Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр беларусаў Іркуцку скардзіцца на адсутнасьць дапамогі з радзімы

  • БелаПАН

Беларуская дзяржава ня выдзеліла ні рубля на дзейнасьць Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага за ўсе 15 гадоў існаваньня арганізацыі, – заявіў старшыня арганізацыі Алег Рудакоў, які прыбыў у Магілёў з прыватным візытам.

"Консульскія установы занятыя прасоўваньнем беларускіх тавараў", — адзначыў ён.

Паводле слоў Рудакова, ён прапаноўваў кіраўніку аддзяленьня беларускага пасольства ў Краснаярску Рыгору Зубкевічу наладзіць сувязі па культурным абмене паміж іркуцкімі калектывамі дыяспары і калектывамі зь Беларусі. "Зубкевіч сказаў, што гэта немагчыма, таму што Беларусь — бедная краіна, няма грошай, няма магчымасьцей", — сказаў старшыня таварыства.

У той жа час, падкрэсьліў Рудакоў, польская і літоўская дыяспары маюць моцную падтрымку сваіх краін, хоць іх колькасьць у Іркуцкай вобласьці нашмат меншая, чым у беларускай, якая налічвае 16 тыс. чалавек.

Палякі, якіх у Іркуцку каля дзьвюх тысяч, могуць кожнае лета адпраўляць бясплатна сваіх дзяцей у Польшчу, музычныя гурты — на фэстывалі
"Палякі, якіх у Іркуцку каля дзьвюх тысяч, могуць кожнае лета адпраўляць бясплатна сваіх дзяцей у Польшчу, музычныя гурты — на фэстывалі. Больш за тое, калі яны праводзяць якое-небудзь мерапрыемства, то атрымліваюць грошы на гэта непасрэдна ад польскага консульства", — адзначыў Рудакоў.

Аналягічны падыход да сваёй дыяспары, як сьцьвярджае Рудакоў, мае і Літва. "Літоўцаў у нас дзесьці 700 чалавек. Ім прысылаюць настаўніка з Літвы, каб вучыў літоўскай мове, дапамагаюць ахвотным вярнуцца ў Літву, адаптавацца там. Таксама ў іх існуюць праграмы, якія дазваляюць актывістам літоўскага цэнтру ў Іркуцку бясплатна езьдзіць у Літву на зьезды, фэстывалі і г.д. У нас жа нічога падобнага няма", — скардзіцца кіраўнік таварыства.

Ён спадзяецца, што з прыходам на пасаду міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі сытуацыя зьменіцца. "Зьявілася нейкая кансультацыйная рада па дыяспары пры міністры культуры. Нас пачалі ўжо слухаць, пайшла размова", — сказаў прадстаўнік іркуцкіх беларусаў.

Цяперашняе абыякавае стаўленьне дзяржавы да дыяспары Рудакоў тлумачыць адсутнасьцю зацікаўленасьці ў беларускага кіраўніцтва адраджаць беларускую мову, традыцыі і культуру.

Паводле слоў кіраўніка Іркуцкага таварыства беларускай культуры, членамі арганізацыі зяўляюцца каля 1.000 чалавек, зь якіх прыкладна 400 жывуць у самім Іркуцку.

Першыя беларускія пасяленцы ў Сыбіры зявіліся ў выніку аграрнай рэформы пачатку ХХ стагодзьдзя, ініцыяванай прэм'ер-міністрам Расейскай імпэрыі Пятром Сталыпіным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG