Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Дзейка: "Пытаньне захаваньня незалежнасьці актуальнае і праз 20 гадоў"


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Лявон Іванавіч Дзейка — адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён належаў да парлямэнцкай апазыцыі Вярхоўнага савету 12 скліканьня, а ў 1991 годзе ўвайшоў у склад Часовай камісіі Вярхоўнага Савету па ацэнцы дзеяньняў членаў ГКЧП і грамадзка-палітычных утварэньняў, органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, службовых асобаў і грамадзянаў, якія іх падтрымалі.

Лявон Дзейка быў удзельнікам шматлікіх гістарычных падзеяў таго часу, і ягоная памяць захоўвае іх найдрабнейшыя дэталі.

Лявон Дзейка: "Наколькі я ведаю, сьляды Вярхоўнага Савету 12—13 скліканьня практычна губляюцца. Гэты пэрыяд у гісторыі краіны і ў біяграфіі яе дзеючага кіраўніка — нешта такое, што не павінна агалошвацца. Многія і памятаюць, і ведаюць, і не забудуць, але час ідзе. І вось ужо 20 гадоў прайшло, і ўжо падрастае маладое пакаленьне, якое ня ведае, напрыклад, што гэта за балаган адбываўся пад Лёзна — так званы "стрэл пад Лёзна" і таму падобнае".

(Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году кандыдат Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоны аўтамабіль быў абстраляны невядомымі пад горадам Лёзна. Расьсьледаваньне ў гэтай справе не дало вынікаў. — Рэд.)

Надзвычайную ролю Лявона Дзейкі ў захаваньні ўнікальных памятак найноўшай гісторыі адзначае Алег Трусаў: "Лявон Дзейка — гэта крыштальна сумленны чалавек. У сваёй сумленнасьці нагадваў нечым аскета ці манаха-бэнэдыктынца. Дбаў толькі пра выбарцаў, ніколі пра сябе ня дбаў. Выконваў усе нашыя справы і быў нашым летапісцам: зьбіраў усе дакумэнты, матэрыялы. У яго і дагэтуль архіў багаты".


"Незалежнасьць Беларусі — гэта якраз тое, да чаго людзі заўжды цягнуліся"


Калі аглядаеш жыцьцёвыя лёсы людзей, якія ў 1991 годзе прывялі Беларусь да незалежнасьці, робяцца відавочнымі тыя агульныя гістарычныя каардынаты, што вызначылі іх сьвядомасьць:

Лявон Дзейка: "Вырас я ў сям’і настаўнікаў: бацька — матэматык, маці — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Бацьку майго ўсе людзі, якія яго ведалі, заўсёды лічылі вельмі прынцыповым, сумленным, цьвёрдым чалавекам. Прычым такім, пра каго прынята было казаць — "сапраўдны камуніст". У адрозьненьне ад некаторых "сапраўдных камуністаў", мой бацька яшчэ быў прынцыповым " антытаталітарыстам". Ён вельмі не любіў усё, што зьвязана з "культам асобы", Сталіным. Ён гэтага на дух не выносіў. Прычым паходзіў бацька з самай звычайнай сялянскай сям’і.

Бацька Іван Дзянісавіч, брат Віктар, сястра Ніна, я, маці Галіна Адамаўна. Вёска Янавічы Клецкага раёну

І гэта ўва мне адбілася — з часу Дваццатага зьезду, "хрушчоўскага", у мяне стала складвацца нейкае непрыманьне "сталіншчыны", культу асобы, як гэта тады называлася".

Варта зазначыць, што немалую ролю ў фармаваньні незалежніцкай сьвядомасьці адыгралі і тыя праявы беларускага нацыянальнага супраціву, якія савецкая ідэалёгія старанна прыхоўвала, замоўчвала і ня менш старанна д'ябалізавала:

Лявон Дзейка: "На мяне вялікі ўплыў зрабіў адзін настаўнік з Клецку, Дарафей Максімавіч Чорны, які ўжо пайшоў з жыцьця. Ён быў настаўнік геаграфіі, стварыў у нашай школе краязнаўчы музэй. Гэта чалавек няпростага лёсу: маладым хлопцам падчас акупацыі ён быў актыўным сябрам Саюзу беларускай моладзі. Пасьля вызваленьня ў 1944 годзе яго забралі ў войска, і ён яшчэ пасьпеў паваяваць ва Ўсходняй Прусіі. З баявымі ўзнагародамі вярнуўся адтуль. Але па сваім духу ён заўсёды заставаўся асьветнікам беларускага патрыятызму, чалавекам павагі да беларускай гісторыі, беларускай культуры. Яго роля ў маім станаўленьні вельмі вялікая. Ён вельмі шмат чаго памятаў з даваеннага, ваеннага жыцьця менавіта канкрэтных людзей у гэтым невялічкім горадзе Клецку.

5-B клас Клецкай сярэдняй школы, 1961 год, чацьверты зьлева ў ніжнім радзе

Іншыя людзі былі, якія за свой удзел у СБМ пацярпелі, былі рэпрэсаваныя. Калі ўжо пачынаеш задумвацца, дык аказваецца, што незалежнасьць Беларусі — гэта якраз тое, да чаго людзі заўжды цягнуліся, калі б былі да гэтага магчымасьці. Гэта ж ня іх віна, што такія магчымасьці зьявіліся толькі ў пэўны гістарычны час".

Выпускнікі МРТІ падчас працы на касмадроме Байканур. Зьлева направа: Вячаслаў Фрэнкель, Лявон Дзейка, Пятро Кавалёў, Леў Марголін. Восень 1973 г.

"У людзей на плошчы было адчуваньне ня проста нейкага сьвята, якое прыйдзе і сыдзе. Гэта была нейкая мяжа, якую мы пераступілі…"


Гэтыя гістарычныя магчымасьці зьявілася якраз у пакаленьня Лявона Дзейкі — у жніўні 1991 году. Вось як прыгадвае ён пра 19 жніўня 1991 году, калі ў Маскве адбыўся путч.

Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня 1995 г. У парку імя Янкі Купалы


Лявон Дзейка: "У шэсьць гадзін быў перададзены па радыё так званы зварот савецкага кіраўніцтва. Я тады якраз быў дома ў Клецку, але чамусьці вось па радыётрансьляцыі якраз пачуў гэта. Сабраўся і першым рэйсавым аўтобусам адправіўся ў Мінск. Недзе а палове на дванаццатую ўжо быў у пакоі нумар 369 Дома ўраду — гэта рабочы пакой, выдзелены для апазыцыі. Там ужо было шмат маіх калегаў. Праца кіпела, распрацоўваўся тэкст звароту да беларускага народу, які недзе пасьля абеду быў дапрацаваны, падпісаны і накіраваны ў сродкі масавай інфармацыі.

Цікавая дэталь: памятаю, што як толькі ішоў з вакзала па вуліцы Кірава ў бок Вярхоўнага Савету, убачыў там свайго калегу — дэпутата зь Менску Валянціна Голубева, які ў адзіночку на вялікім такім стэндзе, дзе афішы, расклейваў уласнаручна зробленыя лістоўкі з заклікам не паддавацца паніцы, што гэта дзеяньні незаконныя, што сам ГКЧП незаконны і што Рэспубліка Беларусь застаецца незалежнай краінай. Мне чамусьці гэты факт добра запомніўся.

На другім беразе ракі Дэтройт. Горад Віндзар, графства Эсэкс, правінцыя Антарыё, Канада. Галіна Сямдзянава, Сяргей Антончык, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка. Верасень 1994 г.

Даволі шумна адбывалася само пасяджэньне прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, дзе ставілася пытаньне аб неабходнасьці скліканьня надзвычайнай сэсіі ВС. Наколькі я памятаю, тагачаснае кіраўніцтва ВС у асобе Мікалая Дземянцея ня схільнае было да гэтага, але ж большасьць членаў прэзыдыюму ўсё ж такі здолелі настаяць, каб гэтая сэсія была прызначаная на суботу, 24 жніўня. Падзеі ў Беларусі былі шчыльна зьвязаныя з разьвіцьцём падзей у Маскве. Бо ўжо ў аўторак стала зразумела, што афёра ГКЧП правальваецца — дзякуючы актыўнай дзейнасьці тагачаснага кіраўніцтва Вярхоўнага Савету РФ на чале з Барысам Ельцыным, а таксама вялікаму грамадзкаму пратэсту супраць намераў тагачаснай хунты ўзурпаваць уладу. І недзе ў сераду ўжо стала зразумела, што путч праваліўся.

Зварот да старшыні Вярхоўнага Савету ў залі пасяджэньняў. Ля мікрафона № 2 дэпутат Генадзь Карпенка

А надзвычайная сэсія нашага Вярхоўнага Савету — пятая ў агульным парадку — пачалася ў суботу. Практычна ўвесь першы дзень сэсіі — і пленарнага пасяджэньня, і працы ў камісіях і ў кулюарах — быў зьведзены да аднаго пытаньня: зьмены кіраўніцтва Вярхоўнага Савету, якое фактычна ў асобе Мікалая Іванавіча Дземянцея выступіла ў падтрымку ГКЧП. Гэта было, наколькі я памятаю, няпроста. Шмат людзей ужо было на плошчы і ў першы дзень сэсіі, і ў другі. І, наколькі я помню, недзе "зьверху"была Дземянцею дадзеная ўстаноўка трымацца да апошняга. Але большасьць Вярхоўнага Савету зразумела, што трэба Дземянцея адправіць у адстаўку, каб нейкім чынам прыстойна выглядаць перад тагачасным пераможцам у схватцы з хунтай — Барысам Ельцыным. І ўрэшце недзе ў другой палове дня Дземянцей выступіў з прамовай перад ВС — такой крышку эмацыйнай, але тым ня менш ён заявіў, што сыходзіць у адстаўку, пакідае пасаду старшыні ВС. Пастанова аб яго адстаўцы была прынятая.

Падчас зьезду БНФ. Дом літаратараў. Зьлева направа: Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі. 1995 г.

Але больш за ўсё я запомніў завяршэньне гэтых падзей, калі 25 жніўня была абвешчаная ўжо юрыдычная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь — Дэклярацыі аб незалежнасьці быў нададзены статус дзяржаўнага закону. Было цёплае надвор’е, ужо не такія доўгія вечары, праца сэсіі завяршалася, калі ўжо было цёмна на двары.

На плошчы было многа людзей. І я сам адчуваў, і ў гэтых тысяч людзей было адчуваньне ня проста нейкага сьвята, якое прыйдзе і сыдзе. Гэта была нейкая мяжа, якую мы пераступілі. Было ўражаньне нейкай лёгкасьці: нарэшце збылося тое, чаго так хацелася ўсе гэтыя апошнія гады, уключаючы і год дзейнасьці Вярхоўнага Савету 12 скліканьня.

Група дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў Дэтройце, штат Мічыган. Зьлева направа: Мікола Мацкевіч, Барыс Гюнтэр, Галіна Сямдзянава, Сяргей Антончык, Аляксандар Паруль, Лявон Дзейка. Верасень 1994 г.

Потым ужо, восеньню, адбылася наступная шостая сэсія. Там ужо была зьмененая і назва краіны, была зацьверджаная новая дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня". Але асноўнае было зроблена менавіта на пятай сэсіі ВС.

"…Шушкевіча жыцьцё вымушала шукаць увесь час пагадненьня — "згоды", як ён любіў казаць — з намэнклятурнай большасьцю, якая яго ня вельмі і прызнавала…"


Потым месца кіраўніка ВС заняў Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч — які быў, апроч усяго іншага, вядомы дзейнасьцю ў ВС СССР, сваімі сяброўскімі адносінамі зь Ельцыным, ну і, безумоўна, чалавек, які ў каардынатах таго часу быў дэмакратам. І, мне здаецца, абраны ён мог быць толькі ў такой сытуацыі, якая была ў тыя дні. Яго самога жыцьцё вымушала шукаць увесь час пагадненьня — "згоды", як ён любіў казаць — з намэнклятурнай большасьцю, якая яго ня вельмі і прызнавала, а прызнавала толькі таму, што вымушаныя былі ў пэўных умовах яго абраць.

І канчатковае дасягненьне Рэспублікай Беларусь поўнага сувэрэнітэту — ратыфікацыя ў сьнежні белавескіх пагадненьняў аб дэнансацыі саюзнай дамовы, аб фактычным спыненьні існаваньня СССР. Я добра памятаю, што менавіта тады Рэспубліку Беларусь пачалі прызнаваць замежныя краіны. Першай, як заўсёды, была Турцыя.

Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі)


На вялікі жаль, сталі немагчымымі тыя падзеі, якія маглі б адбыцца ў 1992 годзе, калі БНФ у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам сабраў каля 450 тысяч подпісаў выбарцаў Беларусі аб правядзеньні рэфэрэндуму аб датэрміновым роспуску ВС 12 скліканьня і аб прызначэньні новых выбараў. Прычым мелася на ўвазе, што гэтыя выбары ўжо павінны былі адбывацца па партыйных сьпісах.

Вярхоўны Савет гэтае пытаньне пад рознымі падставамі адмаўляўся разглядаць, шукаў усялякія зачэпкі, абы толькі гэтае рашэньне не прымаць. Большасьць дэпутатаў разумела, што ў тых умовах новыя выбары асабіста ім ніякай пэрспэктывы не паказваюць. Але, на мой погляд, гэта быў бы далейшы крок наперад: гэта быў бы ўжо новы орган, які б адпавядаў умовам сувэрэннай дзяржавы, калі ў краіне спынілася кіруючая роля камуністычнай партыі. Гэтае пытаньне было пасьпяхова заваленае, заблякаванае. І ў гэтым кірунку спрацаваў тагачасны старшыня ВС. І далей пайшоў пэрыяд паступовага, ня вельмі бурнага намэнклятурнага рэваншу. Тады ўжо ўсё больш і больш станавіўся вядомы людзям народны дэпутат Аляксандар Лукашэнка зь яго палымянымі выкрывальніцкімі прамовамі, калі ён з такім вось патасам граміў усіх за злоўжываньні, за крадзеж, за тое, што "яны" адкажуць перад народам і так далей".

Анатоль Вярцінскі, які ў пэрыяд з 1990 па 1995 год быў намесьнікам старшыні сталай Камісіі па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, сябрам Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР, з асаблівай цеплынёю згадвае дэпутацкую дзейнасьць Лявона Дзейкі:

"Згадваючы асобных сваіх калег па Вярхоўным Савеце, з самым цёплым пачуцьцём успамінаю дэпутата ад Клецкай выбарчай акругі Лявона Дзейку. Вонкава сьціплы, стрыманы, някідкі да мікрафоннай, прамоўніцкай славы, ён быў і ў залі пасяджэньняў, і па-за ёй адданы нашай беларускай справе. Прычым адданы прынцыпова, ідэйна, сутнасна — ня вонкава, а менавіта сутнасна. Пра што сьведчыць ужо тое, як Лявон Дзейка працаваў у сталых камісіях Вярхоўнага Савету — гэта галоўныя рабочыя органы заканадаўчыя. Ён як інжынер-электронік па прафэсіі мог бы паводзіць сябе як нэўтральны тэхнакрат альбо як палітычна не заангажаваны спэцыяліст. А ён запісаўся ў камісію Ніла Гілевіча — камісію па адукацыі і культуры".

Здымак на дэпутацкія дакумэнты перад пачаткам першай сэсіі Вярхоўнага Савету. Зроблены 14 траўня 1990 г.

На магіле Максіма Багдановіча ў Ялце. Жнівень 1993 г.

Алег Трусаў адмыслова адзначае ўдзел Лявона Дзейкі ў галадоўцы 11—12 красавіка 1995 году. Галадоўку абвясьцілі дэпутаты ў знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам "рэфэрэндуму" аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сымбаляў — гербу "Пагоня" і бел-чырвона-белага сьцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет.

Фатаздымкаў той галадоўкі захаваліся адзінкі, і не на ўсіх ёсьць Лявон Дзейка — таму што менавіта ён аўтар гэтых здымкаў.

Лявон Дзейка: "Каб жа я ведаў, што гэта будзе такім чынам усё схаванае, я б прыйшоў з плёнкамі. Таму што за час нашай галадоўкі можна было шмат чаго нафатаграфаваць. І ня толькі ў самы крытычны момант — ноччу, калі ўжо адбылася сілавая дэпартацыя дэпутатаў з залі пасяджэньняў. Але і тады, як заходзілі розныя прадстаўнікі сілавых структураў, вядомыя і невядомыя. Адным з кіраўнікоў, як я разумею, быў тагачасны кіраўнік службы бясьпекі Каралёў. Ён найактыўнейшую ролю адыгрываў там, вельмі брава выглядаў — у камуфляжнай форме, бэрэце. І ягоны намесьнік Юры Бародзіч.

"Узяліся за рукі, калі ўся гэтая зондэркаманда раптам уляцела ў залю праз усе дзьверы. Гэта, канечне, уражаньне такое — у мяне да гэтай пары ў галаве стаіць"


Былі там нават нашыя калегі — той жа самы Эдуард Цесавец, палкоўнік міліцыі. Потым зьявіліся на гаўбцы залі пасяджэньняў апэратары гэтых падразьдзяленьняў, якія ўсё гэта здымалі. Я так думаў, што гэта ўсё недзе ж захаваецца. А потым аказалася, што ўсё гэта калі недзе і захавалася, то глыбока ў нейкіх сэйфах. Тое, што пра гэта пасьля гаварылі, і тое, што там насамрэч было, гэта абсалютна супрацьлеглыя рэчы".

Радыё Свабода: "Спадар Лявон, а што вам усё ж удалося зьняць?".

Леанід Дзейка: "Я помню, што некалькі фатаздымкаў я зрабіў, але ня ўсе яны былі ва ўдалым ракурсе. Ужо калі ноччу стала зразумела, што ўсё фае Вярхоўнага Савету запоўненае войскамі і спэцназам і што тут рыхтуецца акцыя, то мы тады ўсе селі па левым крыле, побач адзін з адным. Нас 19 чалавек было. Узяліся за рукі, калі ўся гэтая зондэркаманда раптам уляцела ў залю праз усе дзьверы. Гэта, канечне, уражаньне такое — у мяне да гэтай пары ў галаве стаіць. Калі ўжыць сучасныя параўнаньні, то гэта як аварыя на Саяна-Шушанскай ГЭС. Але ня з пункту гледжаньня страху, а менавіта нечаканасьці, таму што ну колькі нас там людзей было і навошта трэба было гэта?!. Гэтага, вядома, я ўжо не фатаграфаваў.

Праўда некаторыя кіраўнікі іхныя потым пакаяліся. Пакаяліся і папрасілі прабачэньня, але гэта лічаныя асобы".

Радыё Свабода: "А што вам адмыслова запомнілася?".

Лявон Дзейка: "Я добра памятаю, як мяне валаклі, заламаўшы рукі, а на лесьвіцы стаяў намесьнік старшыні КДБ Валеры Кез. Ён такі мужчына невысокі, у палітоне — і капелюшом прыкрываў твар. Прычым бачна было па ўсім, што ён прыкрывае твар не для таго, каб яго не пазналі, а ён дэманстраваў — "паглядзіце, я прыкрываюся, таму што мне ня вельмі ёмка, і я да гэтага ня маю ніякага дачыненьня". Чамусьці мне інстынктыўна сытуацыя так запомнілася. Ён потым, дарэчы, праз СМІ ўжо значна пазьней пакаяўся ў гэтым.

Вядома, маглі б быць унікальныя здымкі, але... Я сваіх, з кім там быў, усіх ведаю. А тая поскудзь, якая ўсё гэта рабіла, хай іх сотні, ня вельмі яны мяне і цікавяць. А іх там былі сотні".

Радыё Свабода: "Якую ролю гэтая падзея адыграла ў дзейнасьці ВС?".

Лявон Дзейка: "Можна лічыць, што галадоўка фактычна і была апошняя падзея ў жыцьці і існаваньні дэпутацкай апазыцыі і апазыцыі Народнага Фронту. Таму што спыненая яна была сілавымі спосабамі, у Вярхоўны Савет былі ўведзеныя войскі, супраць дэпутатаў непасрэдна ў будынку быў ужыты гвалт. А парлямэнт, у які ўводзяцца войскі, перастае быць парлямэнтам".

Сустрэча Новага 1998 году ў офісе БСДП (НГ). Крайні справа Г.С.Таразевіч

Радыё Свабода: "А што цяпер адбываецца ў парлямэнце, па вашых назіраньнях?".

Лявон Дзейка: "Я ўспамінаю ВС 12 скліканьня — гэта быў працуючы орган, таму што сэсіі тады ішлі, бывала, месяцамі і нават паміж сэсіямі актыўна працавалі камісіі ВС. Калі зараз зрэдку БТ пакажа залю пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, гэта вонкава нават не падобна. У нас заўсёды сэсіі адбываліся жыва, у парадку рэчаў былі рэплікі зь месцаў, абмен думкамі з сэктару ў сэктар. А тут жа нешта такое, нават ня скажаш, што гэта "соннае царства". Вось людзей прывялі, пасадзілі і сказалі нешта чэхаўскае: "Пава, изобрази". Вось яны і выяўляюць зь сябе нейкі заканадаўчы орган.

Зь унучатай пляменьніцай Надзеяй, 2008 г.

Вось гэта мяне больш за ўсё трывожыць — прайшло 20 гадоў, як юрыдычна была зафіксаваная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, а гэтае пытаньне застаецца актуальным і дагэтуль: як яе захаваць?".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG