Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дало Беларусі сяброўства ў Мытным саюзе?


З 1 ліпеня Мытны саюз уступае ў новы этап свайго існаваньня. Ці спраўдзіліся надзеі беларускага кіраўніцтва на гэтую арганізацыю? Ці атрымала Беларусь танныя энэргарэсурсы? Якія сацыяльныя наступствы пераходу на новае мыта на аўтамабілі з 1 ліпеня?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак і прафэсар Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба
Тацьцяна Манёнак
Валер Карбалевіч

Ці спраўдзіліся надзеі на Мытны саюз?


Валер Карбалевіч: «Калі ствараўся Мытны саюз, Беларусь да яго далучалася, афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі вельмі аптымістычна ацэньвалі яго пэрспэктывы. Казалі, што перад беларускай прамысловасьцю адкрываецца вялізарны рынак. Што з гэтай прычыны ў Беларусь пацякуць замежныя інвэстыцыі і інш. Ці спраўдзіліся надзеі беларускага кіраўніцтва на гэтую арганізацыю?».

Тацьцяна Манёнак: «Мытны саюз пачаў працаваць з 1 студзеня 2010 г. У ліпені мінулага году быў падпісаны Мытны кодэкс. Зь верасьня пачалі дзяліць імпартнае мыта. Наперадзе якасна значнейшы этап — стварэньне Адзінай эканамічнай прасторы, ён павінен пачацца з 1 студзеня 2012 г. Таму падводзіць вынікі вельмі рана. Дарэчы, Мытны саюз падпісаны на прынцыпах Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Беларусь даволі жорстка таргавалася за лепшыя ўмовы для сябе ў гэтым Мытным саюзе. Але ўступленьню Беларусі ў гэты саюз не было альтэрнатывы. Бо Расейская Фэдэрацыя пагражала ўвесьці мыта на нафту.

Тэарэтычна, сапраўды складаецца вялікі рынак. З 1 ліпеня адменены мытны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі, што таксама крок наперад для інвэстараў. Але беларускі валютны крызіс перакрэсьліў тыя спрыяльныя ўмовы, якія даў Мытны саюз.

У 2009 годзе таваразварот Беларусі з Расеяй і Казахстанам склаў 7 млрд даляраў, а ў 2010 годзе — ужо 10 млрд даляраў. Ён вырас на 46%. А зь іншымі краінамі рост таваразвароту дасягнуў толькі 5%. Зразумела, гэта часткова тлумачыцца ростам цэнаў на нафту. Але гэта стымулявала рост попыту на беларускую прадукцыю ў Расеі».

Барыс Жаліба: «Мытны саюз не паспрыяў росту экспарту ў краіны-сябры саюзу і павелічэньню валютнай выручкі. Мытны саюз не прадухіліў валютны крызіс. З пачатку году ад экспарту Беларусь атрымала 16,9 млрд даляраў, у тым ліку ад Расеі — 5,8 млрд даляраў. З краін Эўразьвязу даходаў ад экспарту больш.
Гандаль у межах Мытнага саюзу ўскладніў замежнагандлёвы балянс Беларусі, што вылілася ў валютны крызіс.

У той жа час за імпарт мы заплацілі 17,7 млрд даляраў, у тым ліку Расеі — амаль 10 млрд. Такім чынам, гандаль у межах Мытнага саюзу ўскладніў замежнагандлёвы балянс Беларусі, што вылілася ў валютны крызіс.

Сытуацыю маглі б выправіць замежныя інвэстыцыі. Але іх няма, у тым ліку з РФ таксама няма. З пачатку году паступіла толькі 700 млн. даляраў пры пляне 6,4 млрд.

Ці атрымала Беларусь танныя энэргарэсурсы?


Карбалевіч: «Калі ствараўся Мытны саюз, то беларускае кіраўніцтва разьлічвала, што ў яго рамках Беларусь будзе атрымліваць танныя энэргарэсурсы з Расеі. Гэта была галоўная матывацыя ўступленьня ў гэтую арганізацыю. Ці спраўдзіліся гэтыя пляны?».

Манёнак: «Сапраўды, найперш Беларусь хацела атрымаць нафту і нафтапрадукты з РФ бяз мыта. І Расея пайшла насустрач. Было адменена мыта на нафтапрадукты, у выніку чаго іх імпарт у Беларусь з РФ павялічыўся ў 5,8 раза ў параўнаньні зь мінулым годам.

Было падпісана добрае пагадненьне і па нафце. Але расейскія суб’екты гаспадараньня адкарэктавалі яго. У выніку Беларусь павінна плаціць прэмію за нафту. І яна зьмяншае прыбытак Беларусі ад бязмытных паставак нафты ўдвая.

Акрамя таго, сёлета Беларусь атрымала магчымасьць экспартаваць уласную нафту. Гэта прыбаўка ў бюджэт 500–600 млн даляраў. Але Расея стрымлівае пастаўкі ў Беларусь альтэрнатыўнай нафты. Паводле пагадненьня, чым больш Беларусь увязе расейскай нафты, тым менш тая будзе каштаваць.
Калі б беларуская эканоміка была сучаснай, эфэктыўнай, падрыхтаванай да інтэграцыі ў сусьветную эканоміку, то тады можна было б казаць пра альтэрнатыву Мытнаму саюзу.

Украіна мае шэсьць НПЗ, а нафтапрадукты імпартуе зь Беларусі. Менавіта дзякуючы таму, што Беларусь атрымлівае танную нафту з Расеі, яна стала надзвычай буйным экспартэрам нафтапрадуктаў. А гэтыя ільготы Расея дае таму, што Беларусь уступіла ў Мытны саюз.

Цяпер пра газ. У другім квартале Беларусь атрымлівае расейскі газ коштам 245 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў. Для Ўкраіны адпаведная лічба складае 297 даляраў. Беларусь ня плаціць мыта за газ. У межах Адзінай эканамічнай прасторы Расея абяцала зьнізіць кошт газу для Беларусі. Сябры Мытнага саюзу дамовіліся да 2015 году перайсьці на роўнадаходныя цэны на газ. Вось віцэ-прэм’ер Сямашка заявіў, што да канца году Беларусь будзе плаціць 300 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў. Гэты кошт для Беларусі непад’ёмны.

Калі б беларуская эканоміка была сучаснай, эфэктыўнай, падрыхтаванай да інтэграцыі ў сусьветную эканоміку, то тады можна было б казаць пра альтэрнатыву Мытнаму саюзу».

Жаліба: «У мяне іншае меркаваньне. Расея і да стварэньня Мытнага саюзу пастаўляла Беларусі танныя нафту і газ. І бяз Мытнага саюзу яна пастаўляла б энэргарэсурсы па такіх жа цэнах.

Вось Расея замест мыта ўвяла прэмію на нафту. І Мытны саюз гэтаму не перашкодзіў. У выніку нашыя два НПЗ працуюць са стратамі. Таму ніякага выйгрышу ад Мытнага саюзу мы ня маем».

Манёнак: «Праблема Беларусі — у неэфэктыўнай эканоміцы. Напрыклад, страты НПЗ ад продажу нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку».

Новае мыта на аўтамабілі з 1 ліпеня


Карбалевіч: «Яшчэ адно нэгатыўнае наступства ўступленьня Беларусі ў Мытны саюз — гэта павышэньне з 1 ліпеня мыта на аўтамабілі ў некалькі разоў. Гэта ўдар па шараговых грамадзянах. Ці варта было прыносіць гэтую ахвяру?».

Манёнак: «Беларусы падрыхтаваліся да такой ахвяры, загадзя закупілі іншамаркі. Быў час, каб нават зрабіць бізнэс на гэтым. Гэта кампраміс. Беларускі бок узамен за гэтую ахвяру вытаргаваў сабе спрыяльныя ўмовы па іншых пазыцыях».

Жаліба: «Сацыяльныя наступствы гэтага адмоўныя. Гэтыя ахвяры ня вартыя. Ня трэба было ўступаць у Мытны саюз. Адзіным вынікам уступленьня Беларусі ў Мытны саюз для шараговых грамадзян стаў валютны крызіс і рост мыта на іншамаркі з 1 ліпеня ў чатыры разы. Ужываны аўтамабіль цяпер будзе каштаваць столькі, колькі ўчора каштаваў новы.

Кажуць, што беларусам трэба чарка, скварка і іншамарка. Цяпер гэты слоган можна скарачаць, іншамаркі хутка ня будзе. А гледзячы па цэнах, хутка ня будзе і скваркі. Застаецца чарка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG