Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцтва Пуціна будзе азначаць крызіс для Расеі


Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімер Пуцін
Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімер Пуцін
Калі ў прэзыдэнты будзе балятавацца Ўладзімер Пуцін, а ня Дзьмітры Мядзьведзеў, Расеі пагражае маштабны крызіс, уключна з абвалам эканомікі і ростам сацыяльнай напружанасьці, папярэдзілі дарадцы Крамля.

Аналітыкі з Інстытуту сучаснага разьвіцьця намалявалі змрочную карціну будучыні, якая чакае Расею ў тым выпадку, калі Пуцін вернецца ў Крэмль. Іх артыкул стаў самым адкрытым на цяперашні момант заклікам да прэзыдэнта Мядзьведзева выставіць сваю кандыдатуру на выбарах 2012 году.

Мядзьведзеў і Пуцін, які ў 2008 годзе пасьля двух тэрмінаў пакінуў прэзыдэнцкую пасаду, пакуль не абвясьцілі, хто зь іх пойдзе на сакавіцкія выбары, хоць пацьвердзілі, што адзін з адным яны змагацца ня будуць.

«Можна з упэўненасьцю выказаць здагадку, што сам факт адмовы цяперашняга прэзыдэнта ад працягу свайго функцыянаваньня выкліча буйнамаштабны крызіс у краіне», - пішуць кіраўнік Інстытуту сучаснага разьвіцьця Ігар Юргенс і член праўленьня інстытуту Яўген Гонтмахер у газэце «Ведамасьці».

Інстытут сучаснага разьвіцьця быў створаны Мядзьведзевым на пачатку яго прэзыдэнцкага тэрміну, каб кансультаваць прэзыдэнта ў пытаньнях эканамічнай палітыкі. Яго кіраўнікі лічацца ледзьве не самымі радыкальнымі ў расійскай эліце прыхільнікамі мядзьведзеўскай палітыкі мадэрнізацыі.

Калі Мядзьведзеў вырашыць не балятавацца, экспэрты прадказваюць рэзкае падзеньне расейскіх рынкаў і імклівае пагаршэньне двух ключавых для краіны праблем - адтоку капіталу і эміграцыі за мяжу.

Акрамя таго, пішуць яны, Расею можа чакаць рост сацыяльных праблем і правага экстрэмізму.

У адкрытую вінавацячы Пуціна ў кансэрватыўнасьці і аўтарытарызме, Юргенс і Гонтмахер сьцьвярджаюць, што расейскі прэм'ер-міністар «вядзе адкрытую палітычную агітацыю за працяг курсу на стабільнасьць». Слова «стабільнасьць», на іх думку, цяпер стала «сынонімам нават не застою, а відавочнай дэградацыі па ўсіх напрамках расійскага жыцьця».

«Для падобнага роду эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай катастрофы не абавязкова нават прамое вяртаньне Ўладзімера Пуціна ў прэзыдэнцкі кабінэт. Дастаткова вылучэньня нейкай трэцяй кандыдатуры ... з прэм'ерскай абоймы », - дадаюць яны.

Аналітыкі мяркуюць, што Мядзьведзеву неабходна перайсьці «свой асабісты Рубікон» і пераканаць грамадзтва "сумесна ўзяцца за нялёгкую справу выцягваньня краіны з таго балота, у якое мы ўсе разам патрапілі».

Іх артыкул выйшаў пасьля таго, як Мядзьведзеў, які апошнімі месяцамі яўна спрабаваў згладзіць ўражаньне аб тым, што ён разышоўся з Пуціным, прапусьціў некалькі ўдалых магчымасьцяў у адкрытую заявіць аб сваіх прэзыдэнцкіх амбіцыях, чым расчараваў некаторых са сваіх найбольш радыкальных прыхільнікаў, - піша Сьцюарт Уільямс з АФП.

Юргенс і Гонтмахер асабліва рэзка азваліся аб пляне Пуціна стварыць агульнарасейскі народны фронт, які, як спадзяецца кіруючая партыя «Адзіная Расія», павінен стаць масавай арганізацыяй, здольнай падтрымаць улады на сьнежаньскіх парлямэнцкіх і сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах.

Фронт раздае «сацыяльныя абяцаньні, якія не падмацаваныя ніякім эканамічным падмуркам», і ў цэлым відавочна нагадвае структуры камуністычнай Усходняй Нямеччыны, пішуць яны.

У аўторак Пуцін заявіў, што 23-24 верасьня пройдзе штогадовы зьезд «Адзінай Расеі». Цалкам верагодна, што менавіта на ім будзе ў выніку абвешчана, хто стане кандыдатам у прэзыдэнты.

Хто б з двух палітыкаў ні пайшоў на выбары, ён амаль напэўна пераможа, бо апазыцыя слабая, а дзяржаўныя СМІ безумоўна падтрымліваюць палітычны істэблішмэнт, - падсумоўвае Сьцюарт Уільямс з АФП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG