Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Л.Аляксеева: "Лукашэнка яшчэ не сядзіць 40 гадоў. Але цяпер гісторыя рухаецца хутчэй"


Людміла Аляксеева

Людміла Аляксеева

У Менск прыехала легендарная праваабаронца, адна з арганізатараў і цяперашняя старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева. Сёньня ў яе было некалькі сустрэчаў зь беларускімі праваабаронцамі і моладзьдзю. У сераду яна дасьць прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Але Радыё Свабода ўдалося высьветліць меркаваньні вядомай расейскай праваабаронцы наконт сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Моладзь, выпускнікі і слухачы Школы правоў чалавека пры Беларускім Хэльсынскім камітэце глядзелі на Людмілу Аляксееву як на жывую легенду. Яна аказалася з добрым пачуцьцём гумару:

Аляксеева: "Я – першакрыніца. Першакрыніца ў жывым выглядзе... У яшчэ жывым выглядзе. О... Журналісты працуюць, часу не губляюць".

Але журналістам арганізатары сустрэчы пытаньні задаваць даволі доўгі час не дазвалялі – Людміла Аляксеева размаўляла са студэнтамі. Распавяла пра пра дзень нараджэньня праваабарончага руху: калі 5 сьнежня 1965 году, у дзень Канстытуцыі моладзь выйшла на Пушкінскую плошчу з патрабаваньнем выконваць Асноўны Закон і правесьці адкрыты суд над пісьменьнікамі Андрэем Сіняўскім і Юліем Даніэлем. Дарэчы, адкрытага суду тады дамагліся. А ў Беларусі праз 46 гадоў 14 чэрвеня будзе закрыты судовы працэс над гарадзенскім журналістам Андрэем Пачобутам. Меркаваньне Людмілы Аляксеевай:

"Гэта, канечне, незаконна. Супраць гэтага трэба пратэставаць, але як-небудзь так – гэта ўжо я не як праваабаронца, а як бабуля кажу – каб наступны працэс ня быў над вамі. Супраць закрытасьці судоў пратэставаць трэба. Адсутнасьць галоснасьці – гэта першая заваёва аўтарытарызму альбо нават таталітарызму".

Праваабарончы рух – нэўтральны рух, перш за ўсё не палітычны, а маральны:

"Нягвалтам, як гэта ні парадаксальна гучыць, дамагчыся можна большага, чым гвалтам. Іншая справа, што павольней. Самы, канечне, неверагодны вынік – у свой час вызваленьне Індыі ад ангельскага каляніяльнага прыгнёту. Негвалтоўна. Але выходзіла шмат людзей. Шляхам зла не відаць дабра. Гвалт на гвалт спараджае гвалт".

На пытаньне, як спадарыня Аляксеева ацэньвае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, яна адказала вельмі коратка – дрэнна. Але абнадзеіла:

"На жаль, у вас няма масавасьці. Гэта зьяўляецца зь цягам часу. Мубарак таксама 40 гадоў сядзеў, толькі пасьля гэтага зьявілася масавасьць. Ваш Лукашэнка яшчэ не сядзіць 40 гадоў... Але зараз гісторыя рухаецца хутчэй. Глядзіш, і вам не спатрэбіцца чакаць яшчэ 23 гады. Раней ўсё адбудзецца".

На пытаньне Радыё Свабода, наколькі маральна зараз Захаду гандлявацца з афіцыйнымі беларускімі ўладамі ў справе вызваленьня чатырох дзясяткаў фігурантаў справы 19 сьнежня, Людміла Аляксеева адказала так:

"А чаму не? Калі Захад зможа ў гэтым дапамагчы, трэба сказаць "дзякуй". У 1979 годзе прэзыдэнт ЗША Картэр дамовіўся, і з савецкіх лягераў вызвалілі 5 палітычных, у тым ліку і сябру Маскоўскай Хэльсынскай групы Аляксандра Гінзбурга. У сьнежні 1986 году Савецкі Саюз, таксама як і зараз Лукашэнка, быў у вельмі цяжкім эканамічным становішчы. Яму важная была падтрымка Захаду. І пад ціскам Захаду цягам 1987 году 3 тысячы чалавек былі вызваленыя".

Калі прынцыповыя пытаньні – выкананьне Канстытуцыі, выбары, мітынгі – вельмі важна дзейнічаць выключна прававымі мэтадамі. А што тычыцца лёсу канкрэтных людзей – тут магчымыя любыя шляхі толькі б чалавек выйшаў на свабоду, лічыць праваабаронца Людміла Аляксеева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG