Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зь Лібіяй пасьля Кадафі?


Падзеньне рэжыму Муамара Кадафі ў Лібіі выклікала эўфарыю як сярод падтрыманых НАТО паўстанцаў, так і сярод шырокіх пластоў лівійскага грамадзтва. Але шмат хто перасьцерагае, што пасьлярэвалюцыйнае пахмельле ў Лібіі можа быць даволі цяжкім і неадназначным.

У Лібіі зараз ёсьць часовая ўлада – гэтак званая Нацыянальная пераходная рада, утвораная паўстанцамі з Бэнгазі. Яе прызнаюць як легітымную ўладу 32 краіны сьвету. Але назіральнікі зьвяртаюць увагу, што Рада недамагае ад вострых палітычных падзелаў. Адным з доказаў малой дзеяздольнасьці Рады зьяўляецца адсутнасьць ураду пасьля таго, як старшыня Рады Мустафа Абдэль Джаліль звольніў папярэдняга шэфа ўраду два тыдні таму.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн, выступаючы сёньня ў Брусэлі, падкрэсьліў, што альянс і міжнародная супольнасьць цяпер чакаюць асаблівай адказнасьці з боку Рады:

«НАТО гатовае працаваць зь лібійскім народам і з Нацыянальнай пераходнай радай, на якой спачывае вялікая адказнасьць. Яны мусяць гарантаваць, што пераход улады адбудзецца гладка і ахопіць усю краіну, што краіна застанецца аб’яднанай і што яе будучыня будзе грунтавацца на паяднаньні ды пашане правоў чалавека».

Перад залішнім энтузіязмам пераможцаў перасьцерагаў сёньня і сам кіраўнік Нацыянальнай рады, Мустафа Абдэль Джаліль:

«Лібійцы мусяць ведаць і мусяць усьведамляць сабе, што бліжэйшы пэрыяд ня будзе ўсьцелены ружамі. Перад намі шмат выклікаў і шмат адказнасьці, пачынаючы з патрэбы загаіць раны і падаць адзін аднаму рукі – усё гэта дзеля ўшанаваньня крыві нашых мучанікаў і прынцыпаў, на якіх была заснаваная гэтая рэвалюцыя».

У прыватнасьці, Джаліль перасьцерагаў лібійцаў перад тым, каб яны ня зводзілі рахункі з былым рэжымам на ўласную руку:

«Я заклікаю ўсіх лібійцаў праявіць самакантроль ды ахоўваць жыцьці і маёмасьць іншых, лібійцаў і чужынцаў, ды адмовіцца ад спробаў уласнаручна наводзіць справядлівасьць па-за рамкамі закону».

Ці магчыма ўсталяваць дэмакратыю ў краіне, кіраванай 42 гады дыктатарам? Ці не чакае Лібію лёс Іраку, дзе гвалт і праліцьцё крыві працягваюцца ўжо восем гадоў пасьля таго, як ад улады быў адсунуты дыктатар?

Рычард Далтан, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Лібіі, сказаў нашаму радыё, што такая боязь – неабгрунтаваная:

«У Лібіі няма такіх значных этнічных і рэлігійных падзелаў, ад якіх пакутаваў Ірак, і няма такога разбурэньня грамадзкага жыцьця і эканомікі, якія папярэднічалі зьмене ўлады ў Іраку. І Нацыянальная пераходная рада не намерваецца рабіць такіх памылак, што зрабілі акупанты ў Іраку, якія менавіта адсунулі ад улады ўсіх кіраўнікоў публічных інстытуцый».

Паводле Далтана, шанцы перайсьці да больш дэмакратычнай формы кіраваньня дзяржавай у Лібіі ня меншыя, чым у Тунісе або Эгіпце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG