Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Пачобут атрымала зьдзеклівую ананімку


Аксана Пачобут

Аксана Пачобут

Аксана Пачобут — жонка журналіста Андрэя Пачобута, які сядзіць за кратамі, чакаючы заканчэньня суду, — знайшла ў паштовай скрынцы зьдзеклівы ліст на расейскай мове, падпісаны словамі «беларускія патрыёты». На канвэрце напісаны адрас, вуліца і дом існуюць, але ў ім менш кватэраў, чым лічба пазначанай кватэры 122, кажа Аксана.

Тэкст зроблены ў форме віншаваньня «з Днём незалежнасьці РБ», сказала Аксана Пачобут і зачытала па тэлефоне тэкст: «Паважаная Аксана Георгіеўна, віншуем вас з Днём незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Выказваем вам словы падтрымкі ў гэты цяжкі час, ваш муж зьяўляецца для нас непараўнальным прыкладам барацьбіта за ідэю, які, не зважаючы на жонку і малалетніх дзяцей, сьвядома ішоў да канца за эфэмернае „шчасьце“ стаць сымбалем і ўзьнесьціся ў вачах вузкага кола польскіх палітычных дылетантаў. Жадаем вам у гэтае сьвята і наступныя дні працягваць заставацца такой жа ініцыятыўнай і прадпрымальнай, дасягнуць фінансавага дабрабыту, а таксама не застацца забытай сябрамі і паплечнікамі вашага мужа. Шчасьця, любові і ўдачы вам на новым попрышчы».

Суд над журналістам працягнецца 5 ліпеня ў Ленінскім раённым судзе Горадні. Андрэй Пачобут зьяўляецца карэспандэнтам польскай «Газэты выборчай». У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з «Газэты выборчай» і дзьве з інтэрнэту — зь «Беларускага партызана» і «Жывога часопіса». Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 368 (частка І) «абраза», і 367 (частка І) «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта. Пракурор запатрабаваў зьняволіць Андрэя Пачобута на тры гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG