўгаворваць яго пагадзіцца на памілаваньне, ён кінуў слухаўку..."


Зьміцер Бандарэнка знаходзіцца ў карантыне магілёўскай калёніі. Паўла Вінаградава атэставалі: "ён ня стаў на шлях выпраўленьня". Уладзімеру Лобану ў Шклоўскую калёнію лісты не даходзяць, таксама як Статкевічу і Класкоўскаму. Самым стойкім вязьням, кшталту Мікіты Ліхавіда, нават і не прапаноўваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка даслаў з Магілёўскай калёніі, куды яго этапавалі з Валадаркі 31 жніўня, ужо два лісты, распавяла ягоная жонка Вольга:

"Піша, што з Валадаркі ў калёнію выправілі яго літаральна за 10 хвілін у сераду, ён нават рэчы пазабываўся, так хутка. Везьлі лежачы, як і абяцалі. Зрабілі абязбольвальны ўкол перад гэтым. Кажа, што крыху растрэсла, сьпіну цягне. Ён апасаўся, што будзе горш. Знаходзіцца Дзіма ў карантыне — карантын ён праходзіць у санчастцы. У карантыне ён можа, у адрозьненьне ад Валадаркі, выходзіць з палаты і хадзіць па калідоры, але ня можа гуляць на вуліцы".

Што да астатніх працэдур, масажу, магнітатэрапіі ды іншых, у калёніі нічога ня робяць, таму ніякай рэабілітацыі ў турэмных умовах Зьміцер ня пройдзе. Але пісаць прашэньне аб памілаваньні ён таксама ня будзе, кажа Вольга Бандарэнка:

"Напісаў, што ледзьве ня першае было пытаньне, ці падыходзілі да яго на Валадарцы з прапановай напісаць прашэньне аб памілаваньні. Дзіма сказаў, што не прапаноўвалі, але за яго напісала Беларуская асацыяцыя журналістаў, таму што ён сам пісаць ня будзе. Яму сказалі, што пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля адбываньня адной траціны тэрміну яны ведаюць, нічога пісаць ня трэба. Але яны да яго павінны прыгледзецца, ці варты ён гэтага альбо не".

Павал Вінаградаў

А вось Павал Вінаградаў, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі "Ваўчыныя норы", "на шлях выпраўленьня ня стаў" — такім чынам палітвязьня атэставалі. Але настрой у яго добры, спадзяецца на хуткае вызваленьне, распавяла ягоная жонка Сьвятлана:

"Настрой у яго бадзёры, спадзяецца ў хуткім часе дадому трапіць. Такое ў яго прадчуваньне, што хутка-хутка, нават ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Прынамсі, прашэньне аб памілаваньні ён пісаць не зьбіраецца, дый яму ніхто і не прапануе. Ужо і Мірзаянаву прапаноўвалі, і Лобаву прапаноўвалі, якія таксама сядзяць у Івацэвічах. Ня ведаю, чым гэта скончыцца... Бо яго нядаўна атэставалі як чалавека, які ня стаў на шлях выпраўленьня".

Мікіта Ліхавід

Алена Ліхавід, маці Мікіты Ліхавіда, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, атрымала ў аўторак ліст ад сына:

"Нічога ён ня піша пра памілаваньне, ён жа праз адваката Дар'ю Ліпкіну, якая сустракалася зь Мікітам на мінулым тыдні, перадаў, што да яго ніхто не прыходзіў, нічога яму не прапаноўвалі. Я мяркую, што ў калёніі працуюць і псыхолягі, і аналітыкі, якія робяць прагнозы, да каго можна зьвяртацца, а да каго — бессэнсоўна. Калі Мікіта ў лісьце напісаў, што "не зьбіраюся за пернікі са згушчонкай прадаваць сваё імя", потым ён пісаў у лісьце: "Калі я не вінаваты, то мне і памілаваньне ня трэба".

Уладзімер Лобан

Не зьбіраецца пісаць прашэньне і Ўладзімер Лобан, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. З родных у яго — адна сястра-блізьнятка Сьвятлана, яна выхоўвае 16-гадовага пляменьніка, які застаўся без бацькоў. Сястра не змагла паехаць на спатканьне, бо працуе ў дзьве зьмены. Зь лістамі ў Шклоўскай калёніі і ў Лобана праблемы, як і ў Статкевіча, і ў Класкоўскага:

"Ён ня тое каб скардзіўся, але калі я пасылала заказны ліст, а потым па тэлефоне спыталася, ці атрымаў ён яго, Валодзя сказаў, што ліст ужо ляжыць два тыдні, ён ведае, але яму яго не аддаюць".

Карэспандэнтка: "А да яго зьвярталіся з просьбай напісаць прашэньне аб памілаваньні?"

"Так, так. Але ён не пагадзіўся, калі я пачала ўгаворваць, казаць, як мне цяжка гадаваць пляменьніка, сказаў, каб я нават не заводзіла пра гэта гаворку, маўляў, ён ніколі гэтага ня зробіць. І кінуў слухаўку...".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG