Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША працягнулі санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі


ЗША падоўжылі на год санкцыі ў дачыненьні да некаторых прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, уведзеныя 16 чэрвеня 2006 году прэзыдэнтам Джорджам Бушам-малодшым.

Летам 2006 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш распарадзіўся заблякаваць уласнасьць і актывы дзесяці прадстаўнікоў уладаў Беларусі. У сьпіс патрапілі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, ягоны старэйшы сын Віктар, які займае пасаду дарадцы прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, тагачасная намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, тагачасны старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, экс-старшыня КДБ, а цяпер амбасадар у Армэніі Сьцяпан Сухарэнка, былы дзяржсакратар Рады бясьпекі, кіраўнік беларуска-вэнэсуэльскай камісіі Віктар Шэйман, экс-камандзір брыгады спэцназу Дзьмітрый Паўлічэнка, экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, які зьехаў у Расею, а таксама старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Дакумэнт забараняе беларускім чыноўнікам, а таксама іх сямейнікам валодаць у ЗША ўласнасьцю і весьці ў гэтай краіне фінансавыя апэрацыі. Амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць зьдзелкі са згаданымі людзьмі зь Беларусі.

Гл.таксама:

Беларусь пад санкцыямі

“Чорны сьпіс” Абамы аб'ядноўвае асобаў, а не пасады


Тэрмін дзеяньня распараджэньня – 1 год. Пасьля чэрвеня 2007 году прэзыдэнт Буш працягваў тэрмін дзеяньня санкцыяў двойчы, прэзыдэнт Абама – таксама двойчы, ў 2009 і 2010 гадах.

"Дзеяньні і палітыка, якую праводзяць некаторыя прадстаўнікі ўладаў Беларусі, усё яшчэ ўяўляюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША. У сувязі з гэтым дзеяньне абмежаваньняў і санкцый (у адносінах да Беларусі)... павінна працягнуцца пасьля 16 чэрвеня 2011 году... Паводле дзейнага заканадаўства, я працягваю санкцыі на адзін год", -- гаворыцца ў лісьце, які прэзыдэнт Абама накіраваў сёньня кангрэсу ЗША.

Абама адзначыў, што падзеі апошніх месяцаў у Беларусі дэманструюць адкат гэтай краіны ў руху да дэмакратыі.

"Падзеі, якія адбыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году -- гвалт у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, перасьлед і турэмнае зьняволеньне кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама перасьлед незалежных СМІ і праваабаронцаў - дэманструюць, што ўлады Беларусі робяць крокі, якія адкідаюць назад разьвіцьцё дэмакратыі і захаваньне правоў чалавека ў Беларусі ", - падкрэсьліў Абама.
XS
SM
MD
LG