Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заступіўся за дзяўчыну — страціў працу


Раман Чуяшкоў
Раман Чуяшкоў
Раман Чуяшкоў з Гомеля — першы ў абласным цэнтры малады чалавек, які з-за народнай акцыі "маўклівага" пратэсту страціў працу. Раману — 23 гады, апошнія тры зь іх ён працаваў пажарнікам у Жлобінскім аддзеле Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Раман займаўся барацьбой, ён майстар спорту па дзюдо.

У чэрвеньскі дзень, калі ў Гомелі на плошчы Леніна ладзілася "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", Раман быў вольны ад службы. Ён гуляў зь дзяўчынай у цэнтры гораду:

"Сустрэлі знаёмага, пагутарылі, даведаліся, што адбываецца. Тут выйшаў міліцыянт з рупарам, папрасіў пакінуць плошчу. Мы падпарадкаваліся, адышлі ў бок рэстарацыі "Эўропа". Там супрацоўнікі спэцназу сталі, так бы мовіць, інтэнсіўна дапамагаць людзям пакінуць плошчу, размахваць рукамі. Адзін зь іх штурхнуў маю дзяўчыну. Я за яе заступіўся, зрабіў заўвагу. За гэта мяне спэцназаўцы схапілі пад рукі й завялі ў аўтобус".

Раман кажа, што ня мог спакойна глядзець на паводзіны міліцыянтаў спэцыяльнага прызначэньня:

Няўжо пагоны яму дазваляюць беззаконьне чыніць?

"Мяне гэта зачапіла: чаго супрацоўнік міліцыі пачынае такое вытвараць? Якое права на гэта мае? Няўжо пагоны яму дазваляюць беззаконьне чыніць?".

У Цэнтральным аддзеле міліцыі Рамана, які і іншых затрыманых, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве й супраціве міліцыі. Але паколькі спадар Чуяшкоў і сам службовец, сьледчыя паведамілі пра затрыманага пажарніка ў абласную ўправу надзвычайных сытуацыяў:

"Мяне завезьлі ў цэнтар апэратыўнага кіраваньня ў Гомельскай вобласьці. Там адбылася гутарка з начальнікамі — як я зразумеў, быў там і па ідэалягічнай працы таварыш з нашай структуры. Ну, а пасьля прыехалі й мае непасрэдныя начальнікі са Жлобіна. Прывезьлі мне ўжо адразу дакумэнты, працоўную кніжку, і да 23-й гадзіны я ўжо быў беспрацоўны".

Пажарніка прымусілі напісаць заяву на звальненьне:

"У мяне была ўмова: альбо я сам звальняюся, альбо яны мяне звальняюць паводле артыкула, каб не ствараць лішніх праблем ні сабе, ні начальству.
Маё звальненьне я лічу неправамерным.

Выбару больш не было. У кантракце на службу ёсьць пункт, што забаронена ўдзельнічаць у мітынгах і акцыях. Але справа ў тым, што я ня ўдзельнічаў у мітынгах і акцыях. Не даказаны мой удзел. Маё звальненьне я лічу неправамерным".

Раман не зьбіраецца судзіцца, бо напісаў заяву на звальненьне хоць і пад прымусам, але ўласнаручна. Аднак ён зьвярнуўся ў Жлобінскі аддзел МНС з заявай, каб яму выплацілі сярэдні заробак за два наступныя тыдні пасьля пазбаўленьня працы. Звольніць Рамана звольнілі, а разьлік не зрабілі.

Выратавальніка, па сутнасьці, прымушаюць да пратэстных дзеяньняў:

"Трэба ўсім разам паказаць уладам, што людзі гатовыя пастаяць за сябе і што ўлада ня мае рацыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG