Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама паабяцаў Лібіі дапамогу


Паўстанцы сьвяткуюць перамогу

Паўстанцы сьвяткуюць перамогу

Лібійскія паўстанцы сьвяткуюць перамогу на вуліцах Трыпалі: сталіца амаль цалкам знаходзіцца пад іх кантролем. Месцазнаходжаньне Муамара Кадафі невядома.


Паўстанцы ўзялі пад кантроль лётнішча ў Трыпалі

Лібійскія паўстанцы захапілі лётнішча ў Трыпалі, паведаміў тэлеканал “Аль-Арабія”, паклікаючыся на прадстаўніка Пераходнай нацыянальнай рады. Паўстанцкія сілы кантралююць блізка 80 працэнтаў сталіцы, у тым ліку дзяржаўную тэлевізію.

Тэлеканал “Аль-Джазіра” тым часам паведаміў, што прыхільнікам Кадафі ўдалося вызваліць найстарэйшага сына лібійскага кіраўніка Мухамада, якога паўстанцы напярэдадні арыштавалі і зьмясьцілі пад хатні арышт.

Абама паабяцаў Лібіі дапамогу

“Рэжым Кадафі фактычна паў, але змаганьне яшчэ не завершана”, – заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў панядзелкавым аўдыёзвароце да нацыі.

“Апазыцыя і Пераходная нацыянальная рада павінны падтрымліваць мірны, справядлівы і бяскроўны пераход да дэмакратыі, паважаць інтарэсы ўсіх лібійцаў... ЗША разам зь міжнароднай супольнасьцю будуць сябрам і партнэрам новай Лібіі... Я даручыў сваёй камандзе няспынна падтрымліваць сувязь з НАТО і ААН”, – сказаў Абама.

Амэрыканскі прэзыдэнт паабяцаў, што Злучаныя Штаты будуць сачыць за тым, каб грамадзяне Лібіі атрымлівалі неабходную гуманітарную дапамогу.

Што зь Лібіяй пасьля Кадафі?

Падзеньне рэжыму Кадафі выклікала эўфарыю як сярод падтрыманых НАТО паўстанцаў, так і сярод шырокіх пластоў лівійскага грамадзтва. Але шмат хто перасьцерагае, што пасьлярэвалюцыйнае пахмельле ў Лібіі можа быць даволі цяжкім і неадназначным

Лібійскія паўстанцы захапілі дзяржаўную тэлевізію

У Трыпалі паўстанцы захапілі надвячоркам будынак лібійскага дзяржаўнага тэлеканалу “Джамахірыя”. Паўстанцы кантралююць большую частку сталіцы Лібіі.

НАТО абяцае тым часам працягваць бамбаваць аб’екты ў Лібіі да часу, пакуль усе сілы Кадафі не складуць зброі.

Беларусы ня хочуць пакідаць Лібію

Ніхто з каля паўсотні беларусаў, якія знаходзяцца ў дадзены момант у Лібіі, не выявіў жаданьня пакінуць краіну ў сьвятле апошніх падзей. Пра гэта TUT.by паведамілі ў амбасадзе Беларусі ў Трыпалі.

На мінулым тыдні МЗС Беларусі паведаміў, што грамадзяне Беларусі могуць пакінуць Лібію на ваенным караблі "Трыва 1". Яго адпраўленьне з Трыпалі на Мальту было заплянавана на 21 жніўня. Аднак карабель у выніку не прыйшоў.

"Праўда, гэта ніяк не паўплывала на сытуацыю з беларускімі грамадзянамі. Паколькі ні адной заяўкі ад іх мы не атрымалі. Мы таксама інфармавалі суайчыньнікаў аб рэйсах, якія плянуюцца 23 і 24 чысла, але жадаючых па-ранейшаму няма. З іншага боку, у Трыпалі пакуль абмежаванае перамяшчэньне. Лепш заставацца на сваіх месцах ", - кажа прадстаўнік амбасады Андрэй Мароз.

Паводле інфармацыі прадстаўніка беларускай дыпмісіі ў Трыпалі, цяпер у Лібіі застаецца каля 50 грамадзянаў Беларусі. Частка зь іх пражывае кампактна ў Гадамесе, дзе, паводле слоў беларускага дыплямата, сытуацыя ў цяперашні час спакойная.

Звужаецца кола саюзьнікаў Лукашэнкі

22 жніўня амбасада Лібіі ў Менску замяніла дзяржаўны зялёны сьцяг Джамахірыі на паўстанцкі трыкалор. У прыёмнай амбасадара "Свабодзе" зазначылі, што амбасада не дае ніякіх камэнтароў на гэты конт.

Гарачыя баі ў Лібіі, падзеньне рэжыму палкоўніка Муамара Кадафі і ўплыў гэтых падзей на Беларусь камэнтуюць беларускія палітыкі і палітолягі.


Эўрапейскія лідэры заклікаюць Кадафі сысьці ў адстаўку

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу і старшыня Эўрапейскай Рады Гэрман Ван Ромпэй выступілі сёньня з сумеснай заявай адносна падзеяў у Лібіі.

"Мы заклікаем палкоўніка Кадафі прыняць волю народу і неадкладна сысьці ў адстаўку дзеля пазьбяганьня далейшага кровапраліцьця і пакут. Цяпер для Лібіі шлях да свабоды і самавызначэньня адкрыты. Эўрапейскі Зьвяз будзе працягваць падтрымліваць краіну ў яе пераходзе да дэмакратыі і эканамічнага аднаўленьня, заснаванага на сацыяльнай справядлівасьці, адкрытасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці… Падзеі ў Лібіі даюць новы імпульс арабскай вясьне. Пошукі свабоды і годнасьці людзьмі у рэгіёне будуць працягвацца. Эўразьвяз разам зь імі і падтрымлівае іх дэмакратычныя памкненьні і выбар".

Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў, што пераважная большасьць Трыпалі ў цяперашні час кантралюецца сіламі лібійскай апазыцыі. Ён заклікаў Кадафі сысьці ў адстаўку.

"У нас няма пацьверджаньня аб месцазнаходжаньні Кадафі, але па крайняй меры двое з сыноў Кадафі былі затрыманыя. Яго рэжым развальваецца. Кадафі павінен спыніць баявыя дзеяньні без умоваў і ясна паказаць, што ён адмовіўся ад усіх прэтэнзій на кантроль над Лібіяй".

Амбасада Лібіі ў Мінску вывесіла сьцяг паўстанцаў

Амбасада Лібіі ў Мінску замяніла дзяржаўны сьцяг на паўстанцкі. У самім дыпрадстаўніцтве гэта не камэнтуюць. У размове з карэспандэнтам Эўрарадыё супрацоўнік амбасады пацьвердзіў, што сьцяг сапраўды замянілі сёньня ранкам і дадаў, што гэта зьвязана з развіцьцём падзеяў у Лібіі.

Будынак амбасады Лібіі ў Менску


Сусьветныя лідэры заклікаюць Муамара Кадафі адмовіцца ад улады

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што бітва дасягнула "крытычнай кропкі", і што краіна "высьлізгвае з рук тырана".

Офіс прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дэйвіда Кэмэрана выпусьціў заяву, што было ясна "што канец Кадафі блізкі" і заклікаў яго сысьці ў адстаўку, каб пазьбегнуць далейшых пакутаў свайго народу.

Міністар замежных спраў Італіі Франка Фратыні заявіў, што "час Кадафі скончыўся" і што ён павінен быць перададзены Міжнароднаму крымінальнаму суду.

Польшча, цяперашні старшыня Эўразьвязу, заявіла, што вітае канец кіраваньня Кадафі.

Тым часам, месцазнаходжаньне Кадафі застаецца невядомым.

У аўдыё-паведамленьні па дзяржаўным тэлебачаньні ў нядзелю, Кадафі паабяцаў застацца да канца, і заклікаў сваіх прыхільнікаў прыйсьці ў Трыпалі, каб "выратаваць" горад.

Міжнародны крымінальны суд заявіў, што атрымаў пацьверджаньне, што Сайф аль-Іслам, сын Кадафі, быў затрыманы.

Разам са сваім бацькам, Сайф аль-Іслам быў абвінавачаны Міжнародным крымінальным судом у злачынствах супраць чалавечнасьці.

Яго брат, Мухамад Кадафі пацьвердзіў тэлекампаніі Al-Jazeera, што паўстанцы ўзялі яго пад хатні арышт.

Нацыянальная пераходная рада Лібіі неўзабаве плянуе прызначыць новы ўрад

Новы павераны ў справах Лібіі ў Вялікабрытаніі, прызначаны Нацыянальнай пераходнай радай, Махмуд Накуа заявіў, што місія НАТО ў краіне падыходзіць да канца:

“Мы дзякуем НАТО за тую ролю, якую яно адыграла, але, я думаю, неўзабаве гэтая роля завершыцца, і лібійскі народ зможа самастойна адбудаваць сваю краіну”

Махмуд Накуа таксама заявіў, што паўстанцы не дапусьцяць вакууму ўлады:

“Ніякага вакуўму ўлады ня будзе. Нацыянальная рада неўзабаве пераедзе з Бэнгазі ў Трыпалі. Будзе прызначаны новае пераходны ўрад, які будзе служыць народу Лібіі, людзям, якія жывуць ва ўсіх гарадах”.

Паўднёвая Афрыка: мы не пасылалі самалёт для эвакуацыі Кадафі

НАТО заклікала да мірнага пераходу ўлады ў Лібіі. Лібійскія паўстанцы заяўляюць, што змагаюцца за канец кіраваньня Муамара Кадафі і ўжо ўзялі пад свой кантроль большую частку лібійскай сталіцы.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн, выступаючы ў Брусэлі, заявіў, што альянс гатовы працаваць з лібійскім народам:

"Цяпер настаў час для стварэньня новай Лібіі – дзяржавы, заснаванай на свабодзе, а не на страху, на дэмакратыі, а не на дыктатуры, на волі многіх, а не на капрызе некалькіх. Гэты пераход павінен прайсьці мірна Ён павінен прыйсьці цяпер... і ён павінен ажыцьцяўляцца пад кантролем і з удзелам лібійскага народу".

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў у нядзелю з заявай, у якой прывітаў апошнія зьмены ў Лібіі, якая, паводле Абамы, "высьлізгвае з рук тырана".

Месцазнаходжаньне Кадафі застаецца невядомае.

Адзін з сыноў Кадафі, Сайф аль-Іслам, быў арыштаваны. Іншы, Мухамад Кадафі, як паведамляецца, знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Паўднёва-Афрыканская рэспубліка абвергла паведамленьні, што яна накіравала самалёты ў Лібію для эвакуацыі Кадафі.

Лібійскія паўстанцы сьвяткуюць перамогу на вуліцах Трыпалі

Праціўнікі Кадафі узялі штурмам лівійскую сталіцу. Першую атаку на ўрадавыя войскі атрады паўстанцаў правялі ў ноч на 21 жніўня, а затым захапілі ваенную базу Кадафі ў 27 кілямэтрах ад Трыпалі. Па дадзеных Reuters, былі захопленыя казармы элітнай брыгады пад кіраўніцтвам сына Кадафі Хаміса, якая лічыцца найбольш баяздольным злучэньнем лібійскага войска.

У выніку баёў за Трыпалі за апошнія 12 гадзін загінулі больш за 1300 чалавек

21 жніўня паўстанцы разгарнулі наступ на Трыпалі як з захаду, так і з усходу, частка іх сіл прыбыла морам. На працягу сутак праціўнікі Кадафі амаль цалкам авалодалі горадам. Яны кантралююць увесь Трыпалі, за выключэньнем урадавага квартала Баб аль-Азіза, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя Муамара Кадафі. Месцазнаходжаньне самога лівійскага лідэра невядома.




У руках паўстанцаў апынуліся пакуль толькі двое сыноў Кадафі. Адзін з іх, Сэйф аль-Іслам, займаў актыўную пазыцыю ў абарону свайго бацькі. Прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суду ўжо заявілі, што маюць намер пачаць перамовы з паўстанцкім Нацыянальнай пераходнай радай аб умовах яго адпраўкі ў Гаагу.

Старэйшага сына Кадафі - Мухамеда - ледзь не застрэлілі падчас інтэрвію, якое ён даваў у прамым эфіры ў ноч на 22 жніўня катарскаму тэлеканалу "Аль-Джазіра". "Мяне атакуюць прама зараз у маім доме", – сказаў Мухамед Кадафі, які практычна не займаўся палітычнай дзейнасьцю і ня быў на дзяржаўнай службе, жывучы разам з маці, якая ужо даўно ў разводзе з Муамарам Кадафі.

Па дадзеных "Аль-Джазіры", сутыкненьня ў горадзе ўжо спыніліся. Большасьць абаронцаў лівійскай сталіцы склалі зброю. Тэлеканал паказаў першыя кадры з лівійскай сталіцы Трыпалі, пасьля таго як яна апынулася ва уладзе паўстанцаў. На кадрах бачна, як маладыя людзі топчуць велізарны партрэт Кадафі і радуюцца прыходу сіл паўстанцаў.

Паведамляецца, што камандуючы злучэньнямі, якія абаранялі Трыпалі, сам адкрыў паўстанцам усе дарогі і загадаў не аказваць супраціву. У той жа час, вядома пра 100 затрыманых паўстанцамі байцоў "батальёнаў Кадафі". Па дадзеных тэлеканалаў "Аль-Джазіра" і "Аль-Арабія", у Трыпалі капітулявала прэзыдэнцкая гвардыя Кадафі.

Афіцыйны прадстаўнік ураду Лібіі Муса Ібрагім заявіў, што ў выніку баёў за Трыпалі за апошнія 12 гадзін загінулі больш за 1300 чалавек. Паводле ягоных словах, вялікая частка людзей загінулі ад бамбардзіровак самалётаў НАТО, прыкрывалі наступ паўстанцаў на Трыпалі.

Як паведамляе агенцтва France Press, упершыню за шэсьць месяцаў у Трыпалі запрацаваў інтэрнэт. Таксама паўстанцы абвясьцілі пра пачатак працы сваёй новай радыёстанцыі.

Камандаваньне НАТО аб'явіла 21 жніўня, што "працягне забясьпечваць дзеяньне рэзалюцыі ААН у Лібіі, гэта значыць абараняць мірнае насельніцтва".

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што рэжым Муамара Кадафі развальваецца на вачах і заклікаў яго адмовіцца ад улады, каб пазьбегнуць далейшага кровапраліцьця. "Мы працягнем працаваць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі па міжнароднай супольнасьці для таго, каб абараніць народ Лібіі і падтрымаць мірны пераход да дэмакратыі", – цытуе Reuters прэзыдэнта ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG