Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў сэрвісе «Вконтакте» вырашыла наступную акцыю «маўклівага пратэсту» ў сераду 20 ліпеня праводзіць на Кастрычніцкай плошчы Менску і галоўных плошчах іншых гарадоў Беларусі.

Адзін з адміністратараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслаў Дзіянаў запэўнівае, што ў сераду, нягледзячы на скептыцызм некаторых расчараваных палітолягаў і паліттэхнолягаў, акцыя адбудзецца:

«Людзі хочуць дзейнічаць. Нам дасылаюць у дзень больш за 200 паведамленьняў з рознымі прапановамі і ідэямі — стараемся ўсім адказаць. Зразумела, усе гэтыя ідэі мы вывучаем. І будзем старацца праводзіць акцыі ня толькі па серадах, але і паміж гэтымі днямі. Яны будуць лякальнага ўзроўню, але яны будуць. Магчыма, гэта будуць графіці, улёткі…».

У тым, што трэба мяняць фармат, але ня так, як гэта робяць зараз арганізатары, няма ніякага сумневу ў Андрэя Кіма, які сам раней арганізоўваў флэшмобы і акцыі:

«У любым выпадку, калі неяк зьмяніць нешта вонкава, яны ня вырашаць адной праблемы — што ўлада ў гэтым пабачыла небясьпеку і ўзялася максымальна „мачыць“, што называецца. То бок зараз усе гэтыя выступленьні будуць максымальна жорстка разганяцца. Гэта для застрашваньня, каб людзі не выходзілі. І зараз трэба прыдумаць, якім чынам зьбірацца так, каб не арыштавалі. Збор на Кастрычніцкай плошчы — гэта няўдалы варыянт. Трэба знайсьці або месца, або нейкі фармат, пры якім разганяць будзе або немагчыма, або нявыгадна, або небясьпечна. І гэта досыць сур’ёзнае пытаньне».
Трэба знайсьці або месца, або нейкі фармат, пры якім разганяць будзе або немагчыма, або нявыгадна, або небясьпечна.

Адміністратары групы правялі апытаньне, які фармат і месца збору найбольш прымальныя для акцыі 20 ліпеня. 37% апытаных выказаліся за Кастрычніцкую плошчу. Шпацыраваць зноў па праспэкце Незалежнасьці прапануюць 19%, за Прывакзальную плошчу — 9%, за Нацыянальную бібліятэку, гарадзкія паркі — па 6%. Вячаслаў Дзіянаў падводзіць вынікі апытаньня:

«Зараз мы вяртаемся да старога фармату — гэта Кастрычніцкая плошча і галоўныя плошчы гарадоў краіны. Маўклівая акцыя пратэсту. Так пішуць нам карыстальнікі — маўляў, ня трэба расьцярушваць свае сілы па розных кропках, трэба зьбірацца ў цэнтры».

Карэспандэнтка: «А калі яна будзе зноў загарадкамі агароджаная, як было два ці тры разы запар?»

«Тады будзе таксама, як і мінулым разам, альтэрнатыўнае месца збору. У аўторак мы распаўсюдзім прэс-рэліз».

А форумы па-ранейшаму віруюць. Ёсьць прапанова ладзіць акцыі на рынку ў Ждановічах — маўляў, вельмі шмат народу — і гандляроў, і пакупнікоў, а аўтазакі туды прыкаціць даволі праблематычна. Адзін з карыстальнікаў піша: «Ёсьць месца, дзе вас ня будуць чапаць ні пры якіх абставінах — гэта нядзельная служба ў касьцёле альбо царкве… Гэта адкрыты легальны сход, і забараніць яго немагчыма нават пры Лукашэнку…». Прапануюць праводзіць флэшмобы: на 5 хвілін, да прыкладу, замерці ў позе чалавека, які пляскае ў ладкі.

Мяркуецца, што канчатковы плян правядзеньня акцыі 20 ліпеня будзе агучаны ў аўторак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG