Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чорны сьпіс” Абамы аб'ядноўвае асобаў, а не пасады


Барак Абама

Барак Абама

Як пастанавіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама, прынамсі на год падоўжаныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу іншых кіраўнікоў Беларусі. Санкцыі, ініцыяваныя колішнім прэзыдэнтам Джорджам Бушам у чэрвені 2006 году, прадугледжваюць арышт на тэрыторыі ЗША ўласнасьці і рахункаў асобаў, якія трапілі ў «чорны сьпіс».

МЗС Беларусі прапанавала Вашынгтону адысьці ад гэтай пазыцыі, якую яно назвала «стэрэатыпамі канфрантацыйнага мысьленьня» і прапанавала пачаць працу «па расчыстцы завалаў у двухбаковых адносінах».

Чатыры гады таму тагачасны прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў указ аб фінансавых санкцыях у дачыненьні да 10 беларускіх чыноўнікаў уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, адказных за «падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэньне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю».

У сьпіс, апроч Лукашэнкі, увайшлі ягоны старэйшы сын Віктар, які займае пасаду дарадцы па нацыянальнай бясьпецы, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, экс-старшыня КДБ, а цяпер амбасадар у Армэніі Сьцяпан Сухарэнка, былы дзяржсакратар Рады бясьпекі, кіраўнік беларуска-вэнэсуэльскай камісіі Віктар Шэйман, экс-камандзір брыгады спэцназу Дзьмітрый Паўлічэнка, экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, які зьехаў у Расею, а таксама старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Дакумэнт забараняе беларускім чыноўнікам, а таксама іх сямейнікам валодаць у ЗША ўласнасьцю і весьці ў гэтай краіне фінансавыя апэрацыі. Амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць зьдзелкі са згаданымі людзьмі зь Беларусі.

Пры ўважлівым разглядзе сьпісу высьвятляецца, што многія чыноўнікі, якія фігуруюць у ім, ужо былі перасунутыя па гарызанталі ўлады і ня маюць у маштабах дзяржавы ранейшага ўплыву. Аднак палітоляг Ігар Лялькоў кажа, што Вашынгтон больш клапоцяць не пасады, а канкрэтныя асобы, якія маюць дачыненьне да сумнеўных учынкаў:

Ігар Лялькоў
"Гэтыя людзі абвешчаныя неўязнымі на тэрыторыю Злучаных Штатаў не дзеля званьняў, а дзеля тых учынкаў, якія яны рабілі. Таму, у прынцыпе, тут не пытаньне пасадаў, а праблема канкрэтных асобаў, і ЗША менавіта гэта дэкляруюць. Я думаю, гэты сьпіс можа пашырацца за кошт тых чыноўнікаў, якія зробяць нейкія дзеяньні ў будучыні: уключэньне ў гэты сьпіс пэрсонаў, якія ўчынілі нешта, што Вашынгтон лічыць несумяшчальным са знаходжаньнем на іх тэрыторыі — гэта абсалютна лягічна ў дадзеным кантэксьце. То бок — бяз тэрміну даўнасьці. Яшчэ раз падкрэсьлю: тут ня справа пасадаў, а справа асобаў. Таму ўсё цалкам відавочна«.

У дакумэнце, падрыхтаваным у Белым доме, у прыватнасьці, адзначаецца: нягледзячы на няспынныя намаганьні Злучаных Штатаў, накіраваныя на правядзеньне далейшых рэформаў у галіне дэмакратыі, захаваньня правоў чалавека і вяршэнства закону, у Беларусі застаюцца сур’ёзныя праблемы.

Аднак МЗС Беларусі лічыць падобныя захады контрапрадуктыўнымі. Прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных назваў іх «надуманымі» і «адарванымі ад рэальнага жыцьця»: «Падаўжэньне безвыніковых, але канфрантацыйных па сваёй сутнасьці інструмэнтаў сьведчыць пра адсутнасьць у ЗША палітычнай гатоўнасьці і волі да разьвіцьця ўзаемадзеяньня ў інтарэсах міру і супрацоўніцтва».

Прозьвішча Аляксандра Зімоўскага фігуруе ў «чорным сьпісе» Абамы. Цікаўлюся, ці пачытаў ужо кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі пра сябе ў інтэрнэце? Балазе, сёньня гэтая навіна ў сеціве — пад першым нумарам:
Як чатыры гады таму, так і зараз мяне гэта не хвалюе …

«Ну чаму толькі пра мяне? Пра ўсіх, пра Беларусь… Як вам сказаць? Як чатыры гады таму, так і зараз мяне гэта не хвалюе. Я з 2000 году ня быў у Злучаных Штатах. Быў там адзін раз, калі ААН ладзіла саміт — Міленіюм, уваходзіў у склад дэлегацыі… Увогуле, я так зразумеў: прагрэс у Беларусі, зь іхнага гледзішча, недастатковы — нягледзячы на тое, што ў 2008 годзе былі пэўныя амністыі, як яны пішуць. Але ж гэтага недастаткова. Ну, гэта пункт гледжаньня амэрыканскага боку, я не магу спрачацца ці камэнтаваць, калі яны настойваюць на такой пазыцыі. Таксама нічога ня ведаю, што там з маёмасьцю, з рахункамі арыштаванымі, заблякаванымі актывамі і г.д. Ня ў курсе нават, знайшлі яны ці не, каб штосьці ўвогуле замарозіць…»

Карэспандэнт: «То бок асабіста вашага нічога не «замарозілі»?

Аляксандар Зімоўскі
«Можа, і замарозілі, але ж я пра гэта нічога ня ведаю… (Сьмяецца.) Дый бог зь ім, каб былі санкцыі толькі супраць канкрэтных асобаў. Горш будзе, калі санкцыі працягнуць супраць беларускіх прадпрыемстваў, вось гэта будзе вельмі непрыемна. А тое, што нехта Аляксандар Зімоўскі ці іншыя дзесьці „замарожаныя“ — дык перажывем…»

На словах у Беларусі апошнім часам абвешчаная лібэралізацыя, а ня так даўно Аляксандар Лукашэнка асабіста прымаў вялікую групу амэрыканскіх бізнэсоўцаў, якім абяцаў усялякія прэфэрэнцыі ў выпадку інвэставаньня ў беларускую эканоміку. Палітоляг Ігар Лялькоў выказвае сваё меркаваньне адносна таго, чаму «беларуская лібэралізацыя» не заўважная за акіянам:

«Ёсьць як мінімум дзьве прычыны. Першая — чыста бюракратычная: гэтыя сьпісы складаюцца на пэўны час, пасьля чаго альбо касуюцца, альбо працягваюцца. І думаю, што проста якраз такі тэрмін падышоў. А па-другое, амэрыканцы не адзін раз казалі, што праблема ў двухбаковых адносінах — гэта праблема амэрыканскай амбасады ў Менску, якая дагэтуль ня вырашаная. Таму амэрыканскі бок не зьвяртае ўвагі на нейкія слоўныя дэклярацыі, а толькі на справу. А рэальна ў кірунку лібэралізацыі зроблена, мякка кажучы, ня так шмат у Беларусі за апошні час. Прынамсі, дыпляматычнае пытаньне так і застаецца нявырашаным».



Адразу пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі ў сакавіку 2006 году адміністрацыя Джорджа Буша падтрымала ініцыятыву Эўразьвязу, забараніўшы ўезд на сваю тэрыторыю для 30 высокапастаўленых асобаў, уключна з наноў абраным прэзыдэнтам Лукашэнкам. У адказ на гэта Лукашэнка загадаў адпаведным структурам «блякаваць усе беларускія актывы» Буша-малодшага і дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райз. Пры канцы 2007-га ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім» у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Пасьля таго, як на пачатку 2008 году ўлады адмовіліся вызваліць апошняга з шасьці палітзьняволеных — экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, зь Менску і Вашынгтону былі адкліканыя амбасадары кожнай з краінаў. Абодва дыппрадстаўніцтвы дагэтуль працуюць у мінімальным складзе.


Падрабязна пра санкцыі можна пачытаць ТУТ

XS
SM
MD
LG