Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам апошніх тыдняў у беларускіх крамах — праблемы зь мясам. Распавядаюць, што пасьля зьяўленьня ў інтэрнэт-СМІ фатаграфій пустых прылаўкаў на рынках і ў крамах кіраўнікі міністэрстваў гандлю і сельскай гаспадаркі, а таксама Менгарвыканкаму наведалі ў суботу раніцай Камароўку. І нейкім фантастычным чынам прылаўкі аказаліся запоўненымі мясам па даволі даступных коштах — ад 20 да 50 тысяч рублёў за кіляграм. У панядзелак у Менгарвыканкаме адбылася апэратыўная нарада, на якой мэр Менску Мікалай Ладуцька паставіў задачу — сфармаваць графік паставак мяса да канца году. Ці зьявілася мяса ў сталічных крамах?

У спальным раёне Ўручча-6 — крама з трапнай назвай "Мяса шмат". Чаму цяпер яго няшмат, а ў разрубе мяса няма наагул, пытаюся ў намесьніцы дырэктара крамы.

"Мясную прадукцыю мы заказваем і яе атрымліваем штодня. Мы звычайна атрымліваем абвальную прадукцыю, то бок мяса без касьцей".

Карэспандэнтка: "Але чаму цяпер зусім няма мяса, толькі "рогі і капыты"?".

"Справа ў тым, што ўчора быў выходны дзень, а для таго каб падрыхтаваць абвальнае мяса, патрэбны час, яго з раніцы робяць і па абедзе прывозяць. У нас у суботу было мяса ў разрубе па 15 050 рублёў за кіляграм".




Карэспандэнтка: "У суботу паўсюль было мяса, а сёньня?".

"Наступная заяўка ў нас з хладакамбінату № 2 на заўтра, на аўторак, там паабяцалі 150 кіляграмаў куранят і качанят. Гэта ўсё, што нам выдзелілі".

Карэспандэнтка: "Звычайны ўнівэрсам у тым жа спальным раёне Ўручча-6. Зь мяса тут толькі паляндвіца хатняя па 43 тысячы за кіляграм, і ўсё. Пытаюся ў пакупнікоў — як ацэньваюць выбар мяса і кошты?".

Мужчына: "Дарагое вельмі. Я гляджу на кошты — вельмі дорага, не па кішэні".




Карэспандэнтка: "Наступная крама — "Фірмовы мясны магазін "Савецкі". Мяса па коштах вытворцаў на рагу праспэктаў Незалежнасьці і Машэрава. Але зь мяса я бачу толькі рэбры па 43 тысячы за кіляграм. Вось мужчына кажа, што вельмі дорага. Ну, і ўсё зь мяса...".

"Так, вельмі дорага, вядома, за голыя рэбры. Выбару зусім няма. Але што рабіць, мы да гэтага прызвычаіліся, саўкі і ёсьць саўкі. Дый магазін называецца "Савецкі".

Карэспандэнтка: "Як вы разьвязваеце мясную праблему?".

Спадарыня: "Пакуль ніяк. Мяса ў краме няма. Я проста толькі што прыехала з адпачынку, лядоўня пустая. Можа, у іншай краме знайду мяса".

Мужчына: "Ніяк не разьвязваем. Мы вымушаны ўжываць вэгетарыянскую ежу: "овощи, фрукты и винопродукты". А навошта мяса?".

Карэспандэнтка: "Але тут, у краме "Пятачок", звычайна багаты выбар мяса быў".

"Адна назва "Пятачок" засталася, а нават пятачка не відаць. Відаць, колюць яшчэ. Магчыма, хутка зьявіцца".




Карэспандэнтка: "Сьвіная скура затое ёсьць па 500 рублёў за кіляграм — амаль дарма. Зьвяртаюся да прадавачкі. А чаму няма мяса?".

"Пакуль няма, але будзе мяса. Кожны дзень прывозяць".

Карэспандэнтка: "Такім чынам, падсумуем. Наведала я ў першай палове панядзелка 5 крамаў — 4 спэцыялізаваныя мясныя і звычайны ўнівэрсам. У краме "Мяса шмат" зь мясных вырабаў былі толькі косьці па 1300 рублёў і па 7 тысяч. У "Савецкім" — сьвіныя рэбры па 43 тысячы. У "Пятачку" — сьвіная скура па 500 рублёў. Крыху лепш зь мясам у звычайным унівэрсаме "Зарына" ва Ўруччы: паляндвіца па-хатняму за 43 тысячы. Прыстойная ялавічына была ў фірмовай краме Менскага мясакамбінату "Мясная дзяржава-5" — па 43 тысячы. Усё астатняе да абеду разабралі, бо завоз а 10-й раніцы. Як прызналася прадавачка, прывезьлі нават 3 кіляграмы сьвіной шыі, якой ня так даўно ўпікаў кіраўнік дзяржавы былога прэм'ер-міністра. Шыю раскупілі за 5 хвілін".




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG