Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Пачобут, каб убачыць мужа, залезла на плот


Сёньня ў Горадні, калі адбываўся закрыты працэс над журналістам Андрэем Пачобутам, затрымалі ягоную калегу па Саюзе палякаў Рэнату Дземянчук. Многія з тых, хто знаходзіўся ля суду, вырашылі паглядзець, што зь ёю. Усё адбывалася ў падворку за будынкам дзяржстраху, куды выходзіць таксама будынак Ленінскага суду.

Жонка журналіста Аксана таксама накіравалася туды: «Прыйшла інфармацыя, што затрымалі калегу Андрэя, людзі пайшлі даведацца, што зь ёю здарылася. Я вырашыла ў натоўпе падысьці паглядзець, час падыходзіў: Андрэя павінны былі вывесьці з будынка суду. Міліцыянты не хацелі мяне прапускаць. Але ўсё-ткі мне ўдалося прайсьці».

Аднак зусім не адразу. Аксана Пачобут сказала, што хоча ўбачыць мужа, але міліцыянты яе не пускалі. У адчаі яна паспрабавала абмінуць іхняе ачапленьне і ўзьлезьці спачатку на жалезную агароджу. Міліцыянт палез наверх за ёю, стараўся ёй усяляк перашкодзіць.

Вось што расказала Аксана Пачобут пасьля здарэньня:

«Мне цудам удалося ўбачыць мужа. Паколькі я не сыходзіла з тэрыторыі суседняга ад суду будынка дзяржстраху. Стаяла настолькі зручна, што ўдалося мне ўбачыць, як яго саджалі ў машыну. Не, ён мяне ня бачыў, бо я ня клікала яго, не крычала. Ён выходзіў сьпінай да мяне, потым ішоў бокам. Я бачыла ягоны профіль, дастаткова мне было, што я бачу, што зь ім усё нармальна, і не хацелася нейкіх далейшых бурных сцэнаў. Што здарылася б, каб я пачала крычаць і клікаць яго?».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG