Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 прадстаўнікоў розных мэдыяў былі затрыманыя падчас учорашняй акцыі пратэсту ў Беларусі. На пасьведчаньні міліцыянты не зважалі. У карэспандэнтаў канфіскоўвалі касэты, выдалялі здымкі, іх адвозілі ў міліцэйскія пастарункі, некаторых зьбівалі. Сярод затрыманых на ўчорашняй маўклівай акцыі ў Менску былі і два карэспандэнта Свабоды Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі.

У сьпісе пацярпелых ад сілавікоў — апэратар маскоўскага бюро брытанскай мэдыякарпарацыі «Бі-бі-сі» Максім Ламакін, карэспандэнтка газэты «Вечерний Гродно» Паліна Жураўлёва, супрацоўнікі баранавіцкай газэты «Intex-press» Людміла Пракопава і Зьміцер Макарэвіч, журналістка інтэрнэт-рэсурсу «Салідарнасьць» Алена Якжык ды іншыя.

Кожны зь іх меў пры сабе журналісцкае пасьведчаньне. Аднак гэта не спыняла сілавікоў. Больш за тое, «для высьвятленьня асобы» яны везьлі ў міліцыю нават тых журналістаў, якіх самі даўно і добра ведаюць. Так здарылася, напрыклад, з рэдактарам газэты «Префект-инфо», якая выдаецца ў Глыбокім, — Зьмітром Лупачам:

«Пасьведчаньне ў мяне было пры сабе — рэдактара газэты „Префект-инфо“. Дый горад наш адносна невялікі. Тут, можна сказаць, амаль кожны ведае кожнага ў твар. Дый той міліцыянт, які мяне забіраў, з суседняй вёскі. І ён мяне цудоўна ведае. Як, дарэчы, з той жа вёскі і той міліцыянт, што кіраваў затрыманьнем удзельнікаў маўклівай акцыі».

Выдаленьне журналістаў зь месца правядзеньня акцыі, іх ізаляцыя — новая тактыка міліцыянтаў, кажа намесьнік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
Мэтанакіраванае паляваньне на журналістаў сьведчыць пра тое, што ўлады дамагаюцца, каб да грамадзтва даходзіла як мага менш інфармацыі.

«Мне здаецца, мэтанакіраванае паляваньне на журналістаў сьведчыць пра тое, што ўлады дамагаюцца, каб да грамадзтва даходзіла як мага менш інфармацыі, у тым ліку і пра дзеяньні сілавых структур».

Андрэй Бастунец заявіў, што БАЖ прыкладае намаганьні, каб сустрэцца асабіста зь міністрам унутраных спраў Беларусі Анатолем Куляшовым і абмеркаваць, чаму міліцыянты затрымліваюць карэспандэнтаў:

«Гэта незаконная практыка. Больш за тое, у некаторых рэгіёнах журналістаў затрымлівалі. І яны правялі ноч у пастарунку».

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на пытаньне «Свабоды», як міністэрства будзе рэагаваць на парушэньні правоў акрэдытаваных замежных журналістаў, адказаў, што не мае «пляцоўкі для такой размовы, паколькі ніхто з замежных журналістаў, акрэдытаваных у Беларусі, са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў МЗС не зьвяртаўся».

Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Генэральнай пракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў сёньня сказаў «Свабодзе», што ён ня ведае выпадкаў, каб хтосьці з журналістаў зьвярнуўся са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў у Генэральную пракуратуру. «Магчыма, дзесьці ў рэгіёнах і было такое. Аднак непасрэдна ў Генпракуратуру ніхто з журналістаў не зьвяртаўся», сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG