Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Аляксеева: Краіна, у якой ёсьць палітзьняволеныя, ня можа лічыцца дэмакратычнай


Людміла Аляксеева на «Маршы нязгодных» у Маскве, 2009 год
Людміла Аляксеева на «Маршы нязгодных» у Маскве, 2009 год
Старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы, сябра Рады пры прэзыдэнце Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Людміла Аляксеева занепакоеная наяўнасьцю ў Беларусі палітзьняволеных, ціскам на адвакатаў і СМІ, высылкай зь Беларусі расейскіх і ўкраінскіх праваабаронцаў.

Вядомая расейская праваабаронца Людміла Аляксеева ўжо два дні знаходзіцца ў Беларусі. Сёньня яна прызналася журналістам:

«Калі я ехала сюды, то нікому ня толькі з журналістаў, наагул нікому не казала, што я сюды еду, таму што я не была ўпэўненая, што мне ня скажуць: вяртайся тым жа цягніком назад».

А перастрахоўвалася Людміла Аляксеева пасьля таго, як беларускія ўлады цалкам беспадстаўна выслалі з краіны 10 прадстаўнікоў Міжнароднай назіральнай місіі: трох украінцаў і сямёх расейцаў. Людміла Аляксеева ўважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі:

«Я ня мела магчымасьці прысутнічаць на гэтых судах, але выкарыстоўвала ўсе магчымасьці, каб за гэтымі працэсамі сачыць. І, далібог, у ніводным выпадку не знайшла падставы для такой важнай і сур’ёзнай санкцыі, як пазбаўленьне чалавека волі».

У сераду Людміла Аляксеева сустрэлася з роднымі і блізкімі палітвязьняў і была вельмі ўзрушаная:

«Паверце мне, вельмі прыстойныя жанчыны, якія выклікаюць бясконцае спачуваньне, як і тыя, каго яны мусяць чакаць са зьняволеньня. У мяне нават слоў няма, каб выказаць сваё спачуваньне гэтым жанчынам, і як я хачу, каб тэрміны, на якія яны настроіліся чакаць, выявіліся меншымі і як мага хутчэй зьняволеных вызвалілі».
Такое глупства — працэс над журналістам за паклёп на прэзыдэнта закрыты! Якая там можа быць таямніца?

Вялікую занепакоенасьць у вядомай расейскай праваабаронцы Людмілы Аляксеевай выклікае ціск на беларускія незалежныя СМІ — «Народную волю» і «Нашу ніву» — і на журналістаў. Тое, што працэс над карэспандэнтам польскай «Газэты выборчай» Андрэем Пачобутам улады вырашылі зрабіць закрытым, Людміла Аляксеева пракамэнтавала так:

«Такое глупства — працэс над журналістам за паклёп на прэзыдэнта закрыты! Якая там можа быць таямніца? Відаць, улады разумеюць, што перасьлед журналістаў ня будзе падтрыманы грамадзкай думкай. І менавіта таму робяць працэс закрытым, каб пакінуць людзей без інфармацыі і не выклікаць лішняга для ўладаў абурэньня».

Беларускіх палітзьняволеных Людміла Аляксеева назвала самымі сапраўднымі вязьнямі сумленьня. На яе думку, увесь цывілізаваны сьвет павінен зьвярнуць увагу на Беларусь:

«Краіна, у якой ёсьць палітзьняволеныя, нават ня 40, а адзін альбо два чалавекі, ужо ня можа лічыцца дэмакратычнай дзяржавай і павінна знаходзіцца пад асабліва пільнай і трывожнай увагай усіх цывілізаваных краінаў. Таму што палітзьняволеныя — гэта беспамылковая прыкмета таго, што ў краіне з правамі чалавека дрэнна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG