Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Класкоўскі наконт «маўклівых рэвалюцый»: Тут — крызіс жанру


Адміністратары групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» апублікавалі плян пратэсту на сераду, 20 ліпеня. Акцыя ў Менску вяртаецца на Кастрычніцкую плошчу. У гарадах краіны па-ранейшаму збор а 19-й гадзіне на цэнтральных плошчах. Такое рашэньне прынята па выніках абмеркаваньня ў сацыяльных сетках. Як да гэтага ставяцца палітыкі і палітолягі?

Аляксандар Класкоўскі
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі крытычна ставіцца да вяртаньня акцыі на Кастрычніцкую плошчу пасьля сэрыі экспэрымэнтаў з фарматам і сцэнарамі. На яго думку, зьмянілася сытуацыя, зьмяніўся кантэкст, прычым з боку як улады, так і саміх патэнцыйных удзельнікаў:

«Бо ўлада налаўчылася наўпрост расьцярушваць гэтыя пратэсты, прычым як грубыя, звыклыя тэхналёгіі выкарыстоўваючы — хапун, так і тонкія тэхналёгіі — і тролінг, і правакацыі ў сеціве, і фальшывыя ананімайзэры (інтэлектуальныя сілы ў гэтых ведамствах таксама падключыліся). Плюс усё ж такі незавершанасьць ідэі гэтай „маўклівай рэвалюцыі“: сабрацца на паўгадзінкі і потым разьбегчыся — так рэвалюцыі ўсё ж ня робяцца. Таму тут — крызіс жанру».

Аляксандар Мілінкевіч
Як грамадзянскую акцыю нязгодных і маўклівых ацэньваюць палітыкі і чаму не далучаюцца да яе? Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч кажа, што зь вялікай павагай ставіцца да любой формы пратэсту. І чым больш такіх акцыяў, тым лепш, бо нельга замыкацца толькі на палітычных апазыцыйных акцыях. Але, на яго думку, палітыкам ня варта, як ён выказаўся, «сядаць на каня і спрабаваць ачоліць гэтыя акцыі»:

«Яны грамадзкія, і нават самі арганізатары пра гэта ўвесь час кажуць. Яны не палітычныя пакуль што. Гэтыя акцыі — без начальнікаў і кіраўнікоў, якія наперадзе. Час прыйдзе, і, я думаю, усе паміж сабой змогуць скаардынавацца і змогуць рабіць іх супольна. Але вельмі добра, што такія магчымасьці і здольнасьці зьявіліся ў людзей ня надта палітычных».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама добра ставіцца да ініцыятывы моладзі, і кажа, што правільным было рашэньне, якое кожны зь лідэраў апазыцыйных партыяў і рухаў прымаў паасобку, ня раячыся з калегамі:

Аляксей Янукевіч
«Тое, што асобы, вядомыя ў дэмакратычным грамадзтве, не рабілі спробы актыўнічаць, каб гэтыя акцыі атаясамліваліся менавіта зь імі альбо зь іхнімі арганізацыямі, я лічу, было правільна. У вялікай ступені той посьпех ініцыятывы, ад якой ніхто нічога асабліва не чакаў, а якая вылілася ў тысячы людзей у Менску і рэгіёнах, якраз і быў зьвязаны з тым, што ніхто з агульнанацыянальных апазыцыйных лідэраў не спрабаваў нацягнуць гэтую коўдру на сябе».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што нават даволі брутальныя разгоны акцый не павінны палохаць актывістаў:

«Нават пасадка на некалькі сутак — я не лічу, што гэта велізарная трагедыя. Наадварот, перамога для чалавека, які раней ня ўдзельнічаў у акцыях. Ён адчувае, што за тое, што ён пляскае ў ладкі, яго могуць пасадзіць, за тое, што ён хоча пераменаў, таксама могуць пасадзіць. Проста колькасьць заангажаваных людзей у барацьбе за нармальнае жыцьцё будзе большая. Таму без такіх ахвяраў, як штраф ці пасадка на суткі, таксама ня будзе свабоды».

На думку лідэра партыі БНФ Аляксея Янукевіча, мінулая серада паказала, што актыўнасьць пайшла на спад, і таму зараз варта зрабіць перапынак, узяць паўзу да восені.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі не падзяляе асаблівага аптымізму нават з улікам частых зьменаў фармату і сцэнароў:

«На сёньняшнім этапе, мне здаецца, гэты пратэст збольшага перамалолі. Ён будзе доўжыцца ў выглядзе нейкай фронды, але новы падмацунак можа атрымаць толькі ў тым выпадку, калі пачнуцца масавыя сацыяльныя хваляваньні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG