Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іркуцкае рэха Бязьдзедавічаў


Чаму ў Сыбіры, куды да Першай усясьветнай вайны перасялілася больш за мільён беларусаў, найбольш дзейсная і яскрава-нацыянальная беларуская суполка склалася менавіта ў Іркуцку? А не ў Цюмені ці Омску? Таму што, як часта гэта бывае, усё залежыць ад аднаго чалавека. Іркуцкіх беларусаў аб’яднаў ураджэнец полацкай вёскі Бязьдзедавічы Алег Рудакоў. Які стараецца штогод прыяжджаць на радзіму. Мы знаёмыя з Алегам ня першы год. І паказаць сваю адметную вёску ён пагадзіўся з радасьцю.


— Асабіста я сябе не лічу сыбіраком. Хоць тыя беларусы, якія нарадзіліся ў Сыбіры, яны іншым разам называюць сябе «беларусамі Прыбайкальля». Калі будзе наступны перапіс, некаторыя будуць так сябе пазначаць. У нашым моладзевым клюбе «Крывічы» ў моладзі ня толькі мода ўзьнікла на тыя ж самыя імёны. Яны маюць патрэбу паміж сабой размаўляць на беларускай мове. Беларусы, якія нарадзіліся ў Беларусі за савецкім часам і пераехалі за савецкім часам у Іркуцк, яны саромеюцца па-беларуску размаўляць. Комплекс нейкі ёсьць. А вось моладзь, якая нарадзілася там, у іх моцнае жаданьне як мага больш даведацца словаў. І наша моладзь размаўляе і даклады робіць зь вялікім задавальненьнем.


Неяк у адной моладзевай кампаніі я быў прыемна ўражаны, пазнаёміўшыся зь менскай студэнткай, якая прыехала вучыцца з Іркуцку. Уражаны я быў выдатнай моваю і бліскучым веданьнем гісторыі. Рудакоў-малодшы, Аляксей, таксама сёлета паступіў у Полацкі ўнівэрсытэт.


— А ёсьць, што раздражняе ў мясцовых жыхарах?


Памяркоўнасьць.


— А вы сваю будучыню зьвязваеце з Сыбірам ці зь Беларусьсю?


Дакладна не з Сыбірам. А як тут атрымаецца зь Беларусьсю, я яшчэ ня ведаю. Паглядзім. Яшчэ шмат часу.


— Дзе вы больш валодалі беларускай мовай?


У Сыбіры я заўсёды размаўляў па-беларуску з бацькам. Цяпер такой магчымасьці няма.


— Прыехаўшы ў Беларусь...


Беларускую мову я стаў ведаць горш.


У адрозьненьне ад сталіцы, дзе ёсьць беларускамоўнае студэнцкае кола, у Полацку з гэтым праблема. Таму для моўнай практыкі давядзецца лётаць у Сыбір.


За вёскай, абкружаная густым лесам, — сядзіба стацкага саветніка Аляксандра Рымскага-Корсакава, сваяка ўсясьветна вядомага кампазытара. Проста нейкім цудам сядзібны дом ацалеў у мінулую вайну. Хоць пэўны час у ім месьціліся савецкія партызаны. Якія, дарэчы, спалілі дом, але самі сьцены ўстоялі.



Вакол былой сядзібы пануе цішыня, выратавальны цень і водар кветак. Калі я азіраў дом, мяне аклікнула старая, якая жыве побач зь сядзібай. Былая настаўніца пачатковых клясаў Лідзія Паўлаўна ў свой час вучыла маленькага Сярожу Сокалава. Які яшчэ ня быў Воюшам.


— Тут вельмі было прыгожа. Фантаны былі. Вось тут фантан быў, там, дзе кветкі, там фантан быў. Кампазытар Рымскі-Корсакаў прыяжджаў сюды. Тут музыку пісаў, красата была.


А цяпер тут што?


— А цяпер тут бальніца сястрынскага прыходу. Тут старыя ляжаць. У каго няма прытулку.


Ня самае горшае месца.


— Ня самае горшае. Яны ж ляжаць прыкаваныя да пасьцелькі. Толькі чалавекі чатыры выходзяць. 23 чалавекі тут ляжыць.


Старыя, якія фізычна ня могуць памятаць былых гаспадароў маёнтку, распавядаюць байкі з упэўненасьцю відавочцаў. І нават ведаючы, што Мікалай Рымскі-Корсакаў ніколі тут ня быў і не напісаў тут ніводнай ноты, слухаючы старых, пачынаеш міжволі ўяўляць былую ідылію. З гукамі фантанаў і раяля.


— Цяпер усё тут зарастае бур’яном. Там працякае рачушачка маленькая, там мосьцік быў. І паня езьдзіла заўжды туды ў лес на прагулачку. Праз гэты мосьцік. Была харошая паня. Была добрая. Давала грошы рабочым. Ня крыўдзіла рабочых.


А вось рэальная гісторыя гэтых сьцен. Якую распавёў Рудакоў-старэйшы. 80-гадовы селянін Васіль Ульянавіч. Калі ад рук немцаў і глупства партызан магла загінуць цэлая вёска.



— Адзін у паліцыі быў і прывёў немцаў паліць дамы партызан. І вось запалілі чатыры дамы. А адзін, партызаны тады не ўцякалі далёка, у панскім доме быў. І ў бінокль убачыў, што ягоная хата гарыць. І ён з кулямёта адтуль. А немцы падпалілі чатыры дамы і ўжо ўхадзіць сабраліся. Тады вярнуліся і ўсе астатнія падпалілі. Толькі адзін пакінулі дом. Калі хоць аднаго немца, як людзі чулі, параняць ці заб’юць, усіх згоняць у гэты дом і спаляць. Не пацэліў ён ні ў каго. І гэты дом застаўся адзін, а астатнія дамы згарэлі. Гэта вёска Паметнікі.


У Бязьдзедавічах я адкрыў для сябе новае слова часоў калгаснай галадухі. Мне ўжо растлумачылі, што такое шайморы. Тут я даведаўся, што такое гірса. Пра яе мне распавёў стары весялун Мікалай Калтуноў. Але, распавядаючы пра сталінскія часіны, стары сам правёў аналёгію зь сёньняшнім часам.



— Цяжкае жыцьцё было. І траву елі, і гірсу елі. Што толькі ня елі.


А што такое гірса?


— А такое жыта ёсьць. А ў жыце гірса бывае. Пустыя каласы амаль. Калгасы нам давалі толькі такое. Грошай не давалі і калок голы станавілі.


А таварыша Сталіна людзі ўсё роўна любілі?


— Баяліся. Бо жорстка трымаў людзей. Некаторых пассылаў дарэмна. На Калыму. А пассылаў многа. І зь Бязьдзедавіч таксама. Там не разглядалі раней. Яны і цяпер, як суды гэтыя ідуць, бляха, судзяць нявінных людзей таксама.


А вы ведаеце пра гэта?


— Канечне.


Што судзяць нявінных...


— Канечне.


А вы адкуль ведаеце? БТ ж не паказвае гэта.


— Паказвае.


А, дык вы яшчэ і думаеце, што паказваюць? Разумееце?


— А як жа ж.


Бязьвінных судзяць, а Лукашэнка харошы.


— Лукашэнка тут, можна сказаць, ні пры чым. Гэта судзьдзі судзяць. А Лукашэнка пры чым тут? Судзьдзі добра не разьбяруцца, бляха. І судзяць нявінных людзей. Так яно і ёсьць.


Можа, гэта гучыць і наіўна, але ў нечым стары Мікалай мае рацыю. Не рызыкуюць нашы судзьдзі сваім жыцьцём, як іх калегі ў 30-я гады. І Лукашэнка асабіста ім не тэлефануе. Усё робяць самі.


Сусед Мікалая, бязьдзедавец Сяргей Казлоў мае незвычайны гарод. На ім ляжыць каменны крыж.



Са старажытнымі салярнымі знакамі. І пазьнейшым пахавальным надпісам. «Па рабе Божай Аксіньні, якая прадставілася ў року 1650-м». За чатыры гады да крывавага патопу. Стары Сяргей вельмі ганарыцца такім падарункам лёсу і лічыць яго абярэгам ад бед.



— Вось гарод наш, а вось суседа. Тут мяжа была. І ён са старажытных часоў стаяў тут. Тут калісьці дарога ішла, мосьцік быў. Тут сажалка была, дубы. Вунь яшчэ адзін дуб захаваўся. І крыж стаяў на скрыжаваньні.


А не спрабавалі яшчэ чаго шукаць на такім багатым гародзе?


— Хадзілі тут хлопцы зь мінашукальнікам. Пробку знойдуць ад гарэлкі ці віна, і яно сыгналіць. Многа жалязяк розных пазнаходзілі. Але талковага нічога.


Карацей, пачысьцілі гарод.


— Сельсавет прасіў узяць гэты крыж ды на бойкім месцы, каля магазына паставіць. Я кажу, нельга чапаць. Паколькі ён пастаўлены тут — хай тут і стаіць ва векі вякоў.



Асобных словаў заслугоўвае фамільная капліца Рымскіх-Корсакавых. Прыгожы храм вышынёй 25 мэтраў з бутавага каменя. Зь фігурнымі калёнамі. Бачны здалёк усім, хто едзе па полацкім бальшаку. Пра царкву размова зайшла са старой, амаль сьляпой Нінай Яўхімаўнай. Як гэта часта здараецца, сталічнага журналіста ў вёсцы ўспрымаюць як чалавека, які можа нешта перадаць Лукашэнку. Старая мяне сваёй просьбай і зьдзівіла, і ўзрадавала.


— А што яму сказаць?


Каб дапамог нам царкву аднавіць. Золата ўжо купілі на крыжы, а ўсё ніяк не адліюць.


— А што яшчэ? Паскардзіцца на што?


Не. Няма на што сварыцца.


— А пэнсію?


Гарод пакуль ёсьць. Мы не паміраем. Так што пэнсіі нам ня трэба. Павялічваць нам ня трэба пэнсію. А вось царкву — крайне трэба.


— А чаму вёска называецца Бязьдзедавічы?


Таму што безь дзядоў. Там тая вайна, там французы, там палякі. Там тыя, там сія. У нас мужыкоў зусім няма. Безь дзядоў пааставаліся.


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG